З усёй краіны

 

Napad na chutkuju

1 vieraśnia a 10-j viecara na baranavickuju bryhadu chutkaj dapamohi byū ździejśnieny napad. Niećviarozy mužčyna sprabavaū razabracca z daktarami, zajaūlajučy, što jon supracoūnik “orhanaū”. Adnak kiroūca chutkaj pjanaha skruciū i advioz u milicyju. Ranicaj praćvierazieły milicyjant pryjšoū prasić prabačeńnia. Čatyry miesiacy tamu takoje zdareńnie ūžo było ū Baranavičach. Tady taksama “hierojem” napadu byū milicyjant u cyvilnym.

Aficerskija prybytki

Vajskovaja prakuratura padčas pravierki adnoj z baranavickich vajskovych čaścej vyśvietliła, što jaje aficery nie pradeklaravali svajich prybytkaū ci zrabili heta farmalna. Šmat chto ź ich maje pa niekalki kvater dy šykoūnyja aūto, a deklaracyj dziaržava nikoli j nia bačyła.

Karcaūskija znachodki

Na poli kala vioski Karcava, što la Baranavič, byū vykapany snarad. Vyklikanyja sapiory vyjavili jašče adzin na ūskrajku pola. Abodva ź pieršaj suśvietnaj vajny. Takuju samuju “štuku” vykapaū dniami j traktaryst vioski Tracevičy Karcaūskaha sielsavietu. Karcava j navakolle dobra viadomaje sapioram — miesiac tamu jany ūžo vyvozili adsiul “mikałajeūskija” snarady. Adzin z pola, a druhi z padvorku — haspadynia, znajšoūšy snarad, pryciahnuła jaho pad chatu, kab vykarystoūvać jak taūkač.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Гарадзенскаму заапарку — 75

22 верасьня адзіны ў Беларусі заапарк у Горадні адсьвяткуе 75-годзьдзе. У праграме сьвята — канцэрт, выставы, спаборы. Абласное таварыства зьвязу філятэлістаў ладзіць выставу, прысьвечаную прыродзе. Уваход у заапарк у той дзень будзе бясплатны, але толькі для тых, хто прынясе падарункі для жывёлін. Прыкладам, садавіну.

Алеся Навіцкая, Горадня

Згарэла крама

Ня стала крамы ў вёсцы Ўласаўцы, што на Івацэвіччыне. Сярод дня пажар зьнішчыў сьцены і дах будынку. Загадчыца крамы падчас абедзеннага перапынку згрэбла сьмецьце ля сельмагу, кучу падпаліла, а сама пабегла дахаты. Агонь перакінуўся на дровы, складзеныя ля будынку, потым на сьцены і дах. Тавары таксама пашкоджаныя: што папсаваў агонь, што пажарнікі.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

“Мой родны кут”

У Дзятлаве на Гарадзеншчыне выйшаў другі нумар бюлетэню “Мой родны кут...”, які выдае раённая арганізацыя ТБМ. Выпуск прысьвечаны жыдоўскай тэматыцы й прымеркаваны да 60-х угодкаў зьнішчэньня Дзятлаўскага гета. На той час жыды складалі 90% насельніцтва мястэчка, цяпер жыве толькі адзін прадстаўнік гэтага народу, жывы сьведка тых падзей.

Зьміцер Чарнель, Горадня

Новы старшыня Гарадзенскага ТБМ

Гарадзенская суполка ТБМ 9 верасьня абрала сабе новага старшыню. Вітаўта Парфёненку на гэтай пасадзе зьмяніў Валеры Задаля, журналіст. На сходзе таксама былі разьмеркаваныя абавязкі сяброў рады, у якую ўваходзяць, апроч сп.Валер’я, Аляксандар Місьцюкевіч — старшыня абласной арганізацыі ТБМ, доктар біялягічных навук Ніна Кануньнікава, краязнаўца Алесь Талерчык, прафэсар Аляксей Пяткевіч, начальнік аддзелу капітальнага будаўніцтва “Горадняэнэрга” Кастусь Жынь, паэт Юрась Пацюпа, настаўнік Хведар Чычкан і студэнтка факультэту гісторыі ўнівэрсытэту Алеся Сідлярэвіч. Падчас сходу таксама ішла размова пра адкрыцьцё ў кожным раёне гораду беларускамоўных школаў і беларускай гімназіі.

Пра Горадню з Сэйнаў

Першы нумар краязнаўчага альманаху “Горад Сьвятога Губэрта — Гісторыя Горадні ХХ ст. у вусных успамінах” быў надрукаваны ў Сэйнах (Сувальшчына). Гэты нумар складаецца з трох разьдзелаў: “Горадня ў ІІ сусьветнай вайне”, “Фара Вітаўта” й “Памяць”. Кожны разьдзел, апроч успамінаў сьведак, мае ілюстрацыі й гістарычныя даведкі. У стварэньні альманаху бралі ўдзел навучэнцы нядзельнай гісторыка-краязнаўчай школы, якая працавала пры Гарадзенскім аб’яднаньні “Ратуша”.

Андрэй Мялешка, Горадня

Дашок ня вытрымаў

У цэнтры Рэчыцы, каля магазыну “Юбілейны”, на людзей абваліўся гандлёвы навес. Заўсёды ён пуставаў, бабулькі сядзелі проста на зямлі зь яблычкамі ды памідорамі. У той дзень усіх прадаўцоў прымусіў прайсьці пад дашок участковы міліцыянт, якому раніцай зрабілі вымову за антысанітарыю. Мабыць, той гандлёвы дашок ня вытрымаў такой колькасьці тавару, але кажуць, што стойкі былі падпілаваныя. У выніку шмат параненых, чацьвёра ў цяжкім стане знаходзяцца ў рэанімацыі.

Сьвятлана Палонская, Рэчыца

Алесь Пушкін у Слоніме

Мастак Алесь Пушкін 6 верасьня гасьцяваў у Слоніме. Усе, хто трапіў на сустрэчу зь ім у раённую бібліятэку імя Якуба Коласа, пабачылі відэаролікі: мастацкі фільм пра ягоную творчасьць, пэрформансы, а таксама шэсьць партрэтаў з сэрыі “Беларускі рэзыстанс ХХ ст.”. Пасьля сустрэчы яе ўдзельнікі, пабраўшы тыя партрэты, накіраваліся ў рэдакцыю “Газеты Слонімскай” на адкрыцьцё выставы карцінаў Алеся Пушкіна. У Слоніме ў той дзень адбываліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя 750-годзьдзю места, праваахоўнікам працы хапала, і “хросны ход” перашкодаў на шляху не сустрэў. Выстава мае знаходзіцца ў Слоніме каля месяца.

Алесь Масюк, Слонім


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0