“Тамбовский демократ”

Кажуць, недзяржаўныя СМІ ў Беларусі перажываюць крызыс. Закрываюцца газэты — штук пяць за лета. Толькі крызыс ня ў гэтым. На зьмену закрытым ці адабраным прыходзяць новыя — штук дзесяць. Толькі новыя выданьні амаль спрэс расейскамоўныя. І спрэс тыражуюць новую ідэалягічную дактрыну: “пратэстны электарат Лукашэнкі ператвараецца ў электарат інтэграцыйны”. “Здравствуйте, господа”, — як некалі пачынаў свае перадачы на радыё А.Зімоўскі.

Цяпер апазыцыйным у нас будзе ўсё, што расейскае, прапуцінскае, “інтэграцыйнае”. А як інакш, калі варта табе прамовіць “незалежнасьць” — і адразу трапляеш у варожы сьпіс разам з тым самым Зімоўскім, Якубовічам — словам, у пасобнікі акупацыйнага, прынамсі антыдэмакратычнага рэжыму. Вось і падумалася мне, што для чысьціні апазыцыйнага іміджу і дэманстрацыі адданасьці ідэям антылукашызму варта было б заснаваць у Менску недзяржаўную газэту “Тамбовский демократ”. Такі сабе орган змаганьня супраць рэжыму, а за што — з назвы відаць, без эўфэмізмаў, усякіх там “времен” і “новостей”. Глядзіш, так Лукашэнку і скінем — супольным “навались” і адным махам. Ото зажыве Беларусь!

Не, не перажывае наша прэса ніякага крызысу. Гэта беларуская незалежнасьць перажывае свае сапраўды крытычныя дні. У тым сэнсе, што няшмат чым яна абароненая ад суседніх аншлюзатараў і можа быць страчаная кожны момант. Пакуль мы ў нашым “Тамбовском демократе” будзем разважаць пра нашы інтэграцыйныя электараты ды падлічваць зьвесткі сумнеўных апытаньняў пра тое, што большасьць менчукоў (ах, якая прыкрасьць!) — за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. Апытаньні сумнеўныя хоць бы таму ўжо, што заўсёды робяцца па-расейску, і гэта ў нас лічыцца “чыстай сацыялёгіяй”, хоць насамрэч у такой самай ступені нясуць у сабе падказку, як і такія самыя апытаньні па-беларуску. Псыхалягічная рэакцыя на мову ня ўлічваецца.

Шкада інтэлігенцыі, якая заблукала апошнім часам у трох соснах і пачуваецца загнанай у кут. Я ўжо восем гадоў добрасумленна ненавіджу Лукашэнку, а ён вазьмі дый скажы, што анэксія — гэта бязглузьдзіца (гэта значыць, тое самае кажа, што я думаю), дык мне нібыта або Лукашэнку палюбіць трэба — што немагчыма, або незалежнасьць выкрасьліць з сваіх каштоўнасьцяў — што таксама ўяўляецца трызьненьнем. Вось ён — цяперашні крызыс.

Адно, чым прыдумала наша інтэлігенцыя ратавацца, гэта тым, што кажа ён тое няшчыра або што зусім ня тое мае на ўвазе. А гэта ўжо чысты самападман.

Тут трэба глядзець на дылему ў кантэксьце — не спрашчаць, а ўлічваць мноства фактараў, і не ўскладняць, а слухаць уласнае сэрца. Ёсьць прынамсі два спосабы вырашэньня гэтай праблемы.

Якім чынам я буду тлумачыць сваю пазыцыю гадоў праз дваццаць, калі ўжо ўсё скончыцца? Што я так моцна ненавідзеў рэжым, ажно пачаў выдаваць “Тамбовского демократа”? Думаю, з вышыні дваццаці гадоў будзе добра відаць, што незалежнасьць у Беларусі пачатку стагодзьдзя была адзінай абсалютнай грамадзкай каштоўнасьцю, а што ўжо ты сабе там думаў і каго ненавідзеў — справа дзясятая, твая асабістая і — на той час.

Другі спосаб — выбачаюся за патас — падслухаць у народу. Узвысіцца да народнага вырашэньня гэтай праблемы. З многіх формулаў нашага цяперашняга бытнаваньня найбольш удалай мне падаецца наступная: “Народ разабраўся з Лукашэнкам і пачаў шукаць сваіх”. Гэта значыць:

— людзі перасталі жыць у чаканьні стрэсаў — раптоўных і гвалтоўных дзеяньняў з боку ўлады;

— людзі пачалі будавацца — шукаць лепшую працу ці пяць працаў, фармаваць па-новаму кола сяброў, зьбіраць грошы, думаць пра будучыню дзяцей тут, а ня дзесьці.

Народ “перарос” Лукашэнку. Сьвет больш не сыходзіцца клінам на ППРБ, і шмат чаго можна зрабіць, не чакаючы “літасьці ад прыроды”, бо Лукашэнка перастаў быць гэтай самай прыродай — камусьці даваць жаданае сонца ці дождж, а для кагосьці быць стыхійным бедзтвам.

Сьледам за народам “перарасьці” яго мусілі б і палітыкі. У вачох свайго электарату спадар Хадыка, да прыкладу, нясе ніяк ня меншую, а нават і большую адказнасьць за Беларусь, яе незалежнасьць, канстытуцыю і дзяржаўнасьць, чым таварыш Сапега. А інакш — чаму б гэта мне за спадара Хадыку галасаваць на выбарах? Толькі каб насаліць таварышу Сапегу? Каб толькі насаліць, сапраўды найбольш эфэктыўна выдаваць “Тамбовского демократа”. Толькі тады ўсе пералічаныя каштоўнасьці (Беларусь, незалежнасьць і г.д.) перастаюць быць прадметам размовы. А паколькі апазыцыйнасьць спадара Хадыкі і ягонае партыі — гэтая ніякая ні для кога не каштоўнасьць, дык пра што размова?

У Беларусі яшчэ ніхто з палітыкаў не перарос Лукашэнку, усе — пад ім, сьцятыя сваёй апазыцыйнасьцю. Але Лукашэнка адзін, адзін чалавек, які стаіць за словамі пра незалежнасьць у Канстытуцыі. Варта цяперашняму расейскаму Штырліцу ўжыць якія заплечныя захады або самому таварышу Сапегу ўвесьці праз рэфэрэндум якія-небудзь “дзьве дзяржаўныя незалежнасьці” — і мы з вамі апынёмся дзе-небудзь у ХІХ ст. Невядома, на які тэрмін. Цікава, які тады будзе лёс чатырох умоваў, каб апазыцыя (якая і каму?) пачала гаварыць з уладамі (няйначай, на беларускую фэдэральную акругу прышлюць земляка Чубайса).

Усё гэта сьмешна, відаць. Але ад усяго гэтага нас аддзяляе адно імгненьне — прысутнасьць і пазыцыя Лукашэнкі (неістотна — дыктатара, хамскае ўлады, мазаічнага псыхапата — як заўгодна). Адно імгненьне аддзяляе нас ад хаосу, у які абрынецца Беларусь у выпадку ўваходу ў склад Расеі. Сьведама жадаць такога можа толькі чалавек з поглядамі Асамы бэн Ладэна.

Словам, усё пытаньне — каму што дорага і што чаго варта. Не рабеце каштоўнасьці са сваёй апазыцыйнасьці, а рабеце — зь Беларусі, незалежнасьці, мовы. Праз 20 гадоў я нікому не растлумачу, што не зьбярог гэтага таму, што ненавідзеў Лукашэнку. Нікому, у тым ліку і сабе.

Ня мусіць за згаданымі каштоўнасьцямі стаяць адзін чалавек.

ППРБ так і ня здолеў стварыць партыю ўлады. Магчыма, ён ставіў задачу, каб яе не было, бо інакш яна даўно б узьнікла сама — з падхалімаў і прыкарытнікаў. Але гэтае месца — грамадзкай сілы, якая б стаяла за незалежнасьцю, — зеўрае ў беларускім палітычным спэктры пустатой. Гэта наша чорная дзірка. Натуральна, спадар Хадыка ніколі ня будзе ствараць тое, што называлася б партыяй улады, бо ў самым панятку тут гучыць прыслужніцтва. Але ён мог бы стварыць кампрамісную Канстытуцыйную партыю, якая ў сёньняшняй сытуацыі мела б шанцы і выступала б не як апазыцыйная, а як спаборная таварышу Сапегу — гэта значыць, апазыцыйная не татальна, а ў долях спэктру…

Але даруйце, пустыя фантазіі... Разфантазіяваўся. Апошнія, так бы мовіць, рыскі ў нашаніўскай дыскусіі. Даруйце і пастарайцеся зразумець сьціплыя аўтарскія амбіцыі — у “Тамбовском демократе” я такіх развагаў ужо не надрукую ніколі.

Сяргей Дубавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0