музыка

Джон Ротэн: “Умею зарабляць грошы”

“The Sex Pistols” у свой час узначалілі панк-рэвалюцыю. Яны проціпастаўлялі сябе канфармізму, які настаў пасьля поўнай ілюзій і расчараваньняў эпохі гіпі. Песьні Джоні Ротэна зьмянілі эстэтычныя каноны мас-культуры — унесьлі ў яе элемэнт культуры панкаў, нікому не патрэбных, занядбаных “дзяцей сьмецьця”. Сынгл “Анархія ў Злучаным Каралеўстве” трапіў у хіт-парады нягледзячы на забарону трансьляваць яго па радыё і тэлебачаньні. Кампазыцыя “Божа, барані каралеву”, прымеркаваная да 25-годзьдзя караляваньня Лізаветы II, апынулася на вяршыні папулярнасьці, зноў жа нягледзячы на байкот у СМІ.

— Ці адчуваеце вы сябе па-ранейшаму панкам і анархістам?

— Ніколі не называў сябе панкам. Гэты ярлык начапіла прэса, а калі яна нешта выдумае, зь ёю цяжка спрачацца, а тым больш дамагчыся абвяржэньня. І анархістам я сябе ніколі не адчуваў. Калі ты хочаш зьмяніць сьвет, табе напэўна ня ўдасца зрабіць гэта такім простым спосабам.

— А вы ў маладосьці хацелі зьмяніць сьвет?

— Тое, што я рабіў апошнія 25 гадоў, як мага лепш сьведчыць пра мае жаданьні. Калі іншыя сядзелі ціха, я ішоў супраць усяго брытанскага грамадзтва, псаваў жыцьцё істэблішмэнту, за што заплаціў зьняволеньнем. Мне ня трэба тлумачыць, што азначае быць на пярэднім краі змаганьня, мець сваю думку.

— Ці праўда, што Джоні Ротэн, пасьля многіх гадоў барацьбы з брытанскай грамадзкасьцю, мае клопат на біржы?

— Я жыву ў заходнім сьвеце, сьвеце грошай, і я не дурны. Я выкарыстоўваю дзеля існаваньня здабыткі капіталізму, як выкарыстоўваў бы і здабыткі камунізму, калі б мне выпала жыць зь іншага боку сьцяны. Я не саромеюся таго, што ўмею зарабляць грошы. Яны даюцца мне цяжкай працай. Кожны пэнс, які я зарабляю, акроплены крывавым потам, бо мне было наканавана нарадзіцца ў галечы. У адным пакоі мусіла туліцца сям’я з шасьці чалавек. Мне невядомыя іншыя такія выпадкі ў Англіі.

— Але калі вы пачыналі супрацоўнічаць з “The Sex Pistols”, вы думалі пра грошы ці ўсё-такі пра музыку?

— Ні пра адно, ні пра другое. Музыка для мяне — гэта форма шуму, рытму. Калі ўдаецца паўтарыць шум другі раз, ужо можна сказаць, што напісаная музыка.

— Што вы адчувалі, калі сьпявалі ў 70-я “Божа, барані каралеву ды фашысцкі рэжым”?

— Гэта была даволі небясьпечная гульня. На лёнданскай вуліцы на мяне напаў гурт маладых раялістаў, адзін зь іх сярод белага дня параніў мяне нажом. Мяне арыштоўвалі. Супраць мяне і маіх калегаў паўставала ўся лёнданская паліцыя, урад найясьнейшай каралевы. І што? Не прайшло і дваццаці гадоў, як брытанцы сталі менш падтрымліваць каралеўскую сям’ю. Я ніколі ня быў ні ў захапленьні ад каралевы, ні супраць яе. Я толькі хацеў, каб яна зарабляла на хлеб, як іншыя. Праблема брытанцаў у тым, што яны надта прывыклі да сваёй імпэрыі, ня хочуць заўважаць, што яна даўно развалілася, любяць усе дэталі жыцьця двара, усе гэтыя плёткі, наагул манархію, толькі ня хочуць за гэта далей плаціць. Вельмі ня любяць падаткаў, лічаць за лепшае пакідаць фунты каля сябе. Гэта тыповы брытанскі фальш. А я кажу: ня хочаш плаціць — не плаці.

— Чаму Вы пераехалі ў Лос-Анджэлас?

— Калі ў мяне яшчэ былі сілы заставацца на любай бацькаўшчыне, за чатыры месяцы паліцыя тройчы зьяўлялася да мяне дамоў. Тут дарэчы было б прыгадаць старую англійскую прыказку: “Мой дом — мая фартэцыя”. Паліцыя яе не шанавала.

— Вы ня вернецеся ў Англію?

— Я бываю там час ад часу, гэтага вымагае мая прафэсія, але, напэўна, ніколі ўжо там ня буду жыць. Мне не падабаецца цяперашні ўрад, я лічу, што няма больш кансэрватыўнага палітыка, чым Тоні Блэр. Хоць, наколькі я памятаю, ён узначальвае лейбарыстаў і ішоў на выбары пад іх лёзунгамі.

— Канец “The Sex Pistols” быў трагічны. Сыд Вішэс, шалеючы па нью-ёрскай гандлярцы гераінам, сьпярша забіў яе, а потым учыніў самагубства і зрабіўся адным з “праклятых сьвятых” року...

— Я быў вельмі ўражаны тым, што сталася з Сыдам. Раней ён быў вельмі добрым чалавекам, выдатным сябрам. Але барацьбу з гераінам мала каму ўдаецца выйграць. Ён дае шмат новых перажываньняў, уражаньняў, але, перш чым ты паспрабуеш зь ім скончыць, ён скончыць з табой. Наркотыкі ня вартыя пекла, якое нясе наступны дзень. Яны прыніжаюць, як і алькаголь.

— Вы калі-небудзь адчувалі сябе ахвярай шоў-бізнэсу?

— Тут на першым месцы канкурэнцыя, а яе я асабліва не люблю. Ненавіджу бег навыперадкі, дэманстрацыю сваёй лепшасьці. Таму стараюся не зьвяртаць асаблівай увагі, на першым ці на апошнім месцы ў хіт-парадах мая кружэлка. Важней за ўсё не маніць у музыцы. І мая музыка шчырая. Хоць гэтая рыса ня вельмі цэніцца ў нашым асяродзьдзі.

— Ці праца ў “The Sex Pistols” мела для вас сэнс?

— Ні ў кога з нас не было надзеі. Мы казалі: “Няма будучыні”, — і гэта была праўда. Варта, зрэшты, удакладніць гэты лёзунг: у нас ня будзе будучыні, калі мы не паклапоцімся пра яе самі. Сьвет ня ўспомніць пра тых, хто ляжыць дагары пузам і чакае цуду.

— Быў яшчэ адзін памятны лёзунг — “Панк не памёр”. Што вы думаеце пра яго?

— А ці жыў ён калі? Не прымаю падзелу музыкі на катэгорыі. Найгорш было тое, што людзі, якія называлі сябе панкамі, ня слухалі музыкі, не чыталі кніг. Бяз гэтага немагчыма мець уяўленьне аб сьвеце.

Размаўляў Яцак Цесьляк, “Gazeta Wyborcza”

Ротэн сышоў з “The Sex Pistols” у 1978 г., палічыўшы, што гурт стаўся часткай музычнага істэблішмэнту. У тым самым годзе Ротэн заснаваў каманду “Public Image LTD” (“PIL”). У тэкстах ён працягваў нападаць на мяшчанства, клір, армію, хоць паступова зноў трапляў у вір шоў-бізнэсу. Перасьледаваны брытанскай паліцыяй, Джоні пакінуў Англію і пераехаў у ЗША. Ён пракамэнтаваў гэты факт у характэрным для сябе стылі: “Калі яны чарговы раз прыйшлі да мяне ў хату з сабакамі і напалохалі майго ката, я падумаў, што годзе зьдзекаў з жывёлы, а магчыма, і зь людзей”. Праз пэўны час ён вярнуўся ў “The Sex Pistols”. Цяпер дзеліць свой час паміж гэтай групай і “PIL”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0