Абразкі і абрэзкі
Лета — пара ляноты і млявасьці, мёртвы сэзон для думаньня і пісаньня. Ня ведаю, як выжывалі людзі ў Ізраілі ці Каліфорніі, а для мяне дык і беларускае лета было зацяжкім. Калі ад сьпякоты плавяцца мазгі, цела “купаецца” ва ўласным поце, а стрэлка разумовай актыўнасьці падае да нуля, адзіны паратунак — куды-небудзь зьехаць. У дарогу, хутчэй, у дарогу!
Польскія дарогі надзіва вузкія і пакручастыя, амаль ня маюць узбочын. Ня ў прыклад беларускім, хоць і ня дужа роўным, затое больш прасторным, з шырокімі, разлогімі ўзбочынамі, па якіх часам можна ехаць як па шашы. Напэўна, такія ж і характары: беларус просты, шыракадушны і нетаропкі, у выпадку чаго зьедзе і на ўзбочыну, каб даць дарогу “пану” ці “гаспадзіну”. А паляку зьяжджаць няма куды, таму і гоніць па сваім зьвілістым шляху, сьпяшаецца... Напэўна ў Эўразьвяз, дзе дарогі яшчэ вузейшыя, а гонкі ў будучыню яшчэ больш імклівыя.
Шаша ад Берасьця да Варшавы густа абсаджаная новымі крамамі, складамі, аўтамайстэрнямі, запраўкамі, рэклямнымі спарудамі… Ствараецца ўражаньне, што трапіў у гіганцкі супэрмаркет пад адкрытым небам. Толькі за Варшавай душа беларуса супакойваецца: зноў палеткі, лугі, старыя хутары і ня вельмі дагледжаныя вёскі. Расьце бульба, пасьвяцца каровы, у садах абсыпаюцца яблыкі...
Галоўнае багацьце варшавякаў — ня шэрыя будынкі ХХ ст., не бліскучыя сучасныя хмарачосы і нават не дэкаратыўныя кварталы адноўленага Старога Мяста, а варшаўскія паркі. Аднавіць замак, адрэстаўраваць храм, пабудаваць гіпэрмаркет можна за некалькі гадоў, а каб стварыць такі парк, як Лазенкі альбо Вілянаў, і сотні гадоў замала. Ня самая відавочная, але велізарная страта для Беларусі — зьнікненьне паркаў і паркавай культуры XVIII—XIX ст.
Малады ружавашчокі мясьнік у Мальбарку, пачуўшы ад пакупнікоў беларускую мову, нечакана выгуквае: “Беларусь?! Лукашэнка — гуўна!” Робіцца няёмка і сорамна: як не круці, а гэты Лукашэнка — чалавек наш, і вырашаць, г. ён ці не г., справа наша, беларуская.
Калі ў мэтраполіі Беларушчына больш жывіцца з каталіцкіх асяродкаў, дык на Беласточчыне трымаецца толькі дзякуючы праваслаўю. Мо таму і праваслаўе тут не закасьцянела-маскоўскае, а больш жывое і рухомае. Яскравы прыклад — царква ў Гайнаўцы, дзіўны сплаў грэцкіх і старарускіх традыцыяў з сучаснымі архітэктурнымі формамі і цікавымі інтэр’ернымі вырашэньнямі. Ці хутка нашы царкоўнікі адважацца на такія сьмелыя праекты? Пэўна, не раней, чым вызваляцца з абдымкаў “трэцяга Рыму”.
Васіль Аўраменка, Магілёў