Ніякага супрацоўніцтва з рэжымам

Дыскусія, якая аднавілася на старонках “НН” з падачы сп.Дубаўца, набывае ўсё новыя, часам дзіўныя формы. Хоць у палемічным запале ня варта забывацца на тыя прынцыпы, зь якімі дыскутанты ідуць у бойку.

Вось шаноўны сп.Сідарэвіч адстойвае базавыя прынцыпы дэмакратыі, адным зь якіх ёсьць павага да правоў меншасьцяў. (“Што ж гэта за дэмакратыя такая “голая”, што правоў меншасьці не прызнае?”) А ў пастскрыптуме да свайго артыкула аўтар робіць інвэктыву на адрас “разумных маладых людзей”, якія наракаюць на апазыцыю, пазіраючы на Бацькаўшчыну “зь Вільні, Варшавы, Бэрліна, Прагі, Масквы…” Трэба разумець так, што гэтым “маладым людзям” на Бацькаўшчыну пляваць, а таму ім ня тое што адраджэньне Беларусі нельга даверыць, але нават і ў дыскусіях удзельнічаць ня варта. Вось вам і права меншасьці...

Ну, добра. Можа, нехта нешта тут ня так зразумеў. Але ж шаноўны сп.Дынько ў сваім камэнтары “Ад рэдакцыі”, сярод іншага, выстаўляе такі аргумэнт у спрэчцы: “Назіраць зь Вільні – ня тое самае, што назіраць з Масквы ці Варшавы. Бязь Вільні цяжка ўявіць сабе Беларусь (нацыю, а не дзяржаву)”.

Значыць, “пазіраць” з Прагі, Варшавы, ці Масквы ня можна, а зь Вільні – калі ласка! Праўда, не згаданыя яшчэ Кліўлэнд зь Нью-Ёркам ці Лёндан з Парыжам, дзе ёсьць беларуская дыяспара. Можа, таму, што тады давялося б згадваць і Прагу, безь якой цяжка ўявіць сабе гісторыю Рады БНР, а значыць, Беларусі (і нацыі, і дзяржавы). Тое ў мінулым, скажаце? А што, сучасная Вільня ідэнтычная Вільні пачатку мінулага стагодзьдзя?

Як на мой погляд, дык сэнс дыскусіі – у тым выглядзе, які яна набыла апошнім часам, – найбольш ляканічна выказаў аўтар аднаго ліста ў “НН”. Ягонае меркаваньне зьмешчанае на апошняй старонцы газэты, у рубрыцы “Ідэі”(!): “Ну што, уроды, прафукалі краіну на сэмінарах па правах чалавека?!”

Цяжка адразу сказаць, чаго тут больш – крыўды за краіну ці звычайнай зайздрасьці да сябручка, які на адным ці двух такіх сэмінарах за мяжой пабываў? Трэба прызнаць, што большасьць наведнікаў гэтых ды іншых сэмінараў сапраўды “прафукалі” магчымасьць хоць чаму-небудзь навучыцца. Напрыклад, асновам тых самых правоў чалавека. Інакш не давялося б кожнага разу наступаць на адны і тыя ж граблі і набіваць новыя гузакі.

Цяжка сказаць таксама, чаго больш у гэткіх “дыскусіях” – за Радзіму любімую жаху або нясьцерпнага жаданьня як мага больш балюча ўдарыць апанэнта, “паставіць на месца”. Такія норавы, хутчэй, пасуюць насельнікам “зоны”…

Дарэчы, наконт прапановаў супрацоўніцтва з рэжымам. Вы калі-небудзь чулі пра вязьняў, якія супрацоўнічалі зь лягерным начальствам? Правільна, былі такія – “капо”.

Можа, шаноўнае спадарства проста перагрэлася сёлета на ласкавым беларускім сонейку? Што ж, тады пачакаем. Надыходзіць восень – пара сталеньня.

Віталь Тарас,
Прага


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0