Ганна Бутырчык

На скрыжаваньнях

Чаму багатая Амэрыка і дзе прычыны дэградацыі беларусаў? Эсэ выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ганны Бутырчык.

“Беларусі наканавана было апынуцца на скрыжаваньні шляхоў з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень”, — часта менавіта так пачынаецца знаёмства з нашай краінай. Далей звычайна гавораць пра спусташальныя войны, каталіцтва і праваслаўе, усходнія крэсы і паўночна-заходні край. Мы блізка прымаем ідэю сваёй раскрыжаванасьці на скрыжаваньні дарог і ўпадабалі ролю пакутнікаў. Але скрыжаваньне дае й выдатную магчымасьць гандлю зь іншымі. Толькі ня варта забывацца, што ў сьвету чатыры бакі. Сонца ўзыходзіць на ўсходзе, але не застаецца там цэлы дзень: уздымаецца ў зэніт (поўдзень), заходзіць на захадзе і спачывае ў калысцы поўначы. Так і сьветагляд чалавека штодня апісвае гэтае кола. Спачатку зірнём на ўсход, потым з трымценьнем паглядзім у бок нашай колішняй Вільні, паспачуваем небагатаму жыцьцю незалежнай Украіны, якая, аднак, не аддае перавагі даляру перад грыўнай, па-добраму пазайздросьцім палякам. Як і чэхі, яны ў эўрапейскай супольнасьці пачуваюцца найбольш вольна, бо сьцьвердзілі сябе як дзяржавы нацыянальныя. Чэская і польская мовы вывучаюцца ў эўрапейскіх унівэрсытэтах, помнікі дойлідзтва ўключаюцца ў рэестар сусьветных культурных скарбаў, чыніцца інтэлектуальны гандаль. Назіраньне за працэсамі, што адбываюцца ў іншых краінах, вывучэньне іх культурнай спадчыны дазваляюць глыбей разумець сябе і іншых, пераймаць станоўчы досьвед і ўнікаць памылак.

Каб зразумець прычыны паступовай дэградацыі беларусаў, я зьвярнулася да краіны, якую многія называюць бездухоўнай, але якая дала сьвету Ўолта Ўітмэна, Эдгара По, Джэка Лёндана, Уільяма Фолкнэра, у якой знаходзяцца найбуйнейшыя калекцыі сусьветных скарбаў, у навучальных установах якой працуюць найлепшыя прадстаўнікі сусьветнай інтэлігенцыі. Гэта краіна, дзе культура — гэта палітыка, стварэньне ўмоваў для творчай рэалізацыі асобы, у той час як Беларусь — краіна, дзе палітыка прэтэндуе на ролю культуры. Мой чарговы візыт у ЗША прыпаў на верасень. І праз два тыдні пасьля трагедыі скрозь водар дажджу праступаў гаркавы пах дыму. Здавалася, што жыцьцё на імклівым Мангэтане запаволілася. Вуліцы пазіралі засяроджанымі тварамі паліцэйскіх. На скрыжаваньнях прапаноўвалі танныя парасоны і нацыянальныя сьцягі. Амэрыканскія сьцягі былі амаль на кожнай машыне, штандарамі ў вокнах дамоў, на сталах у кавярнях, у руках мінакоў. Тое, што ў Беларусі абразьліва называюць нацыяналізмам, у Амэрыцы ёсьць праявай патрыятычных пачуцьцяў грамадзян.

У Амэрыцы спрадвеку соцыюм (грамада) вышэйшы за дзяржаву. Вартасным прызнаецца калектыўнае мысьленьне, ствараюцца ўмовы, пры якіх фактычна немагчымае вылучэньне пасіянарнай асобы, кшталту Напалеона альбо Сталіна. Эканоміка задае тон палітыцы.

У Беларусі дзяржава сталася сапраўдным апаратам гвалту над чалавечай самасьцю. Дзяржава ўзяла на сябе функцыі першых амэрыканскіх каляністаў, што разгарнулі шырокі наступ на цывілізацыю карэннага насельніцтва, якую неабходна было зьнішчыць, каб на яе руінах узьвесьці новую. Але для амэрыканцаў гэта была чужая зямля, якую належала зрабіць сваёй. У нас працэс акурат адваротны — адчужэньне сваёй зямлі.

Амэрыка фармавалася пераважна як мужчынская краіна. Доўгае падарожжа морам маглі вытрымаць толькі дужыя фізычна людзі, якія на новай тэрыторыі пачыналі жыцьцё наноў. Мужчынскі пачатак выяўляўся і ў імкненьні заваёўваць, і ў арыентацыі менавіта на соцыюм. Беларусь — краіна з жаночым пачаткам. Яе лёс — бараніцца. Тут істотную ролю адыгрываюць сямейныя стасункі. Многія мае знаёмыя амэрыканцы дзівяцца, чаму ў нас захоўваецца такая цесная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі. Нагодай таму — не да канца зьнішчаны мэханізм пераемнасьці. Сям’я дапамагае засвоіць і пераасэнсаваць скарб, назьбіраны папярэднімі пакаленьнямі, тую сыстэму агульначалавечых каштоўнасьцяў, паводле якой чалавек вымярае свае ўчынкі. Нацыянальная спадчына ў беларусаў бруіцца з захаваньня памяці продкаў, звычаяў, традыцый, сьветаўяўленьняў, прынятых у асобна ўзятай сям’і.

У Амэрыцы амаль няма гэткага руху па вэртыкалі. Тут кожнае новае пакаленьне ўсталёўвае нормы адносінаў у грамадзтве, прыдатныя менавіта для яго. Нацыянальная мова і традыцыі захоўваюцца ў большасьці эмігрантаў толькі ў першым-другім калене. Гэта цікавае поле дасьледаваньня для лінгвістаў. Ужо ў першым калене адбываецца калькаваньне граматычных формаў ангельскай мовы: “я буду браць аўтобус” (take a bus) замест “я паеду аўтобусам”, “я выбег з алоўкаў” (I run out of pencils) замест “у мяне скончыліся алоўкі”, “я сустрэў нікога” (у ангельскай няма падвойнага адмаўленьня); увядзеньне ў тканіну сваёй мовы ангельскіх словаў: “І з такім эксьпірансам (experience — досьвед) ты спадзяешся адшукаць работу?” Альбо, гаворачы ангельскай мовай паміж сабой, ня-носьбіты наўмысна выкарыстоўваюць інтанацыйную афарбоўку сваёй мовы. Гэтую зьяву адлюстраваў Стэйнбэк у рамане “На ўсход ад Эдэму”. Аўтар падае вобраз кітайца Лі, які нарадзіўся ў ЗША, куды ягоныя бацькі прыехалі ў пошуках заробку. Добра валодаючы ангельскай, ён, аднак, карыстаецца своеасаблівай кітайскай тарабаршчынай, якая выступае атрыбутам нацыянальнай прыналежнасьці героя. Лі тлумачыць, што, калі будзе гаварыць звычайнай ангельскай мовай, людзі перастануць яго разумець, бо чакаюць пачуць ад кітайца менавіта піджын (англа-кітайскую гібрыдную мову). Іншай праявай гэтага працэсу выступае той факт, што ў сувязі з ростам насельніцтва (пераважна з Мэксыкі) у паўднёвых штатах Амэрыкі зьяўляецца так званы Spanglish. Дасьледнікі адзначаюць пашырэньне культуры чыкана (амерыканскіх гішпанцаў). Нават у Нью-Йорку ўсё часьцей на вочы трапляюцца шыльды на дзьвюх мовах.

Сродкам аб’яднаньня нацыі ў супольнасьць у Злучаных Штатах выступае рэлігія. Тут абвешчана свабода веравызнаньня, і прынамсі раз на два тыдні сярэднестатыстычная сям’я выбіраецца ў касьцёл, царкву ці малельны дом. У беларусаў рэлігія сталася дзейнай зброяй апалячваньня ці русіфікацыі. Зрэшты, нашыя вераваньні не абмяжоўваюцца хрысьціянствам, бо продкі беларусаў зьведалі і паганства зь ягонай надзвычай багатай міталёгіяй. Таму не загінулі мы і нашая культура ў часы атэізму: акрамя хрысьціянскай веры, якая рэглямэнтуе паводзіны чалавека ў грамадзтве, беларусы мелі веру даўніх продкаў, якая вызначае дачыненьні чалавека і Прыроды, бо чалавечы род з Пры-роды выйшаў. У амэрыканцаў няма гэтага пры-роднага пачатку, адсюль моц рэлігіі, якая рэглямэнтуе паводзіны ў грамадзе. Першыя ангельскія пасяленцы Новую Англію лічылі зямлёй абяцанай, куды Бог прывёў “абраны народ” — пурытанаў. Таму біблейская тэма чырвонай ніткай праходзіць праз усю амэрыканскую літаратуру. А ў нас біблейскія вобразы праступаюць праз тканіну народных вераваньняў.

Амэрыканская культура зьвяртаецца да біблейскіх узораў. Так, знакаміты раман Г.Мэлвіла пачынаецца са словаў “Клічце мяне Ізмаіл”, і гэтага было дастаткова, каб перад сучасьнікамі аўтара, якія добра ведалі тэкст Сьвятога пісьма, паўставаў вобраз выгнаньніка, асуджанага на вечныя вандраваньні. У “Гронках гневу” Дж.Стэйнбэка падаецца вобраз праведніка Джыма Кейсі (першыя літары імя ў англійскім варыянце павінны выклікаць асацыяцыі з Ісусам Хрыстом — Jim Casy — Jesus Christ), што нясе ў сьвет сваю філязофію — жыць у грамадзе і любіць усіх людзей.

У беларускай культуры найчасьцей адлюстроўваўся рух па вэртыкалі: груша як увасабленьне сядзібы ў Караткевіча ці Быкава, таполя як сымбаль бацькаўшчыны ў Кузьмы Чорнага, знакамітыя дубы Якуба Коласа. У амэрыканскай культуры адлюстраваны рух па гарызанталі, што выявілася ў пераважна жывёльнай сымболіцы. На пачатку амэрыканскай літаратуры з расьліннасьці знаходзім толькі лісьце травы ў У.Уітмэна і гронкі гневу ў Дж.Стэйнбэка, затое жывёльная сымболіка прадстаўленая шырока: белы кіт у Г.Мэлвіла, чарапаха і мышы Дж.Стэйнбэка, мядзьведзь У.Фолкнэра, ваўкі Дж.Лёндана. Зьвернем увагу — калі ў беларуса пытаюць пра мінулае, кажуць: “А дзе (адкуль) твае карані?”, альбо “Чыя ты будзеш?”, у амэрыканцаў — найчасьцей пра background (вытокі, паходжаньне, біяграфічныя дадзеныя, але таксама і кваліфікацыя, падрыхтоўка і жыцьцёвы досьвед).

…Водар кавы, што вітальна бруіўся з расчыненых дзьвярэй кавярняў і офісаў, усё часьцей перапыняў мае думкі. Раніца на Мангэтане пачынаецца з водару кавы. Памятаю, неяк у Менску прайшла ўранку па праспэкце Скарыны ад Маскоўскай да Кастрычніцкай і не знайшла ніводнай адчыненай кавярні. Мусіць, у нас не прынята піць каву да дванаццатай. Затое паесьці любім добра, са смакам: бульбы са скваркай (і халестэрын нас не бярэ), баршчу са сьмятанай і ладным кавалкам мяса, капусткі і гурочкаў салёненькіх, грыбкоў марынаваных... Ды ніводзін амэрыканец, акрамя шампіньёнаў, іншых грыбоў ня ведае. А слова “тварог” увогуле не існуе ў ангельскай мове. Нехта з маіх аднаклясьнікаў падчас нашага першага візыту ў Штаты трапна пажартаваў, што слова bread на нашую мову не перакладаецца, як і слова хлеб на іхную, бо абазначаюць абсалютна розныя паняткі. Дык чаму тады нашыя дзеці іхнымі гамбургерамі і чызбургерамі не даюць спакою бацькам?

У амэрыканцаў так званая fast-food (хутка прыгатаваная ежа) — частка нацыянальнай культуры, што абумоўлена шпаркім бегам жыцьця, калі кожная хвіліна на рахунку. У нас значная колькасьць насельніцтва ходзіць на працу, каб не сядзець дома, таму ў абед можна не сьпяшаючыся зьесьці хатніх катлетак, блінцоў, пагрэць кіпяцільнікам у шклянцы якога супчыку. А ўжо якіх прысмакаў ні знойдзеш за сталом сьвяточным! І пры гэтым усе скардзяцца, што жывуць небагата. Дапамагаюць лецішчы — фэномэн, таксама недаступны амэрыканскай сьвядомасьці.

У гэтых разважаньнях я дайшла да скрыжаваньня 5-й авэню і 42-й вуліцы. У цэнтры Мангэтану цяжка заблукаць: гарызанталі вуліц перакрыжоўваюцца з вэртыкалямі авэню, і кожная мае свой нумар. Заходжу ў Нацыянальную бібліятэку (Public Library), дзе сабраныя культурныя скарбы з усяго сьвету. Амэрыканцы маюць дзіўную здольнасьць захоўваць самыя нечаканыя рэчы. У адным з тамтэйшых музэяў бачыла вялікі стэнд з бутэлечнымі коркамі розных часоў — і гэта іх таксама цікавіць. Зрэшты, “цікавіць” — недакладнае слова. Лепш сказаць: і гэта яны зьбіраюць, бо далёка ня ўсё сабранае цікавіць амэрыканцаў. Нават у адной з самых буйных карцінных галерэяў, “Мэтраполітэне”, найчасьцей пачуеш расейскую ці японскую гаворку.

“А ці не замовіць мне “Дзікае паляваньне караля Стаха”? — думала я, ідучы ў чытальную залю. Лёгіка была простая: калі ў Амэрыцы ёсьць беларусы, у бібліятэцы павінен быць Караткевіч. Дзяўчына, што мусіла выканаць маю замову, крыху зьбянтэжылася, пабачыўшы кірылічныя літары, а пасьля папрасіла прабачэньня за тое, што кніга будзе толькі праз гадзіну, бо знаходзіцца ў іншым будынку.

“Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляваньне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе сьвет. Яно — наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Зьлітуйся з нас, Божа!” — менавіта гэтыя словы прыходзілі на памяць. Вось ён, ключ да нашай мэнтальнасьці — дзікае паляваньне, якое ладзім мы самі супроць сябе. Хто ў сьвеце больш, як мы, ня любіць сваёй Бацькаўшчыны? Не расейцы з палякамі вінны, што ў кнігарнях амаль няма беларускіх кніжак, а ў межах дзяржаўнага ўнівэрсытэту даводзіцца змагацца за беларускую мову, якая нібыта пазбаўляе студэнта права вольнага выбару. Кузьма Чорны ў рамане “Пошукі будучыні” распавёў пра Вялікага злодзея, у якім каго і чаго толькі ні бачылі, і так рэдка — уласнае адлюстраваньне, тое жахлівае, што хаваецца ў чалавеку. Можа, варта зазірнуць у гэтае люстэрка, каб жахнуцца ўласнай пачварнасьці? Каб самім сабе сказаць: не, мы — не такія. І тады кожны з тутэйшых людзей, патрапіўшы ў Штаты, абавязкова адшукае час, каб пакланіцца помніку Купалы ці памаліцца ў царкве Эўфрасіньні за род свой і Айчыну.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0