праект

Дадзены Канстытуцыйны закон аб сыстэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіраваньня, далей «Малая Канстытуцыя», прымаецца ў мэтах выйсьця беларускай дзяржавы і грамадзтва з зацяжнога канстытуцыйнага крызісу, забесьпячэньня ў краіне канстытуцыйнай законнасьці, праў и свабод чалавека і грамадзяніна.

Рэспубліка Беларусь прызнае, выконвае і забясьпечвае агульнапрызнаныя правы і свабоды чалавека, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах, а таксама прадугледжаныя яе міжнароднымі абавязальніцтвамі.

Міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, зьяўляюцца складовай часткай нацыянальнага заканадаўства і выкарыстоўваюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі як непасрэдна дзеючае права.

Малая Канстытуцыя носіць часовы характар і дзейнічае аж да прыняцьця новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.

РАЗЬДЗЕЛ І. ВЫБАРЧАЯ СЫСТЭМА. РЭФЭРЭНДУМ*

Частка 1. ВЫБАРЧАЯ СЫСТЭМА

Артыкул 1. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіраваньня народам, зьяўляюцца ўсеагульнымі: права абіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў.

У выбарах ня ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі. Любое непасрэднае або ўскоснае абмежаваньне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках зьяўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.

Узроставы цэнз дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 2. Выбары зьяўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.

Ніхто ня мае права ўплываць на выбаршчыка з мэтай прымусіць яго рознымі спосабамі да ўдзелу або няўдзелу ў выбарах, а таксама на яго волевыяўленьне.

Падрыхтоўка і правядзеньне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.

Артыкул 3. Выбары зьяўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасьць галасоў.

Колькасьць выбаршчыкаў у кожнай выбарчай акрузе для выбраньня аднаго дэпутата пры кожным відзе выбараў ня можа адрозьнівацца больш чым на 10 працэнтаў.

Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіраваньня, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.

Артыкул 4. Выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, дэпутатаў Вярхоўнай рады Рэспублікі Беларусі, дэпутатаў прадстаўнічых органаў і службовых асоб мясцовага самакіраваньня зьяўляюцца простымі — яны выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.

Артыкул 5. Галасаваньне на выбарах зьяўляецца тайным: кантроль за волевыяўленьнем выбаршчыкаў у ходзе галасаваньня забараняецца.

Артыкул 6. Права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, выбарчым блёкам (саюзам) палітычных партый, а таксама грамадзянам у парадку, устаноўленым законам.

Артыкул 8. Правядзеньне выбараў, судзеяньне ў рэалізацыі выбарчых праў грамадзян, кантроль за іх выкананьнем забясьпечваюць выбарчыя камісіі.

Цэнтральная выбарчая камісія зьяўляецца стала дзеючым органам дзяржаўнай улады, які ажыцьцяўляе падрыхтоўку і правядзеньне выбараў і рэфэрэндумаў у Рэспубліцы Беларусі ў адпаведнасьці з кампэтэнцыяй, устаноўленай законам.

Цэнтральная выбарчая камісія фарміруецца з прадстаўнікоў палітычных партый, выбарчых блёкаў (саюзаў) палітычных партый, якія атрымалі прадстаўніцтва ў Вярхоўнай радзе па выніках галасаваньня па прапарцыйнай сыстэме. Акрамя таго, у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі ў парадку, устаноўленым законам, таксама дэлегуецца па адным прадстаўніку ад абласьцей і гораду Менску.

Іншыя выбарчыя камісіі фарміруюцца ў парадку, устаноўленым законам.

Рашэньні выбарчых камісій, якія парушаюць выбарчыя правы грамадзян, могуць быць абскарджаныя ў судовым парадку.

Частка 2. РЭФЭРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ)

Артыкул 12. На рэспубліканскі рэфэрэндум не выносяцца пытаньні, зьвязаныя з магчымым парушэньнем тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі; са зьмяненьнем парадку і тэрмінаў абраньня Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, дэпутатаў Вярхоўнай рады, судзьдзяў.

На рэспубліканскі рэфэрэндум таксама не выносяцца іншыя пытаньні, устаноўленыя законам.

Артыкул 14. Рэспубліканскія рэфэрэндумы прызначаюцца рашэньнем Вярхоўнай рады, прынятым большасьцю ня менш як у дзьве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў.

Прапанову аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму маюць права ўносіць дэпутаты Вярхоўнай рады ў колькасьці ня меней за 60 чалавек або ня менш за 300 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т.л. ня менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласьцей і гораду Менску.

Артыкул 16. Рашэньні, прынятыя рэспубліканскім рэфэрэндумам, падпісваюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі.

Артыкул 17. Мясцовыя рэфэрэндумы прызначаюцца адпаведнымі прадстаўнічымі органамі мясцовага самакіраваньня па сваёй ініцыятыве або па прапанове ня менш як 10 працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

РАЗДЗЕЛ 2. ПРЭЗЫДЭНТ, ПАРЛЯМЭНТ, УРАД, СУД

Частка 3. ПРЭЗЫДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ

Артыкул 19. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі зьяўляецца Кіраўніком дзяржавы.

Прэзыдэнт прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у зносінах зь іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Прэзыдэнт арганізуе ўзаемадзеяньне органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіраваньня.

Прэзыдэнт зьяўляецца Вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусі і ў парадку, вызначаным Канстытуцыяй і законамі, прымае меры па ахове сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі, яе нацыянальнай бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці. У мірны час Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі кіруе Ўзброенымі сіламі празь міністра абароны.

Прэзыдэнт валодае недатыкальнасьцю на час выкананьня паўнамоцтваў.

Артыкул 20. Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі.

Артыкул 21. Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусі. Адна і тая ж асоба ня можа быць Прэзыдэнтам больш за два тэрміны.

Кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусі шляхам збору ня менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Выбары Прэзыдэнта прызначаюцца Вярхоўнай радай не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней чым за два месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзыдэнта.

Калі пасада Прэзыдэнта аказалася вакантнай, выбары павінны быць праведзены на працягу трох месяцаў з дня адкрыцьця вакансіі.

Артыкул 23. Прэзыдэнт заступае на пасаду пасьля прынясеньня Прысягі наступнага зьместу:

«Заступаючы на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусі, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі, сьвята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасьці дэпутатаў Вярхоўнай рады, судзьдзяў Канстытуцыйнага трыбунала, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду, Вышэйшага адміністратыўнага суду і не пазьней за два месяцы з дня абраньня Прэзыдэнта. З моманту прынясеньня Прысягі новавыбраным Прэзыдэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзыдэнта спыняюцца.

Артыкул 24. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь:

1) вядзе перамовы, падпісвае міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусі;

2) па прадстаўленьні Ўраду прызначае і адклікае дыпляматычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусі ў замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях, прымае даверчыя і адзыўныя граматы дыпляматычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, надае вышэйшыя дыпляматычныя рангі і спэцыяльныя званьні;

3) прызначае выбары ў Вярхоўную раду;

4) прымае рашэньне аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнай рады ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй;

5) прадстаўляе Вярхоўнай радзе кандыдатуру Прэм’ер‑міністра;

6) прадстаўляе Вярхоўнай радзе кандыдатуры на пасаду Старшыні Вярхоўнага суду, Старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду, Старшыні Вышэйшага адміністратыўнага суду, Старшыні Канстытуцыйнага трыбуналу, Генэральнага пракурора, Старшыні Праўленьня Нацыянальнага банку;

7) па прадстаўленьні органаў судовага самакіраваньня прызначае судзьдзяў ніжэйшых судоў Рэспублікі Беларусі і вызваляе іх ад пасады, за выключэньнем міравых судзьдзяў;

8) па прадстаўленьні Ўраду ў выпадку стыхійнага бедзтва, катастрофы, а таксама беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узьнікае небясьпека жыцьцю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі або ў асобных яе мясцовасьцях надзвычайнае становішча з унясеньнем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэньня на разгляд Вярхоўнай рады;

9) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, абвяшчае поўную або частковую мабілізацыю з унясеньнем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэньня на разгляд Вярхоўнай рады;

10) штогод зьвяртаецца з Пасланьнем да Вярхоўнай рады аб становішчы ў дзяржаве;

11) падпісвае законы Рэспублікі Беларусі і рашэньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;

12) у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, мае права вяртаць закон са сваімі пярэчаньнямі ў Вярхоўную раду;

13) валодае правам заканадаўчай ініцыятывы;

14) вырашае пытаньні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і яго спыненьні, а таксама аб прадстаўленьні прытулку;

15) па прадстаўленьні Ўраду ўзнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, надае клясныя чыны, званьні;

16) па прадстаўленьні Ўраду надае вышэйшыя воінскія званьні;

17) ажыцьцяўляе памілаваньне асуджаных;

18) фарміруе Канцылярыю Прэзыдэнта, якая забясьпечвае яго дзейнасьць;

19) утварае, рэарганізуе і ліквідуе Раду бясьпекі, а таксама іншыя кансультатыўна‑дарадчыя органы пры Прэзыдэнце;

20) прызначае прадстаўніка Прэзыдэнта ў Вярхоўнай радзе і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаюцца законам.

Артыкул 25. Прэзыдэнт для рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў на аснове і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законамі выдае ўказы і распараджэньні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусі.

Указы і распараджэньні Прэзыдэнта не павінны супярэчыць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі.

Артыкул 27. Прэзыдэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзыдэнта прымаецца Вярхоўнай радай.

Артыкул 28. Прэзыдэнт можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры ўстойлівай няздольнасьці па стане здароўя выконваць свае абавязкі. Рашэньне аб датэрміновым вызваленьні Прэзыдэнта ад пасады прымаецца большасьцю ня менш за дзьве траціны галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады на падставе заключэньня спэцыяльна створанай камісіі.

Прэзыдэнт можа быць зьняты з пасады ў выпадку парушэньня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Пытаньне аб зьняцьці Прэзыдэнта з пасады можа быць пастаўлена на прапанову ня менш як адной траціны ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады. Заключэньне аб факце парушэньня Прэзыдэнтам Канстытуцыі даецца Канстытуцыйным трыбуналам.

Рашэньне аб зьняцьці Прэзыдэнта з пасады прымаецца большасьцю ня менш як у дзьве траціны галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады на падставе заключэньня Канстытуцыйнага трыбуналу, які пацьвярджае факт парушэньня Прэзыдэнтам Канстытуцыі.

Прэзыдэнт можа быць адхілены ад пасады ў сувязі са зьдзяйсьненьнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэньне аб вынясеньні абвінавачаньня і яго расьсьледаваньні прымаецца на прапанову ня менш за адну траціну ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады, калі за яго прагаласавала ня менш за дзьве траціны ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады. Расьсьледаваньне па вынесеным абвінавачаньні ва ўстаноўленыя тэрміны праводзіць спэцыяльны пракурор, прызначаны Вярхоўнай радай.

Па заканчэньні расьсьледаваньня спэцыяльны пракурор прадстаўляе Вярхоўнай радзе абвінаваўчае заключэньне ў дачыненьні Прэзыдэнта або пастанову аб спыненьні расьсьледаваньня на падставах, устаноўленых законам. У выпадку прадстаўленьня абвінаваўчага заключэньня Вярхоўная рада большасьцю ў дзьве траціны галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады прымае рашэньне аб адхіленьні Прэзыдэнта ад пасады.

На час расьсьледаваньня, падрыхтоўкі абвінаваўчага заключэньня Вярхоўная рада большасьцю галасоў ад ліку абраных дэпутатаў часова адхіляе Прэзыдэнта ад пасады.

Непрыняцьце Вярхоўнай радай рашэньня аб адхіленьні Прэзыдэнта ад пасады на працягу месяца з дня паступленьня абвінаваўчага заключэньня спэцыяльнага пракурора азначае спыненьне працэдуры па адхіленьні Прэзыдэнта ад пасады. Паўторнае ўзбуджэньне працэдуры па адхіленьні Прэзыдэнта ад пасады на тых жа падставах не дапускаецца.

Артыкул 29. У выпадку вакансіі пасады Прэзыдэнта, немагчымасьці выкананьня ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясеньня Прысягі зноў абраным Прэзыдэнтам выконвае Старшыня Вярхоўнай рады. У гэтым выпадку паўнамоцтвы Старшыні Вярхоўнай рады пераходзяць да першага намесьніка Старшыні Вярхоўнай рады.

Частка 4. ПАРЛЯМЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ — ВЯРХОЎНАЯ РАДА

Артыкул 31. Парлямэнт Рэспублікі Беларусі — Вярхоўная рада — зьяўляецца найвышэйшым прадстаўнічым, стала дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусі.

Артыкул 32. Вярхоўная рада складаецца з 260 дэпутатаў, абраных грамадзянамі Рэспублікі Беларусі ў адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Выбары дэпутатаў Вярхоўнай рады праводзяцца ў адпаведнасьці з прынцыпамі прапарцыйна‑мажарытарнага прадстаўніцтва: 130 дэпутатаў абіраюцца па аднамандатных выбарчых акругах (адна акруга — адзін дэпутат), 130 дэпутатаў абіраюцца па адзінай тэрытарыяльнай шматмандатнай выбарчай акрузе прапарцыйна ліку галасоў, пададзеных за рэспубліканскія спісы кандыдатаў у дэпутаты, вылучаных афіцыйна зарэгістраванымі Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусі да прызначэння выбараў палітычнымі партыямі альбо выбарчымі блёкамі (саюзамі) гэтых палітычных партый.

Артыкул 33. Дэпутатам Вярхоўнай рады можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае выбарчым правам і дасягнуў 21 году.

Артыкул 35. Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнай рады — чатыры гады.

Паўнамоцтвы Вярхоўнай рады могуць быць спыненыя датэрмінова пастановай Вярхоўнай рады, прынятай большасьцю ня менш як у дзьве траціны ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады.

Паўнамоцтвы Вярхоўнай рады могуць быць спыненыя датэрмінова па рашэньні Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі:

пры двухразовай адмове ў зацьвярджэньні кандыдатуры, прапанаванай Прэзыдэнтам на пасаду Прэм’ер‑міністра, і пры незацьвярджэньні пасьля гэтага ў пасадзе Прэм’ер‑міністра кандыдатуры, прапанаванай дэпутатамі Вярхоўнай рады;

пры выказваньні двухразовага вотуму недаверу Ўраду на працягу году.

Вярхоўная рада ня можа быць распушчаная ў час ваеннага і надзвычайнага становішча, уведзенага ў Рэспубліцы Беларусі; у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі і ў час вырашэньня Вярхоўнай радай пытаньня аб датэрміновым вызваленьні, зьняцьці або адхіленьні ад пасады Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, а таксама калі пасьля датэрміновых выбараў Вярхоўнай рады не прайшло шэсьць месяцаў.

Чарговыя выбары Вярхоўнай рады прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі не раней чым за пяць месяцаў і не пазьней чым за чатыры месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнай рады і праводзяцца не пазьней чым за месяц да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнай рады.

Датэрміновыя выбары Вярхоўнай рады павінныя быць праведзеныя не пазьней чым на працягу трох месяцаў пасьля прыняцьця рашэньня аб датэрміновых выбарах.

Артыкул 38. Вярхоўная рада:

1) прымае і зьмяняе Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі;

2) прымае законы, пастановы і кантралюе іх выкананьне;

3) дае тлумачэньне законаў Рэспублікі Беларусі;

4) прымае рашэньне аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму;

5) прызначае выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі;

6) прызначае выбары прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня;

7) абірае судзьдзяў Канстытуцыйнага трыбуналу Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;

8) абірае на пасаду і вызваляе ад пасады Ўпаўнаважанага па правах чалавека Рэспублікі Беларусі;

9) абірае на пасаду, вызваляе ад пасады Старшыню і членаў Кантрольнай палаты Рэспублікі Беларусі і прымае іх адстаўку;

10) абірае на пасаду, вызваляе ад пасады Старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусі і прымае іх адстаўку;

11) па прадстаўленьні Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі абірае:

Прэм’ер‑міністра Рэспублікі Беларусі;

Старшыню Канстытуцыйнага трыбуналу Рэспублікі Беларусі;

Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусі;

Старшыню Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусі;

Старшыню Вышэйшага гаспадарчага суду Рэспублікі Беларусі;

Старшыню Вышэйшага адміністратыўнага суду Рэспублікі Беларусі;

Старшыню Праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусі;

12) па прапанове Прэм’ер‑міністра зацьвярджае склад Ураду Рэспублікі Беларусі, выказвае вотум даверу Ўраду, прымае яго адстаўку;

13) па прапанове Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусі прызначае намесьнікаў Генэральнага пракурора і прымае іх адстаўку;

14) па прапанове органаў судовага самакіраваньня прызначае і вызваляе судзьдзяў Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду, Вышэйшага адміністратыўнага суду, а таксама прымае іх адстаўку;

15) на прапанову Старшыні Праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусі зацьвярджае членаў Праўлення Нацыянальнага банка і прымае іх адстаўку;

16) у трохдзённы тэрмін з моманту ўнясеньня разглядае ўказы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі аб увядзеньні ў краіне ваеннага або надзвычайнага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі ваеннаабавязаных;

17) вызначае парадак вырашэньня пытаньняў адміністратыўна‑тэрытарыяльнага ўпарадкаваньня дзяржавы;

18) вызначае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусі;

19) зацьвярджае рэспубліканскі бюджэт і справаздачу аб яго выкананьні, нарматывы адлічэньняў ад рэспубліканскіх падаткаў і збораў у мясцовыя бюджэты;

20) вызначае рэспубліканскія падаткі і зборы, ажыцьцяўляе кантроль над грашовай эмісіяй;

21) ратыфікуе і дэнансуе міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусі;

22) на прапанову Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі зацьвярджае ваенную дактрыну, абвяшчае вайну і заключае мір;

23) засноўвае дзяржаўныя ўзнагароды, клясныя чыны і званьні Рэспублікі Беларусі;

24) прымае адстаўку Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі;

25) датэрмінова вызваляе Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад пасады пры ўстойлівай няздольнасьці па стану здароўя выконваць абавязкі;

26) вылучае па прапанове ня менш як адной траціны ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады прапанову аб зняцьці Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі з пасады ў выпадку парушэньня ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.

Рашэньне аб зняцьці Прэзыдэнта з пасады прымаецца большасьцю ня менш як у дзьве траціны галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады на падставе заключэньня Канстытуцыйнага трыбуналу, які пацьвярджае факт парушэньня Прэзыдэнтам Канстытуцыі;

27) выносіць на прапанову ня менш як адной траціны ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады абвінавачаньне супраць Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ў зьдзяйсьненьні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства.

Прызначае для расьсьледаваньня спэцыяльнага пракурора і на падставе яго заключэньня ня менш як дзьвюма трацінамі галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады прымае рашэньне аб адхіленьні Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад пасады;

28) прымае на прапанову Ўраду на падставе рашэньня Канстытуцыйнага трыбуналу пастановы аб роспуску прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня ў выпадку грубага або неаднаразовага парушэньня імі Канстытуцыі або законаў і прызначае новыя выбары;

29) устанаўлівае дзяржаўныя сьвяты і сьвяточныя дні;

30) прымае рашэньне аб амністыі;

31) адмяняе рашэньні Старшыні Вярхоўнай рады ў выпадках, калі яны супярэчаць законам і пастановам Вярхоўнай рады;

32) зацьвярджае Рэглямэнт дзейнасьці Вярхоўнай рады, вырашае іншыя пытаньні, аднесеныя Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусі да кампэтэнцыі Вярхоўнай рады.

Артыкул 39. Прынятыя законы ў двухтыднёвы тэрмін са дня прыняцьця накіроўваюцца на подпіс Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі.

Прэзыдэнт у двухтыднёвы тэрмін падпісвае закон або вяртае яго ў Вярхоўную раду непадпісаным са сваімі заўвагамі і прапановамі.

Калі закон на працягу двух тыдняў не вяртаецца Прэзыдэнтам у Вярхоўную раду, ён лічыцца падпісаным.

Калі Вярхоўная рада на працягу месяцу з дня вяртаньня непадпісанага закону Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі прагаласуе за яго прыняцьце большасьцю галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай рады, закон лічыцца прынятым, і Прэзыдэнт абавязаны яго падпісаць у пяцідзённы тэрмін.

Частка 5. УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ

Артыкул 49. Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусі — найвышэйшы орган выканаўчай улады.

Урад праводзіць унутраную і замежную палітыку ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусі.

Урад у сваёй дзейнасьці падсправаздачны Вярхоўнай радзе.

Урад складае свае паўнамоцтвы перад ізноў выбранай Вярхоўнай радай.

Артыкул 51. Урад альбо любы член Ураду маюць права заявіць аб сваёй адстаўцы, калі лічаць немагчымым выкананьне ўскладзеных на іх абавязкаў.

Прэм’ер‑міністар можа паставіць перад Вярхоўнай радай пытаньне аб даверы Ўраду па прадстаўленай Праграме або з пэўнай нагоды. Калі Вярхоўная рада ў даверы адмаўляе, Урад складае свае паўнамоцтвы.

Дэпутаты Вярхоўнай рады ў колькасьці ня менш за 60 чалавек таксама маюць права паставіць перад Вярхоўнай радай пытаньне аб даверы Ўраду або члену Ўраду. Вынясеньне вотуму недаверу Прэм’ер‑міністру, у тым ліку і ў выпадку выкананьня ім абавязкаў міністра, азначае вынясеньне вотуму недаверу Ўраду.

Пры выказваньні двухразовага вотуму недаверу Ўраду на працягу году Прэзыдэнт можа распусціць Вярхоўную раду і прызначыць новыя выбары.

У выпадку адстаўкі альбо складаньня паўнамоцтваў Урад на даручэньне Прэзыдэнта працягвае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да фарміравання новага складу Ўраду.

Артыкул 52. Прэм’ер‑міністар:

1) прадстаўляе Ўрад;

2) ажыцьцяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасьцю Ўраду і нясе персанальную адказнасьць за яго працу;

3) падпісвае пастановы Ўраду;

4) інфармуе Парлямэнт аб асноўных кірунках дзейнасьці Ўраду і аб усіх яго найважнейшых рашэньнях;

5) выконвае іншыя функцыі, зьвязаныя з арганізацыяй і дзейнасьцю Ўраду.

Прэм’ер‑міністар выдае ў межах сваёй кампэтэнцыі распараджэньні.

Артыкул 54. Урад у мэтах забесьпячэньня аднолькавага выкананьня Канстытуцыі і іншых актаў заканадаўства, а таксама каардынацыі дзейнасьці Ўраду і органаў мясцовага самакіраваньня можа мець сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў у адпаведных адміністратыўна‑тэрытарыяльных адзінках.

Упаўнаважаныя прадстаўнікі Ўраду ня маюць права ўмешвацца ў кампэтэнцыю органаў мясцовага самакіраваньня і ажыцьцяўляюць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з палажэньнем аб іх, якое зацьвярджаецца Ўрадам узгоднена з органамі мясцовага самакіраваньня.

Упаўнаважаныя прадстаўнікі Ўраду маюць права ставіць ва ўстаноўленым парадку пытаньні аб адмене рашэньняў органаў мясцовага самакіраваньня, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусі.

Частка 6. СУД

Артыкул 55. Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца самастойнай і незалежнай.

Функцыяй судовай улады зьяўляецца публічны разгляд прававых спрэчак і канфліктаў, а таксама абарона правоў і свабод грамадзянаў, законных інтарэсаў юрыдычных асоб ад неправамерных дзеяньняў і рашэньняў.

Уладкаваньне судоў, іх паўнамоцтвы і парадак разгляду спраў у судах вызначаюцца законам.

Артыкул 61. Пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя судзьдзі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі Канстытуцыі і законам.

Непасрэдны або ўскосны ўплыў на судзьдзяў з боку якіх‑небудзь Службовых асоб або грамадзян у сувязі з судаводзтвам па пэўных справах прызнаецца злачынствам і цягне за сабой устаноўленую законам адказнасьць.

Судзьдзі ня могуць быць членамі палітычных партый і іншых арганізацый, якія маюць палітычныя мэты, ня могуць займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэньнем выкладчыцкай дзейнасьці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.

Артыкул 62. Судзьдзі Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду, Вышэйшага адміністратыўнага суду абіраюцца Вярхоўнай радай на прапанову органаў судзейскага самакіраваньня.

Судзьдзі ніжэйшых судоў прызначаюцца на пасаду Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленьні органаў судзейскага самакіраваньня, за выключэньнем міравых судзьдзяў. Парадак абраньня міравых судзьдзяў і зьняцьця іх з пасады вызначаецца законам.

Артыкул 65. Судовы разгляд ва ўсіх судах адкрыты для публікі. Слуханьне спраў у закрытым паседжаньні дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.

Завочны разгляд спраў у судах першай і апэляцыйнай інстанцый не дапускаецца.

РАЗЬДЗЕЛ 3. КАНТРОЛЬНЫЯ І НАГЛЯДНЫЯ ОРГАНЫ

Частка 7. КАНСТЫТУЦЫЙНЫ ТРЫБУНАЛ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ

Артыкул 70. Канстытуцыйны трыбунал ажыцьцяўляе кантроль за канстытуцыйнасьцю нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца органамі дзяржаўнай улады і мясцовага самакіраваньня, а таксама вырашае іншыя пытаньні, аднесеныя законам да яго кампэтэнцыі.

Канстытуцыйны Трыбунал разглядае справы:

1) аб адпаведнасьці законаў, міжнародных дагаворных і іншых абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі, міжнародна‑прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;

2) аб адпаведнасьці нарматыўных прававых актаў Прэзыдэнта, Рады міністраў, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду, Вышэйшага адміністратыўнага суду, Генэральнага пракурора Канстытуцыі, законам і міжнародна‑прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;

3) аб канстытуцыйнасьці фармулёвак пытаньняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэфэрэндум;

4) аб канстытуцыйнасьці рашэньня Вярхоўнай рады аб прызначэньні або аб адмове ў прызначэньні рэспубліканскага рэфэрэндуму;

5) аб разьмежаваньні кампэтэнцыі паміж вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады, а таксама паміж органамі дзяржаўнай улады і органамі мясцовага самакіраваньня;

6) аб парушэньні Прэзыдэнтам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі;

Па запытах упаўнаважаных суб’ектаў Канстытуцыйны трыбунал дае афіцыйнае тлумачэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны трыбунал у адпаведнасьці з законам прымае да разгляду скаргі кожнага ў выпадку ўціску яго канстытуцыйных праў і свабод у нарматыўных прававых актах, выдадзеных органамі дзяржаўнай улады.

Да кампэтэнцыі Канстытуцыйнага трыбуналу могуць быць аднесеныя і іншыя пытаньні ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі.

Артыкул 71. Канстытуцыйны трыбунал складаецца з 12 судзьдзяў, якія абіраюцца на пасаду Вярхоўнай радай на альтэрнатыўнай аснове.

Судзьдзём Канстытуцыйнага трыбуналу можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, агульнапрызнаныя дасягненьні ў сфэры права і які адпрацаваў па юрыдычнай спэцыяльнасьці ня менш за 15 гадоў.

Старшыня Канстытуцыйнага трыбуналу зацьвярджаецца ў пасадзе Вярхоўнай радай тэрмінам на пяць гадоў на прапанову Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Кандыдатура Старшыні Канстытуцыйнага трыбуналу ўносіцца на падставе рэкамэндацыі судзьдзяў Канстытуцыйнага трыбуналу.

Намесьнік Старшыні Канстытуцыйнага трыбуналу абіраецца судзьдзямі Канстытуцыйнага трыбуналу шляхам тайнага галасаваньня на 5 гадоў.

Тэрмін паўнамоцтваў судзьдзяў Канстытуцыйнага трыбуналу — 10 гадоў. Паўторнае абраньне на пасаду судзьдзі Канстытуцыйнага трыбуналу не дапускаецца.

Артыкул 73. Нарматыўныя прававыя акты органаў дзяржаўнай улады, прызнаныя Канстытуцыйным трыбуналам не адпаведнымі Канстытуцыі, страчваюць юрыдычную сілу з дня, вызначанага ў рашэньні Канстытуцыйнага трыбуналу.

Невыкананьне рашэньняў Канстытуцыйнага трыбуналу цягне за сабой адказнасьць па законе.

Артыкул 74. Пытаньні, аднесеныя да кампэтэнцыі Канстытуцыйнага трыбуналу, разглядаюцца на адкрытых паседжаньнях.

Рашэньні Канстытуцыйнага трыбуналу абвяшчаюцца публічна, зьяўляюцца канчатковымі і абскарджаньню не падлягаюць.

Частка 8. УПАЎНАВАЖАНЫ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА

Артыкул 75. Упаўнаважаны па правах чалавека дзейнічае ў мэтах абароны праў і свабод асобы, прадугледжаных Канстытуцыяй і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 76. Упаўнаважаным па правах чалавека можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, не маладзейшы за 40 гадоў, які мае веды ў галіне правоў чалавека, досьвед праваабарончай дзейнасьці і які валодае высокімі маральнымі якасьцямі.

Упаўнаважаны па правах чалавека абіраецца Вярхоўнай радай на альтэрнатыўнай аснове тэрмінам на пяць гадоў. Адна і тая ж асоба ня можа быць абраная на пасаду Ўпаўнаважанага па правах чалавека больш чым на два тэрміны.

Кандыдатуру на пасаду Ўпаўнаважанага па правах чалавека могуць прапаноўваць дэпутаты Вярхоўнай рады ў колькасьці ня меней за 40 чалавек.

На час сваіх паўнамоцтваў Упаўнаважаны па правах чалавека прыпыняе сваё членства ў палітычных партыях і іншых грамадзкіх аб’яднаньнях, якія маюць палітычныя мэты.

Упаўнаважаны па правах чалавека ня можа: зьяўляцца дэпутатам Вярхоўнай рады; членам палітычных партый і іншых арганізацый, якія маюць палітычныя мэты; займаць іншыя пасады; атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэньнем выкладчыцкай дзейнасьці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.

Артыкул 77. Упаўнаважаны па правах чалавека мае права:

1) запытваць і атрымліваць ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіраваньня, службовых асоб зьвесткі, дакумэнты і матэрыялы, неабходныя для разгляду скаргі, якая паступіла да яго;

2) атрымліваць тлумачэньні ад службовых асоб у час разглядаў скарг;

3) наведваць самастойна або сумесна з прадстаўнікамі кампэтэнтных дзяржаўных органаў дзяржаўныя органы, вайсковыя часткі, месцы папярэдняга зьняволеньня і адбываньня крымінальных пакараньняў і іншыя арганізацыі;

4) выносіць заключэньні па сутнасьці скаргі і прапаноўваць дзяржаўным органам, органам мясцовага самакіраваньня, службовым асобам аднавіць парушаныя правы;

5) зьвяртацца ў суд і іншыя дзяржаўныя органы з заявай у абарону правоў і свабод, парушаных рашэньнем або дзеяньнем (бязьдзейнасьцю) дзяржаўнага органа, органа мясцовага самакіраваньня, службовай асобы, а таксама асабіста або праз свайго прадстаўніка ўдзельнічаць у судовым працэсе;

6) зьвяртацца ў Канстытуцыйны трыбунал з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасьці нарматыўных прававых актаў;

7) у выпадку масавых або грубых парушэньняў правоў чалавека зьвяртацца ў Вярхоўную раду з прапановай аб правядзеньні парлямэнцкіх слуханьняў або аб стварэньні парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні фактаў парушэньня правоў і свабод грамадзян.

Па заканчэньні каляндарнага году Ўпаўнаважаны па правах чалавека на падставе разгледжаных матэрыялаў рыхтуе даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, які заслухоўваецца на чарговай сэсіі Вярхоўнай рады. Па выніках абмеркаваньня дакладу Вярхоўная рада прымае пастанову.

Упаўнаважаны па правах чалавека можа мець іншыя паўнамоцтвы, прадстаўленыя яму законам.

Артыкул 79. Упаўнаважаны па правах чалавека валодае недатыкальнасьцю на працягу ўсяго тэрміну яго паўнамоцтваў. Ён ня можа быць бяз згоды Вярхоўнай рады прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, затрыманы або арыштаваны па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, за выключэньнем выпадкаў затрыманьня на месцы зьдзяйсьненьня цяжкага або асабліва цяжкага злачынства.

Умяшальніцтва ў дзейнасьць Упаўнаважанага па правах чалавека з мэтай паўплываць на яго рашэньне, а таксама перашкоджваньне дзейнасьці Ўпаўнаважанага па правах чалавека ў іншай форме цягнуць за сабой адказнасьць па закону.

Гарантыі незалежнасьці Ўпаўнаважанага па правах чалавека і забеспячэньня яго дзейнасьці ўстанаўліваюцца на ўзроўні, прадугледжаным для дэпутатаў Вярхоўнай рады.

Частка 9. КАНТРОЛЬНАЯ ПАЛАТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ

Артыкул 80. Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляе кантроль за выкананьнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаньнем дзяржаўнай уласнасьці.

Кантрольная палата ствараецца на першай сэсіі зноў абранай Вярхоўнай рады ў складзе Старшыні і васьмі ўдзельнікаў на тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнай рады.

Члены Кантрольнай палаты працуюць на прафэсійнай аснове і па сваім службовым статусе прыраўноўваюцца да дэпутатаў Вярхоўнай рады.

Артыкул 81. У межах сваіх паўнамоцтваў Кантрольная палата ажыцьцяўляе кантроль за дзейнасьцю Ўраду і іншых органаў дзяржаўнага кіраваньня, Нацыянальнага банку, іншых дзяржаўных арганізацый.

На даручэньне Вярхоўнай рады Кантрольная палата прадстаўляе аналіз выкананьня рэспубліканскага бюджэту, дае заключэньне аб праекце рэспубліканскага бюджэту на наступны фінансавы год, прадстаўляе інфармацыю аб выніках кантролю дзейнасьці Ўраду, іншых органаў дзяржаўнага кіраваньня, Нацыянальнага банку, іншых дзяржаўных арганізацый.

Паўнамоцтвы, структура, парадак арганізацыі і дзейнасьці Кантрольнай палаты вызначаюцца законам.

Частка 10. ПРАКУРАТУРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ

Артыкул 83. Генэральны пракурор і ніжэйшыя пракуроры незалежныя ў ажыцьцяўленьні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца толькі законам. У сваёй дзейнасьці Генэральны пракурор падсправаздачны Вярхоўнай радзе.

Паўнамоцтвы, арганізацыя і парадак дзейнасьці Пракуратуры вызначаюцца законам.

РАЗЬДЗЕЛ IV. МЯСЦОВАЕ САМАКІРАВАНЬНЕ

Артыкул 90. Выбары прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня праводзяцца ў парадку, вызначаным законам, у адпаведнасьці з прынцыпамі прапарцыйна‑мажарытарнага або мажарытарнага прадстаўніцтва ў залежнасьці ад колькасьці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі мясцовага самакіраваньня.

У прадстаўнічы орган мясцовага самакіраваньня можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае выбарчым правам і дасягнуў 18 гадоў.

Прадстаўнічыя органы мясцовага самакіраваньня абіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на тэрыторыі дзейнасьці мясцовага самакіраваньня, тэрмінам на чатыры гады.

Артыкул 92. Прадстаўнічы орган мясцовага самакіраваньня:

кіруе справамі мясцовага самакіраваньня;

ажыцьцяўляе правы ўласьніка ў дачыненьні камунальнай уласнасьці, распараджаецца даходамі мясцовага самакіраваньня;

усталёўвае мясцовыя падаткі і зборы ў адпаведнасьці з законам;

засноўвае сымбалі мясцовага самакіраваньня;

зьвяртаецца ў кампэтэнтныя органы па пытаньнях, якія закранаюць інтарэсы мясцовага насельніцтва;

супрацоўнічае зь іншымі органамі мясцовага самакіраваньня, стварае зь імі сумесныя арганізацыі, а таксама саюзы (асацыяцыі) органаў мясцовага самакіраваньня, якія прадстаўляюць іх інтарэсы;

узаемадзейнічае ў межах сваёй кампэтэнцыі з органамі мясцовага самакіраваньня іншых краін і можа зьяўляцца членам міжнародных арганізацый самакіраваньня.

Рашэньне прадстаўнічага органа мясцовага самакіраваньня можа быць адмененым або зьмененым толькі рашэньнем суда ў выпадку яго супярэчнасьці закону.

Дэпутаты рады не нясуць адказнасьці за выяўленыя меркаваньні і галасаваньне пры ажыцьцяўленьні сваіх паўнамоцтваў.

Артыкул 93. Мясцовае самакіраваньне мае права на ўласныя прыбыткі, неабходныя для выкананьня задач, вызначаных законам, а таксама на атрыманьне дзяржаўных датацый і субсыдый, адпаведных гэтым задачам.

Органы мясцовага самакіраваньня могуць надзяляцца законам асобнымі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі зь перадачай неабходных для іх ажыцьцяўленьня матэрыяльных і фінансавых сродкаў.

Мясцоваму самакіраваньню кампэнсуюцца дадатковыя выдаткі, узьніклыя ў выніку рашэньняў, прынятых органамі дзяржаўнай улады.

Артыкул 94. Матэрыяльна‑фінансавую базу мясцовага самакіраваньня складаюць камунальная ўласнасьць, мясцовы бюджэт, а таксама агульныя субсыдыі і датацыі зь дзяржаўнага бюджэту.

Канфіскацыя сродкаў мясцовага бюджэту для дзяржаўных патрэб не дапускаецца.

Артыкул 97. Вярхоўная рада на прапанову Ўраду можа распусьціць прадстаўнічы орган мясцовага самакіраваньня, калі ён, паводле рашэньня Канстытуцыйнага трыбуналу, груба або неаднаразова парушаў Канстытуцыю або законы.

РАЗЬДЗЕЛ V. ЗАКЛЮЧНЫЯ І ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ

Артыкул 99. Малая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь зьяўляецца законам простага дзеяньня і валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай на тэрмін да прыняцьця новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Палажэньні дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь застаюцца ў сіле ў частках, якія не супярэчаць Малой Канстытуцыі.

З моманту ўваходжаньня Малой Канстытуцыі ў сілу сьмяротнае пакараньне не ўжываецца.

Іншыя нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць у частках, якія не супярэчаць Малой Канстытуцыі.

Пытаньні аб канстытуцыйнасьці нарматыўных прававых актаў вырашаюцца Канстытуцыйным трыбуналам ва ўстаноўленым парадку.

Артыкул 100. Органы дзяржаўнай улады і кіраваньня да іх фарміраваньня ў адпаведнасьці з Малой Канстытуцыяй дзейнічаюць на падставе заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое не супярэчыць Малой Канстытуцыі.


* Тэкст падаецца ў скароце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0