Сяргей Навумчык

Дыяспара дамагаецца ад ЗША гарантыяў беларускай Незалежнасьці

Днямі ў Нью-Ёрку адбыліся дзьве падзеі — пасяджэньне Прэзыдыюму Рады БНР і 25-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі (ладзіцца кожныя два гады, зьбірае эміграцыю з ЗША і Канады). Як ацэньвае сытуацыю ў Беларусі дыяспара?

Цягам дзесяцігодзьдзяў дыяспара была адзіным асяродкам, які захоўваў ідэалы БНР. Пачынаючы з 50-х, штогод у жніўні па Пятай авеню Нью-Ёрку, падчас Дня паняволеньных народаў, ішла вялізная калёна беларусаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Штогод 25 сакавіка пасяджэньне Кангрэсу ЗША распачыналася малітвай беларускіх сьвятароў. На сустрэчах з прэзыдэнтамі ЗША лідэры дыяспары нагадвалі, што Беларусь акупаваная Масквой і павінна быць незалежнай. Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку праводзіў навуковыя дасьледаваньні, выдаваў кнігі, якія дапамагалі заходнім навукоўцам вывучаць гісторыю Беларусі, яе літаратуру і культуру. Шмат якія з тых выданьняў былі перапраўленыя ў БССР і паўплывалі на сьветапогляд тых, хто потым ствараў новую хвалю беларускага Адраджэньня.

У цяперашніх умовах вынішчэньня беларушчыны ў Беларусі дыяспара ўзмацніла асьветніцкую дзейнасьць, фінансава падтрымліваючы шмат якія культурніцкія і літаратурныя праекты на Бацькаўшчыне.

Беларускія асяродкі ў ЗША не атрымліваюць ніякай фінансавай дапамогі ад уладаў. Рада БНР не карыстаецца фінансавай падтрымкай ні ўраду ЗША, ні іншых урадаў, падкрэсьліваючы тым самым уласную незаангажаванасьць ад кіраўніцтва дзяржаваў. Усё, што робіцца беларускай дыяспарай, — робіцца коштам ахвяраваньняў саміх беларусаў. Менавіта таму пазыцыя дыяспары не залежыць ад палітычнай каньюнктуры падчас зьмены кіраўніцтва ў Вашынгтоне ці ў іншых сталіцах.

 

“Сувэрэнітэтная” рыторыка

“Сувэрэнітэтная” рыторыка Лукашэнкі дыяспару ў зман не ўвяла. Адразу пасьля перамоваў у Крамлі Рада БНР у сваёй заяве адзначыла павелічэньне пагрозы анэксіі Беларусі; пра гэта ж гаварылася і на 25-й Сустрэчы беларусаў ЗША і Канады.

А вось стаўленьне да дзеяньняў некаторых лідэраў апазыцыі не было адназначным і выклікала зьдзіўленьне. Чаму ў пэўных апазыцыйных колах спыненьне трансьляцыі маскоўскіх каналаў выклікала нэгатыўную ацэнку? Хіба Масква не прапагандуе інтэграцыйных ідэй? Хіба не апазыцыя казала, што расейскія тэлеканалы фармуюць мэнтальнасьць, паводле якой Беларусь — правінцыя, а сталіца — Масква? Адказам на гэтыя рытарычныя пытаньні можа быць — “Вы ў Нью-Ёрку (Атаве, Таронта, Бостане) ня ведаеце нашых рэаліяў. Толькі праз маскоўскія каналы можна даведацца крытычную інфармацыю адносна Лукашэнкі”. Але ў цывілізаваным сьвеце дзяржава мае права самастойна вызначаць інфармацыйную палітыку. У вельмі дэмакратычнай Францыі прапорцыі нацыянальных і іншаземных фільмаў у кінатэатрах жорстка рэгулююцца. А за прагляд замежных тэлеканалаў звычайна трэба плаціць.

Грамадзяніну заходняй дзяржавы цяжка зразумець, як можна радавацца, што твая краіна будзе губляць штогод дзясяткі мільёнаў даляраў. Так, нядаўняе рашэньне весьці трубаправод праз Украіну ў абход Беларусі — гэта вялізная параза Лукашэнкі, паказьнік непрафэсіяналізму ягонага ўраду, правал усёй “шматвэктарнай палітыкі”. Але найперш гэта — страта для Беларусі.

Заява Лукашэнкі пра тое, што Расея вінавата Беларусі мільярд даляраў, выклікала сьмех у некаторых палітыкаў і камэнтатараў. Гэта натуральная рэакцыя на словы чалавека, які грунтаваў сваю кампанію на адмаўленьні якіх бы там ні было эканамічных каштоўнасьцяў сваёй краіны (“Нас ніхто не чакае”, “У нас нічога няма”, “Без Расеі не пражыць”). Але ж сьмяяліся не з імгненнай пераарыентацыі — сьмяяліся зь лічбы. А на пачатку 90-х ценявы кабінэт апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце пад кіраўніцтвам Уладзімера Заблоцкага вылічыў яшчэ большую лічбу патэнцыйных даходаў Беларусі ад транзыту — 1,2—1,5 млрд. даляраў.

Амэрыканскія беларусы

Амэрыканскія беларусы, якіх жыцьцё прывучыла глядзець на рэчы прагматычна, ня схільныя падвяргаць абструкцыі ўсе без выключэньня дзеяньні афіцыйнага Менску толькі таму, што яны зробленыя ўладамі, а не апазыцыяй.

А з другога боку, маім суразмоўцам былі незразумелыя заклікі падтрымаць Лукашэнку ў ягонай нібыта “барацьбе за Незалежнасьць”. Для большасьці беларускіх эмігрантаў (і гэта тычыцца ня толькі старэйшага пакаленьня) Незалежнасьць непарыўна зьвязаная з элемэнтамі дзяржаўнасьці, якія Лукашэнка зьнішчыў.

І сапраўды, што здарылася пасьля таго, як Лукашэнка зьмяніў інтэграцыйную рыторыку на “сувэрэнную”?

За месяц афіцыйны Менск не зрабіў ніводнага захаду, які б можна было ўспрыняць як падтрымку беларускага, нацыянальнага.

Нацыянальная інтэлігенцыя маргіналізуецца, яна выціснутая зь дзяржаватворных і палітычных працэсаў, апускаецца ў жабрацтва. Супрацоўнікі беларускамоўнай газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка адпраўленыя на паднявольную працу. У большасьці школаў дзеці працягваюць вучыцца па-расейску, ды яшчэ і па падручніках, напісаных у суседняй дзяржаве.

Пакуль што Лукашэнка змагаецца ніяк не за Незалежнасьць — ён імкнецца ўтрымаць уладу. На Сустрэчы паўночнаамэрыканскіх беларусаў прагучала думка, што паверыць у шчырасьць Лукашэнкі можна было б, калі б ён вярнуў бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”, а беларускую мову зрабіў адзінай дзяржаўнай мовай, як гэта і было да “рэфэрэндуму” 1995 г.

Беларускай апазыцыі прапануюць падтрымаць Лукашэнку, бо ў адваротным выпадку, калі будзе страчаная краіна, давядзецца кусаць сабе локці. Гэта было б слушна — калі б існаваньне краіны залежала выключна ад таго, падтрымае апазыцыя Лукашэнку ці не. Аднак сёньня “пазыцыя апазыцыі” мала што вырашае.

І нарэшце — ці прасіў сам Лукашэнка пра такую падтрымку?

Пазьняк ды Лябедзька яшчэ не пасьпелі пракамэнтаваць заяву Лукашэнкі, а прэзыдэнцкія газэты ўжо “прадбачліва” пазьдзекаваліся з магчымай рэакцыі апазыцыі.

Час ідзе, але афіцыйны Менск ніякіх станоўчых захадаў у бок апазыцыі ня робіць. Хоць магчымасьцяў багата — ад сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі апазыцыйных партыяў пад тэлекамэрамі (хапіла б хвіліннага рэпартажу) да перамоваў супрацоўнікаў адміністрацыі з тымі самымі лідэрамі ці іх даверанымі асобамі. Нічога гэтага няма. Наадварот — цкаваньне апазыцыі афіцыйнымі СМІ толькі ўзмацнілася.

Дык як жа будзе выглядаць апазыцыя, калі пачне навязьліва прапаноўваць Лукашэнку свае паслугі? Бог зь ім, з іміджам — якая карысьць будзе ад такіх прапановаў?

Для беларусаў замежжа, якія выхоўваліся на дэмакратычных традыцыях, у павазе да правоў асобы, да свабоды слова, гэтыя паняткі непадзельна зьвязаныя з памкненьнем бачыць Беларусь незалежнай краінай. Альтэрнатыва “дэмакратычная рынкавая зона бяз Лукашэнкі ў складзе Расеі — альбо самастойная краіна з дыктатарам Лукашэнкам яшчэ на шмат гадоў” бачыцца ім штучнай. Тыя беларусы, якія былі вымушаныя пакінуць Бацькаўшчыну ды апынуліся ў ЗША, Канадзе, эўрапейскіх краінах, здолелі пабудаваць заможнае жыцьцё сваім сем’ям. Іх суайчыньнікі, што засталіся ў Беларусі, нічым ня горшыя за іншыя народы, якія дасягнулі дабрабыту без пратэктарату нейкага суседа, хай бы нават ён і называў сябе “вялікім”.

 

Дапамагчы Беларусі

Дапамагчы Беларусі ўтрымаць незалежнасьць і дасягнуць дэмакратыі — галоўная мэта дыяспары. Бярэцца пад увагу тое, што міжнародная палітыка ў дачыненьні да Беларусі фармуецца пад уплывам ЗША. Апошнім часам Рада БНР актывізавала дзейнасьць і ў эўрапейскіх сталіцах, але галоўным пунктам увагі па-ранейшаму застаецца Вашынгтон.

Наагул, лабіраваньне беларускай праблематыкі ў Вашынгтоне апошнія гады ішло па двух напрамках. Першы кірунак— гэта амэрыканскія праваабарончыя арганізацыі і так званыя рэсурсныя цэнтры, якія акцэнтавалі ўвагу амэрыканскіх палітыкаў выключна на парушэньнях правоў чалавека. Пры гэтым беларускі, нацыянальны аспэкт не уздымаўся. Некаторыя кіраўнікі такіх арганізацыяў схільныя бачыць у ім небясьпеку нацыяналізму ў адмоўным разуменьні гэтага тэрміну. У лепшым выпадку — “прагматычна” пагадзіцца зь існай сытуацыяй “дзьвюхмоўя”. А шмат хто ў Амэрыцы лічыць, што не было б вялікай бяды, калі б Расея далучыла Беларусь, “дэмакратызаваўшы” яе. Прычым прыхільнікі такой канцэпцыі разумеюць, што пра “дэмакратыю” і “рынак” у Расеі казаць можна толькі ўмоўна.

Другі кірунак — гэта беларуская дыяспара і, найперш, Рада БНР, што мае на мэце пераканаць амэрыканскіх палітыкаў у неабходнасьці захаваньня незалежнасьці Беларусі, зьвярнуць увагу на становішча беларускай мовы, зьнішчэньне нацыянальных каштоўнасьцяў, праявы нацыянальнай дыскрымінацыі. Дыяспара ня мае ўплыву на выдаткоўваньне грантаў арганізацыям у Беларусі (што стала вынікам высілкаў пэўных колаў у Менску). Аднак пры гэтым дыяспара захоўвае і нават пашырае ўплыў на палітычныя рашэньні Вашынгтону. У Амэрыцы прызвычаіліся паважаць кожны голас выбарца (вось і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах на вынік паўплывалі лічаныя галасы). І стаўленьне сэнатараў ці кангрэсмэнаў да меркаваньня асобаў, якія жывуць у іх акрузе, паважнае. Тым больш калі такіх асобаў некалькі дзясяткаў ці сотняў (а пад Кліўлендам і Нью-Ёркам беларусаў тысячы). А выканаўчая ўлада ў Амэрыцы паводле Канстытуцыі выконвае рашэньні прадстаўнічага органу — Кангрэсу.

Менавіта актывісты дыяспары ў ЗША і ў Канадзе ладзяць пікеты ля дзяржаўных установаў і дыпляматычных місіяў Рэспублікі Беларусі. А лідэры дыяспары сустракаюцца з амэрыканскімі палітыкамі, нагадваючы, што ЗША, разам зь Вялікабрытаніяй, выступілі дзесяць гадоў таму гарантам Незалежнасьці Беларусі — калі тая пагадзілася вывесьці са сваёй тэрыторыі ядравую зброю.

А ўявім, што такое пагадненьне не было б падпісана і зброя засталася б на тэрыторыі Беларусі. Сёньня амэрыканскія аналітыкі наўпрост зьвязваюць пляны ваеннай апэрацыі ЗША ў Іраку з тым, што праз паўгоду Хусэйн можа падысьці да стварэньня ядравай зброі. Тое, што для выкарыстаньня ядравых элемэнтаў у Беларусі няма ракетаў ці нейкіх іншых тэхналёгіяў, ня мела б істотнага значэньня — Садаму Хусэйну, які сябруе з афіцыйным Менскам, патрэбныя якраз самі гэтыя элемэнты. Камэнтары залішнія.

Таму, пагаджаючыся вывезьці ядравую зброю, тагачасныя палітыкі Беларусі пазбавілі сёньняшняе кіраўніцтва ЗША ад вялікага галаўнога болю. І беларуская дыяспара ў ЗША адчувае за сабой маральнае права дамагацца ад Вашынгтону выкананьня гарантыяў.

На пасяджэньні прэзыдыюму Рады БНР і ў рашэньнях 25-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі галоўнай задачай вызначана спрыяньне прыняцьцю Кангрэсам ЗША закону, вядомага як “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі — 2002”. Гэты законапраект ствараўся ў выніку кансультацыяў у тым ліку і з дыяспарай. Законапраект вызначае пазыцыю ЗША ў дачыненьні да праблемы Незалежнасьці Беларусі і выразна вызначае, чаго б жадаў Вашынгтон ад Расеі: “Злучаныя Штаты жыцьцёва зацікаўленыя ў незалежнасьці і сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусі й у яе інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў” (разьдзел 2, пункт 2). Кангрэс заклікае ўрад Расейскай Фэдэрацыі “ўжыць свае ўплывы для заахвочваньня разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі, каб Беларусь магла стаць дэмакратычнай, заможнай, сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, інтэграванай у Эўропу” (разьдзел 8, пункт 5).

Як бачна, ні пра якую анэксію, ні пра які “саюз” ці нават беларуска-расейскую “інтэграцыю” гаворка ня йдзе. І гэта — тая самая канцэпцыя, ажыцьцяўленьня якой цяпер дамагаюцца Рада БНР і беларускія асяродкі ў Амэрыцы.

Нью-Ёрк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0