апытаньне “НН”

 

Каліноўскі й Даватар

Напярэдадні ўгодкаў бітвы пад Воршай (8 верасьня 1514 году) мы правялі апытаньне на менскіх вуліцах, прапануючы мінакам адказаць на пытаньне: “З кім асацыюецца ў Вас беларуская вайсковая слава?”

Андрэй, студэнт: З паўстанцамі 1863-га. А вось хто імі кіраваў, я ня памятаю, хоць і чытаў гісторыю.

Мікалай Віктараў, гвардыі падпалкоўнік запасу, удзельнік другой сусьветнай вайны: Я ведаю толькі пра вайскоўцаў мінулага стагодзьдзя: Фрунзэ ствараў у Менску міліцыю, а будучы маршал Жукаў служыў перад вайной у Беларусі, на Случчыне.

Барыс Падкораў, Алег і Андрэй, вучні 9-й клясы: Кастусь Каліноўскі. Ён паўстаньне ўзьняў у Беларусі ў XIX стагодзьдзі.

Анатоль Васілевіч, пэнсіянэр: Генэрал Даватар. У яго ёсьць беларускія карані. Яшчэ… Ну, Каліноўскі, але ж гэта грамадзянская вайна была. Ён, вядома, герой, адважны чалавек, але змагаўся за інтарэсы свайго саслоўя… Мы мала ведаем пра сапраўдную гісторыю, а тое, што пішуць з аднаго боку і з другога, да гэтага мала веры.

Мікалай Анішчанка, падпалкоўнік: Найперш — Касьцюшка. А яшчэ Радзівіл, які ў вайну 1812 г. ваяваў на баку Напалеона. Больш вядомыя беларускія вайскоўцы апошняй вайны.

Уладзімер, школьнік: Касьцюшка. Ён паўстаньнем кіраваў супраць цара, супраць улады. Больш нікога ня памятаю.

Алена і Наташа, вучаніцы 9 клясы: Кастусь Каліноўскі. Ён паўстаньне ўзьняў, а супраць каго, ня памятаем, забыліся… Тадэвуш Касьцюшка, таксама паўстанец, але ён раней жыў за Каліноўскага.

Лёша, студэнт: З бітвай войска Вялікага Княства Літоўскага пад Воршай. Адкуль ведаю пра яе? Чытаў гісторыю Беларусі.

Запісаў Алег Тачоны

АД РЭДАКЦЫІ

У той сярэднявечнай Аршанскай бітве беларускае войска пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астроскага бліскуча перамагло агрэсараў з усходу — войска Вялікага Княства Маскоўскага. З тых часоў і да сёньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях няма спакою — дзясяткі бітваў і акупацыі пад знакам “братняе дружбы”, анэксіі і пагрозы аншлюсу. Менавіта на маскоўскім кірунку найперш гартавалася беларуская вайсковая слава. Менавіта супраць расейскага захопу ваявалі і Касьцюшка ў паўстаньні 1794 году, і Каліноўскі — у 1863-м. Апошні, дарэчы, змагаўся не за сваё саслоўе, а наадварот (“У нас няма дваран — усе роўныя” — ягоныя словы), за што і разышоўся са сваімі польскімі калегамі, якія называлі яго “хлапаманам”. Можна называць яшчэ дзясяткі слынных беларускіх герояў, што змагаліся і загінулі “на ўсходняй мяжы”. Савецкая гістарыяграфія нічога не казала пра герояў антымаскоўскіх войнаў, спрабуючы затуліць іх удалымі савецкімі партызанамі часоў мінулай вайны. Як справядліва заўважыў адзін з рэспандэнтаў, які вылучыў постаці Каліноўскага і Даватара, гэтыя асобы працягваюць змагацца і на старонках гістарычных кніг. І пакуль далёкія падзеі будуць асьвятляцца зь дзьвюх супрацьлеглых пазыцыяў — ім мала веры.

Героі прыходзяць у сьвядомасьць народу на школьных уроках. А незалежная Беларусь, якая яшчэ шукае сваю дзяржаўную ідэалёгію, сёньня толькі на подступах да свае адзінае гістарычнае праўды, вайсковае славы і яе гераічных пэрсанажаў.


Вайсковая слава —
прыватная справа

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адказаў на пытаньні “НН” напярэдадні Дня беларускай вайсковай славы.

“НН”: Ці мусім мы сёлета сьвяткаваць Дзень беларускай вайсковай славы?

Анатоль Лябедзька: Кожная структура павінна вырашаць унутры сябе, сьвяткаваць ці не. Гэта справа кожнага чалавека. Я кажу гэта як прадстаўнік лібэральнай партыі. Многія сябры АГП возьмуць удзел у публічных сьвяткаваньнях. Я асабіста буду ў Лідзе, дзе сустрэнуся з маці Віктара Ганчара: 7 верасьня ў яго дзень нараджэньня.

“НН”: Які сэнс павінен укладацца ў гэтае сьвяткаваньне?

А.Л.: Кожны чалавек будзе ўкладаць свой сэнс. Галоўнае — гэты дзень трэба зьвязваць зь Беларусяй.

“НН”: Чаму апошнім часам Дзень беларускай вайсковай славы сьвяткуецца ўсё больш і больш сьціпла?

А.Л.: У людзей не хапае інфармацыі. Любое сьвята павінна “раскручвацца” немалымі рэсурсамі, а ў нас такая магчымасьць ёсьць толькі ў дзяржавы.

А.Т.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0