Сабачыя гісторыі
Адзін сабака прыехаў у калгас дапамагчы выбраць бульбу. Вечарам да сабакі падцікаўся Граждан і пацікавіўся: “А вам дзевачкі нужны? Членам ЧК скідкі...”
Адзін сабака выбраў у сваім гародзе бульбу і пачаў дапамагаць суседу. Граждан пабег за дзесяць кілямэтраў на пошту і даў тэлеграму ў Менск: “Ураджайнасьць малая. Срочна прыяжджайце. Эксплюатацыя чалавека выйшла з-пад кантролю”.
Адзін сабака з раніцы да вечару выбіраў бульбу. Граждан з раніцы да вечару піў і крычаў, што ён ударнік камуністычнай брыгады і яго конь стаіць на апасным пуці.
Адзін сабака вёз прадаваць бульбу. Граждан пераапрануўся ў Дзяржынскага, напаў на фурманку і, адабраўшы бульбу, прыгаварыў сабаку да пажыцьцёвай катаргі на карысьць дзяцей Паволжа.
Адзін сабака хаваўся ў бульбу. Граждан хаваўся ў танку і пісаў лісты таварышу Дзяржынскаму.
Адзін сабака любіў дранікі з маладой бульбы. А Граждан дзёр старую Сідараву казу.
Адзін сабака выбіраў бульбу. Граждан хадзіў па вёсцы і шукаў дабравольцаў у ЧК, каб належна адзначыць ардэнаносны юбілей Фэлікса Эдмундавіча.
В.Ш.