Так казаў Лукашэнка

Кроніка выступаў прэзыдэнта перад СМІ — абяцаньні, пагрозы, дэклярацыі

12 ліпеня 1994: мяне патопіце — самі патонеце

Прэзыдэнт Беларусі на першай пасьля абраньня прэсавай канфэрэнцыі кажа: “Ад гэтага моманту прэса можа лічыць сябе свабоднай”, прызнае нерэальнасьць аднаўленьня СССР і зьвяртаецца да бізнэс-клясы: “Вы зь мяне выбіваць рэформы, ліцэнзіі і квоты ня будзеце. Калі вы мяне патопіце, дык і самі патонеце”.

11 лістапада 1994:
цэны на месца!

Падчас адпачынку Лукашэнкі ў Сочы падвысіліся цэны. Прэзыдэнт, вярнуўшыся, бачыць у гэтым падкопы апанэнтаў. “Варта было выехаць за межы рэспублікі, як некаму было выгадна ўзьняць цэны. З панядзелка ўсе цэны павінны быць вернутыя на свае месцы”. Кіраўнік краіны зьвяртаецца да “так званых камэрсантаў”: “Хачу апошні раз папярэдзіць пра тое, што вы прыкладаеце вельмі шмат намаганьняў для дэстабілізацыі эканомікі Рэспублікі Беларусі”. Лукашэнка скардзіцца журналістам: “Дэпутаты спрабуюць блякаваць усе рашэньні прэзыдэнта”. Адвяргаючы абвінавачаньні ў аўтарытарызьме, ён заяўляе: “Мы ніколі ня скоцімся да дыктатуры”.

27 сьнежня 1994: ісьцінная мафія

Прэзыдэнт кажа пра эканамічны прагрэс пад яго кіраўніцтвам і разбуральную дзейнасьць БНФ. “У гісторыю я ўвайду такім, якім мяне хоча бачыць беларускі народ… Ісьцінная мафія вырашыла сёньня прыбраць і Лукашэнку, першага беларускага прэзыдэнта, ад улады. Не атрымаецца, шаноўныя спадары! Першы беларускі прэзыдэнт — усур’ёз і надоўга”.

9 траўня 1995:
абяцаю камунізм!

Наконадні Дня перамогі прэзыдэнт спрабуе заваяваць сымпатыі вэтэранаў: “Вы будавалі камунізм, і я вам абяцаю: вы будзеце жыць пры камунізьме”.

20 лістапада 1995: Рэспубліка ў кольцы!

Прэзыдэнт заяўляе, што Беларусь сталася “каменем спатыкненьня між рознымі дзяржавамі. Рэспубліка ўзятая ў кольца замежнымі спэцслужбамі”. І ўнутраныя ворагі зьядналіся ў “барацьбе супраць прэзыдэнта”. Як заўжды, перашкаджаюць і дэпутаты: “Дайце нармальна працаваць. Прывыклі тут крычаць ля мікрафона”.

23 студзеня 1996: кіраўнікоў буду здымаць!

Прэзыдэнт вызначыў штоквартальныя паказьнікі дзейнасьці прамысловасьці і абвесьціў, што, калі нейкае прадпрыемства ня зможа палепшыць вынікі сваёй працы, кіраўнік будзе зьняты з пасады. Першай ахвярай робіцца міністар прамысловасьці Куранкоў.

26 лютага 1996:
не заслужыў, каб выкінулі

Пасьля пагрозы страйку прадпрыемстваў мікраэлектронікі і машынабудаваньня Лукашэнка “тушыць пажар”. Замест мітынгаваньня рэкамэндуе рабочым пісаць на адрас Адміністрацыі прэзыдэнта лісты: “Лукашэнка, мы табе больш не давяраем — думай, дзе ты будзеш працаваць заўтра”. Ён прызнаецца, што рабочыя пакрыўдзілі яго, бо “не заслужыў, каб мяне народ выкінуў як скарыстаную анучу”. Чаго, маўляў, чакаць ад яго, які толькі “год таму прыняў разьбітую, разваленую, прапітую, прададзеную дзяржаву”.

20 верасьня 1996:
я прэзыдэнт!

Галоўная тэма — падкопы непрыяцеля. Лукашэнка вінаваціць замежных паслоў у імкненьні “прынізіць беларускага прэзыдэнта і ў процівагу падтрымаць асобных дэпутатаў Вярхоўнага Савету”.

11 сакавіка 1997:
саюз з Кітаем

ІІІ сэсія міжпарлямэнцкага сходу супольнасьці Беларусі і Расеі. Лукашэнка абвяшчае, што краіны мусяць тэрмінова шукаць рэцэпт процідзеяньня пашырэньню NATO на ўсход. Рэцэпт просты: стварэньне блёку Беларусі, Расеі й Кітаю. КНР і Расея пасьля доўга апраўдваюцца перад міжнароднай супольнасьцю, што ў іх няма такіх плянаў.

23 траўня 1997: Беларусь ня хоча быць пудзілам

Падпісаньне статуту саюзу Беларусі і Расеі. Прэзыдэнт разважае: “Кожны блёк павінен разумець, што, калі будзе ўзьнікаць якая-небудзь пагроза, будуць і адэкватныя дзеяньні зь іншага боку”. Пасьля зьмякчаецца: “Беларусь ня хоча быць пудзілам для Эўропы”.

7 кастрычніка 1997:
даю крымінальнікам
10 дзён

Забойства Мікалуцкага. “Яны доўга падкрадаліся да прэзыдэнта — не атрымалася. Гэта выклік, выклік гэты я прымаю. Ад сёньняшняга дня на тэрыторыі нашай дзяржавы самае дробнае правапарушэньне ці злачынства павінна карацца неадкладна. Я хачу зьвярнуцца да крымінальнікаў: запомніце, панове, зямля будзе курыцца ў вас пад нагамі. Я папярэджваю ўсіх, хто рупіцца на ніве бессаромнай камэрцыі і брудных грошай: у вас 10 дзён, каб разьлічыцца. Праз 10 дзён мы ня будзем шукаць масы доказаў”.

2 лютага 1998:
саюз зь Югаславіяй

Пасьля перамоваў у Бялградзе аб далучэньні Югаславіі да саюзу Беларусі і Расеі А.Лукашэнка паведамляе: “Тое, пра што мы тут дамовіліся, гэта тое самае, што мы маем паміж Беларусяй і Расеяй”.

23 лютага 1998: вось вам заходняя дэмакратыя

Наведаўшы алімпійскае Нагана, прэзыдэнт дзеліцца ўражаньнямі ад міжнароднага спорту: “На свае вочы бачыў гэтую жудасную несправядлівасьць і мафіёзнасьць… Вось вам і слынная заходняя дэмакратыя, я ў ёй даўно расчараваўся”.

20 сакавіка 1998: вінаватая апазыцыя

Падае курс рубля. Вінаватая, на думку Лукашэнкі, апазыцыя. “Атака маскоўскага жульля і беларускіх нацыянал-радыкалаў фашыстоўскага толку на эканоміку Беларусі правалілася”. Дзеяньні Нацбанку Лукашэнка лічыць “галавацяпствам і дзікім непрафэсіяналізмам”. Пасьля абеду прэзыдэнт выдаляе з залі прэсу і застаецца сам-насам з банкірамі. Пасьля адной з рэплікаў старшыні Нацбанку Алейнікава ён загадвае яму пайсьці ў адстаўку, сьледам пазбыліся пасадаў яшчэ трое.

28 траўня 1998:
Беларусь нашпігаваная

А.Лукашэнка кажа, што зь ягонай ініцыятывы кіраўніцтва Расеі будзе прадстаўляць беларускія інтарэсы на перамовах з NATO. Расеі, паводле ягоных словаў, пашанцавала з хаўрусьнікам, бо “Беларусь нашпігаваная сучаснай вытворчасьцю”.

15 ліпеня 1998:
сьвет нам вінаваты

Візыт у Хойніцкі, Нараўлянскі і Петрыкаўскі раёны. “На наш жаль і на вялікае шчасьце ўсяго чалавецтва, яна (Чарнобыльская аварыя) адбылася ўпершыню… Ня нашыя беларусы давялі яе (ЧАЭС) да таго, каб яна ўзарвалася… У цывілізаваным, сапраўды дэмакратычным сьвеце павінна быць нормай гуманнае стаўленьне да пацярпелага не па сваёй віне… Мы маем права патрабаваць сотні мільёнаў даляраў… Міжнародная супольнасьць абавязаная мінімалізаваць наступствы аварыі”.

17 ліпеня 1998:
змова Захаду і апазыцыі

“Міжнародная ізаляцыя Беларусі — частка буйнамаштабнай змовы Захаду, расейскай алігархіі і апазыцыі”. Беларускі кіраўнік будуе ланцужок: арышт Шарамета — высяленьне дыпляматаў — акцыя пратэсту прафсаюзаў.

22 лютага 1999:
ратуем плянэту

Падчас сустрэчы з усходнімі журналістамі агучваецца заява аб магчымасьці стварэньня “магутнага цэнтру — ваенна-палітычнага і эканамічнага”, куды апроч Расеі і Беларусі ўвойдуць Кітай, Індыя і Іран. Палітыкі рэгіёну павінны зразумець, “што толькі яны могуць стварыць процівагу сёньняшняму блёку NATO і Амэрыцы. Гэта патрэбна не для таго, каб саштурхнуць дзьве сыстэмы ў лоб, а каб выратаваць цывілізацыю, выратаваць плянэту”. 24 лютага 1999 г., напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц мытнага зьвязу ў Маскве, прэзыдэнт заяўляе журналістам: “Ядравая зброя можа быць вернутая на тэрыторыю Беларусі, нам трэба думаць аб бясьпецы нашай супольнай Айчыны”. Да гэтага падштурхоўвае “набліжэньне NATO”.

10 красавіка 1999: сэлектарныя нарады

А.Лукашэнка праводзіць самую маштабную сэлектарную нараду часоў свайго кіраваньня. “Пасяўная — справа ня толькі эканамічная, але і палітычная. Убаку ад пасяўной не павінен застацца ніхто”. Выканаць задачу кіраўнік краіны загадвае “любымі, у тым ліку і недэмакратычнымі мэтадамі. Беларусь павінна цалкам забясьпечыць сябе хлебам”.

12 красавіка 1999:
на Захадзе ўсе працуюць з раніцы да ночы, а калі толькі і да абеду, дык там жа ёсьць вынік

Неўзабаве сканчаюцца паўнамоцтвы Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 г. Ганарыцца асабліва няма чым, але тлумачэньне прэзыдэнт знаходзіць: міністрам перашкаджае апазыцыя. І наагул: “Народ у нас дзіўны — усе хочуць рынку, але ніхто ня ведае, якога. Мабыць, хочуць рынку, каб не працаваць і жыць добра, як на Захадзе. Але на Захадзе ўсе працуюць з раніцы да ночы, а калі толькі і да абеду, дык там жа ёсьць вынік. Трэба растлумачыць, што небагата жывём, але вінавата гэта, гэта і гэта. Але ж мы нічога ня ўкралі, вайну не разьвязалі, краіну не падзялілі”. Пры канцы Лукашэнка зьвяртаецца да АБСЭ: “Хіба вам патрэбная нестабільная краіна пасярод Эўропы, нашпігаваная зброяй?”

18 кастрычніка 2000:
Не было патрэбы фальшаваць

Прэзыдэнт даводзіць сапраўднасьць нікім не прызнаных парлямэнцкіх выбараў: “Не было ніякай патрэбы фальсыфікаваць выбары”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0