Цэнтральны матч адбыўся ў Барысаве, дзе сустракаліся першая і другая каманды чэмпіянату — БАТЭ і МТЗ‑РІПА. Відаць, у барысаўцаў не хапіла сілаў на другі запар матч з моцным супернікам. Нагадаем, што ў суботу БАТЭ ў напружанай барацьбе перамог «Шахцёр» 4:3. Аднак такой буйнай паразы ад барысаўцаў ніхто не чакаў — 0:3. Галы на рахунку Афанасьева, Вячаслава Глеба і Маміча.
Жодзінскае «Тарпэда», якое нечакана для многіх знаходзіцца ў стане лідэраў, чарговы раз пацьвердзіла гэты статус. У Жодзіне «аўтазаводцы» перамаглі «Гомель» 2:1. За тры хвіліны да сканчэньня матчу вырашальны гол забіў Гарбаненка.
Пасьля шэрагу няўдач, нарэшце рэабілітаваўся «Шахцёр». Салігорцы перамаглі «Смургоні» 2:0.
Аўтсайдэр першынства «Менск» выйграваў 2:0 у сталічнага «Дынама», аднак перавагу ня змог захаваць — 2:2.
Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Віцебск» — «Нафтан» 1:2, «Дняпро» — «Нёман» 1:3, «Дынама» (Берасьце) — «Дарыда» 2:1.
Турнірная табліца пасьля дзясятага туру выглядае наступным чынам:
БАТЭ — 24 пункты, МТЗ‑РІПА — 20, «Тарпэда» — 19, «Нёман» — 17, «Гомель», «Шахцёр» — па 15, «Смургоні» — 13, «Дынама» (Менск), «Дынама» (Берасьце) — па 12, «Нафтан» — 10, «Дняпро», «Віцебск» — па 9, «Дарыда» — 8, «Менск» — 7.
Найлепшы бамбардзір Генадзь Блізьнюк (БАТЭ) — 11 галоў.