На “праваслаўных землях”

Беларускія ксяндзы — пра становішча каталікоў у Расеі

Ужо працяглы час між Касьцёлам і Расейскай праваслаўнай царквой не зьнікае напружаньне. РПЦ вінаваціць каталікоў у празэлітызьме — “перацягваньні праваслаўных расейцаў у каталіцкую веру”. “Празэлітызмам у Расеі займаецца сам Хрыстос”, — кажа айцец Сяргей Сурыновіч, беларускі ксёндз, які служыць у Пярмі.

 

Каталікоў прывезьлі мусам

Супрацьстаяньне ўзмацнілася ў лютым, калі Папа Рымскі Ян Павал II ператварыў чатыры апостальскія адміністратуры Касьцёлу ў Расеі ў рыма-каталіцкія япархіі: Перамяненьня Гасподняга з цэнтрам у Новасібірску, Сьвятога Клімэнта — у Саратаве, Сьвятога Язэпа — у Іркуцку. Архіяпархію Божай Маці з цэнтрам у Маскве, а таксама заснаваную мітраполію, у якую ўвайшлі ўсе расейскія япархіі, ачоліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэтая зьмена выклікала вельмі нэгатыўную рэакцыю Расейскай праваслаўнай царквы, якая вінаваціць Ватыкан у “экспансіі на праваслаўныя землі”. РПЦ таксама выступіла катэгарычна супраць візыту Папы ў Расею. Праваслаўныя ладзілі пікеты, патрабуючы “прыбраць каталікоў з расейскай зямлі”. Адказ Ватыкану не прымусіў сябе чакаць. У ім, між іншага, адзначалася, што каталікі ў Расеі зьявіліся дзякуючы расейскім уладам, якія стагодзьдзямі высылалі іх зь Беларусі, Польшчы ды іншых захопленых эўрапейскіх краінаў у Сібір.

Розныя традыцыі

Як сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні, расейскае грамадзтва пераважна прыхільна ставіцца да Касьцёлу. Паводле вынікаў экспрэс-апытаньня радыёстанцыі “Эхо Москвы”, у якім узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, 69% слухачоў лічаць, што каталіцтва не нясе пагрозы Расеі, і толькі 31% перакананыя, што такая пагроза існуе.

Бачыць для сябе пагрозу з боку Касьцёлу РПЦ. Ужо цяпер колькасьць каталікоў у Расеі неафіцыйна ацэньваецца ў 1,3 млн. чалавек, і гэтая лічба ўвесь час расьце. Расейскамоўная газэта “Русская мысль”, што выходзіць у Парыжы, лічыць прычынай гэтага росту адрознасьць традыцыяў праваслаўнай і каталіцкай Цэркваў: “Сацыяльная работа ніколі не адыгрывала ў праваслаўі сур’ёзнай ролі — Царква клапацілася найперш пра выратаваньне душаў вернікаў. У каталікоў, наадварот, ёсьць вялізны досьвед канкрэтнай дапамогі бедным слаям насельніцтва, стварэньня сацыяльных установаў”. Дабрачынную дапамогу ад Ватыкану атрымлівае нават сама РПЦ — 20 млн. эўра за апошнія дзесяць гадоў. Пра гэта праваслаўныя ярархі згадваць ня любяць…

Вернікі і касьцёлы

У савецкія часы ў Расеі дзейнічалі толькі дзьве рыма-каталіцкія парафіі: у Ленінградзе і ў Маскве. На сёньня ў Расеі зарэгістраваныя 302 парафіі, вакол якіх гуртуюцца 500 тыс. вернікаў, дзейнічаюць 108 касьцёлаў і капліцаў. Найвялікшыя парафіі — у Маскве, Пецярбургу, Уладзімеры, Калузе, Цьверы, Самары, Сочы, Астрахані, Новасібірску, Іркуцку, Калінінградзе, Пярмі. Сярод вернікаў — ня толькі расейцы, але й палякі, беларусы, літоўцы, немцы, украінцы, французы ды інш.

Расейскія рыма-каталікі маюць свае навучальныя ўстановы: вышэйшую духоўную сэмінарыю ў Пецярбургу і каледж каталіцкай тэалёгіі імя сьв.Тамаша Аквінскага ў Маскве. У Пецярбургу працуе радыёстанцыя “Радио Марии”, а ў Маскве выдаецца газэта “Свет Евангелия” (галоўны рэдактар — беларус Віктар Хруль). Ёсьць у расейскіх рыма-каталікоў і афіцыйны сайт у Інтэрнэце: Catholic.ru

Беларускі паэт
і сьвятар

У расейскім горадзе Перм служыць айцец Сяргей Сурыновіч. Ён нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, вучыўся ў Горадні. Потым перавёўся ў Санкт-Пецярбург, як прызнаецца сам, “адчуваючы патрэбы каталіцкага духавенства ў Расеі”. У Пецярбургу а.Сурыновіч цесна супрацоўнічаў зь мясцовымі беларусамі, пад псэўданімам Яўген Бартніцкі рэдагаваў газэту “Krynica”, выдаў два зборнікі сваіх вершаў “Летуценьнік” і “Пакліканьне”. Зь верасьня а.Сурыновіч пачаў выкладаць беларускую мову ў Пермскім дзяржаўным пэдунівэрсытэце. У Беларусі бывае часта, бо тут жывуць ягоныя бацькі, тут ён “атрымлівае сілы для далейшага сьвятарскага служэньня”.

“Праца ў Расеі трошкі іншая, чым у Беларусі, гарманічна злучанай з Касьцёлам стагодзьдзямі гісторыі й культуры, — кажа а.Сурыновіч. — Каталіцкія храмы ў Расеі наведвае менш людзей, і праца сьвятара скіраваная на індывідуальнасьць. Істотнымі зьяўляюцца й нацыянальныя асаблівасьці каталікоў. Да пермскай парафіі належаць прадстаўнікі 14 нацыянальнасьцяў. Гэтага нельга ня ўлічваць — трэба будаваць сьвятарскую працу на нясеньні Слова Божага людзям на іх роднай мове”.

Большасьць парафіянаў айца Сяргея Сурыновіча складаюць расейцы, пераважна інтэлігэнцыя, якая “праз сваё захапленьне культурай Захаду знаходзіць сябе ў каталіцкіх сьвятынях”. У Касьцёл людзі прыходзяць па-рознаму. Наш зямляк прыгадвае такі выпадак. Студэнты-гісторыкі ладзілі раскопкі на адной з вуліцаў Пярмі ды знайшлі каталіцкае расьпяцьце. Якім чынам яно туды патрапіла — невядома. Празь некалькі месяцаў фігуру Хрыста студэнты прынесьлі ў касьцёл, а праз год гэтыя студэнты прыйшлі туды сама хрысьціцца. “Як бачыце, празэлітызмам у Расеі займаецца сам Хрыстос, толькі яго абвінаваціць цяжэй, чым каталіцкіх сьвятароў”, — кажа айцец Сурыновіч.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0