навіны гаспадарскія

СУМЕСНАЕ АМЭРЫКАНСКА-БЕЛАРУСКАЕ ЗАТ “Бровар “Дзеднава” будзе створана на базе бабруйскага ААТ “Дзеднава”. Акцыянэрамі стануць амэрыканская кампанія “Detroit Brewing Co” і бабруйскія півавары. Кантрольны пакет новага прадпрыемства будзе належаць амэрыканцам. 4 верасьня праект ухваліў кіраўнік магілёўскай вэртыкалі Барыс Батура.

ПРЫМАЦЬ БУЛЬБУ будуць па 170–190 рублёў за кг. У крамах яна будзе каштаваць на 30% болей.

ПРЫВАТНЫМ АСОБАМ ЗАБАРОНЕНА перавозіць па тэрыторыі Беларусі больш за 100 л бэнзыну і дызпаліва апроч таго, што ёсьць у баках. Гэтая забарона ўведзеная адмысловым дэкрэтам прэзыдэнта і ўхваленая Саўмінам. Штраф за парушэньне – 50 базавых велічыняў (555 тыс. рублёў).

49 ВАЙСКОВЫХ ГАРАДКОЎ перадасьць Міністэрства абароны на балянс мясцовых выканкамаў, а таксама міністэрстваў і ведамстваў да канца 2002 г. 20 гарадкоў перададзеныя ўжо ў камунальную ўласнасьць.

10 МЛН. ЮАНЯЎ (каля 1,2 млн. даляраў) – памер бязвыплатнай дапамогі Беларусі ад ураду Кітаю. Адпаведная дамова была падпісаная падчас візыту ў Менск урадавай дэлегацыі КНР.

БЕЛАРУСКАЯ ДАІ ўвяла новыя стаўкі: каб атрымаць па-за чаргой дзяржаўныя рэгістрацыйныя знакі з жаданай камбінацыяй лічбаў, давядзецца заплаціць 200 даляраў. За дазвол на эксплюатацыю машынаў з танаваным шклом прыватная асоба мусіць выкласьці 350 даляраў, юрыдычная – 550.

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК “БЕЛАЯ РУСЬ” плошчай 25 тыс. га плянуецца адкрыць на тэрыторыі Лагойскага раёну ў 2003 г. Парк будзе спрыяць разьвіцьцю ў Беларусі экалягічнага турызму.

ЗАРОБКІ БЮДЖЭТНІКАЎ вырастуць на 10%. З 1 верасьня найменшая тарыфная стаўка падвысілася з 19500 да 23200, а базавая велічыня – ад 10 да 11,1 тыс. рублёў. Наступнае падвышэньне заробкаў урад плянуе на сьнежань.

10 ТЫС. АБЛІГАЦЫЯЎ намінальнай вартасьцю 100 даляраў мяркуе выпусьціць Нацбанк. Набыць іх можна будзе з 30 верасьня як за даляры, так і за рублі па афіцыйным курсе на дзень продажу. Тэрмін абарачэньня аблігацыяў – год.

РАДЫЁТЭЛЕВІЗІЙНАЯ СТАНЦЫЯ пачала працаваць у пасёлку Абухова на Аршанчыне. Яна будзе абслугоўваць Аршанскі, Сеньненскі, Дубровенскі й Талачынскі раёны.

МАЛАКО ЗЬ ЁДАМ для жыхароў забруджаных чарнобыльскіх тэрыторыяў пачало выпускаць гомельскае аб’яднаньне “Малочныя прадукты”.

ВЫТВОРЦУ НАЙЛЕПШАГА КАМПУТАРА сярод беларускіх кампаніяў, што выпускаюць вылічальную тэхніку, абяруць у часе выставы “PTS-2002” у лістападзе.

КАМУНАЛЬНЫЯ ТАРЫФЫ пабольшалі на 3,3%. Цяпер за стандартную аднапакаёўку трэба плаціць 9,1, за двухпакаёўку – 13,3, за трохпакаёўку – 17,7 даляра ў месяц. З ацяпленьнем плаціць давядзецца болей – адпаведна 16, 23,8 і 32,7 даляра.

УКЛАДНІКАМ “БЕЛКАМБАНКУ”, які збанкрутаваў, сплачваюць кампэнсацыі да 1 кастрычніка. Пазьней вярнуць свае грошы можна будзе толькі праз суд.

КАЛГАСАМ І ПТУШКАФАБРЫКАМ сьпішуць 48 млрд. рублёў і 14,5 млн. даляраў ранейшых пазыкаў. Апроч таго, камэрцыйныя банкі дадуць сельскай гаспадарцы 50 млрд. рублёў новых крэдытаў на нарыхтоўку збожжавых кармоў. Кампэнсаваць страты банкаў будзе менскі бюджэт.

ЧЫСТЫЯ ЗАМЕЖНЫЯ АКТЫВЫ Нацбанку ад пачатку 2002 г. скараціліся на 19,9% і складаюць цяпер 694,2 млн. даляраў (на 1 студзеня было 743,7 млн. даляраў), замежныя пасівы – 423,7 млн. даляраў (на 1 студзеня – 405,9 млн. даляраў).

С.І., Аркадзь Шанскі

 

“Беларусаў” будуць зьбіраць ва Ўкраіне

Лінія зборкі трактароў “Беларус” адкрылася на базе АТ “Завод “Ленінская кузьня” ў Чарнігаве. Да канца году Менскі трактарны завод паставіць ва Ўкраіну 600 трактаракамплектаў. Налета пастаўкі вырастуць. Рухавікі для трактароў будуць зьбіраць на Наваград-Валынскім аўтаагрэгатным заводзе. Да канца 2002 г. там будзе сабрана 300—400 рухавікоў. У Кіеве ж распачнецца зборка недарагой беларускай сельгастэхнікі. Плянуецца наладзіць таксама гарантыйнае ды сэрвіснае абслугоўваньне тэхнікі.

Беспрацоўныя хаваюцца

За жнівень у Беларусі на 4,7 тыс. паболела беспрацоўных. На першым месцы Віцебская і Магілёўская вобласьці (па 21 тыс. чалавек), найменш беспрацоўных на Гарадзеншчыне (14,5 тыс.). Агулам “незанятае ў эканоміцы працаздольнае насельніцтва” Беларусі складае каля 840 тыс. чалавек. У дзяржаўнай службе занятасьці зарэгістравана толькі 124 тыс. Людзі ня хочуць рэгістравацца, бо дапамога па беспрацоўі складала на 1 жніўня 16,4 тыс. рублёў. А каб яе атрымаць, чалавек мусіць браць удзел у грамадзкіх працах (прыбіраць тэрыторыі й інш.).

Дамейкаў рубель

Манэты з выявай Ігната Дамейкі ўвёў у абарот Нацбанк. Было адбіта дзьве тысячы медна-нікелевых рублёў і тысяча срэбных дваццацірублёвікаў.

Пастка для зюдарбайтараў

Гарадзкi суд Пiнску вырашыў канфiскаваць 25 т збожжа, два аўтамабiлi i два трактары ў калгаса iмя Ленiна Драгiчынскага раёну, паведаміла радыё “Свабода”. Кiраўнiцтва калгасу абвiнавачанае ў спрыяньні ўкраiнскiм грамадзянам, якія пераходзілі дзяржаўную мяжу па-за пунктам памежнага кантролю. Пiнскiя памежнiкі затрымалi калгасны транспарт, які зьехаў з асноўнай аўтамагiстралi, каб нелегальным чынам трапiць ва Ўкраiну i пазьбегнуць мытных выдаткаў за вываз збожжа. Штогод грамадзяне Ўкраіны, якія жывуць на памежных тэрыторыях, шукаюць працу ў калгасах Берасьцейшчыны. Украiнцы гатовыя атрымлiваць заробак збожжам, бульбай, буракамi. Кiраўнiцтва калгасаў i ўкраiнцы падпісалі адпаведныя дамовы. Але беларускія мытнікі перасталі лiчыць гэтыя дамовы законнымi і канфіскоўваюць “заробак” у даход дзяржавы.

Глеб Хмяльніцкі. Паводле БелаПАН, радыё “Свабода”

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0