Нашы сумленьнікі

Паэт, эсэіст і крытык Леанід Галубовіч прызнаўся, што яго можна назваць штрэйкбрэхерам, але свой прыход у “ЛіМ” тлумачыць неабходнасьцю працаваць на Беларусь. Што ж за Беларусь такую мае на ўвазе сп.Галубовіч? “Вось жа і пад камуністамі яна неяк існавала...” Значыць, яго задавальняе нейкая — ні Богу сьвечка ні чорту качарга — Беларусь. Праўда, ён выдумляе тое, чаго не было: быццам камуністы ўсяляк ціснулі на Беларусь. Па-першае, з 1922 г. ніхто ня ставіў пытаньня пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. Па-другое, ніводзін камуніст ня мог дазволіць сабе публічна сказаць пра беларускую мову тое, што дазволіў сабе дзяяч, які заняў “вельмі незалежніцкую позу”. Менавіта — позу, а не пазыцыю.

Сп.Галубовічу, калі б ён быў пасьлядоўны, трэ было б прызнаць, што “вельмі самастойна” паводзіцца ў размовах з Масквою гэтаму палітыку дазваляюць незалежніцкія настроі ў беларускім грамадзтве, да культываваньня якіх гэты палітык ня меў ніякага дачыненьня. Сам жа сп.Галубовіч прызнае, што незалежнікам гэты палітык стаўся пасьля таго, “як не атрымаўся ў яго “бліцкрыг” з паходам на маскоўскае крэсла”. А калі б удаўся? Дый хто гарантаваў, што пры істотнай перамене сытуацыі ў Расеі гэты дзеяч не захоча зноў зьдзейсьніць “бліцкрыг”? Сам жа сп.Галубовіч прызнае, што “незалежніцкая поза” гэтага палітыка ня ёсьць беларускаю.

Слоўную блытаніну і няпэўнасьць дапамагае нам разблытаць “лімаўка” Людміла Рублеўская: яна шчыранька прызнаецца, што пайшла на супрацоўніцтва з “Советской Белоруссией” дзеля пенязяў. Астатнія ейныя аргумэнты — таксама ад нячысьціка. Яе зусім не бянтэжыць, што тая самая дзяржава, якая трымала на галоднай дыеце “ЛіМ”, увадначас сытна карміла “Саўбелію”. Яна кажа, што газэту чытаюць 500 тысяч беларусаў, быццам ня ведае пра шчодрыя субсыдыі і ведамасную падпіску (дзяржава за нашыя грошы газэту выдае і за нашыя ж грошы на яе падпісваецца — чым не маліна?).

Гэты факт, здавалася б, добра вядомы былому карэспандэнту радыё “Рацыя” сп.Віктару Корбуту. Віншую яго й спн.Рублеўскую зь вялікім адкрыцьцём. Ад іх я даведаўся, што ў “Саўбеліі” — “высокі ўзровень журналістыкі”, што яна “трымае прыстойны ўзровень”. Раю спн. Рублеўскай і сп. Корбуту зірнуць хоць бы на 16-ю старонку таго самага нумару “НН”: там апавядаецца, як галоўны рэдактар “Саўбеліі” ўхіляецца ад судовае адказнасьці за паклёп на чалавека, які за Беларусь (ня нейкую, а дэмакратычную) сядзеў.

Марна суцяшаюць сябе спн. Рублеўская і сп.Корбут: яны ўжо пераступілі тую маральную мяжу, за якою пачынаецца калябарацыя дзеля грошай. І сп.Галубовіч дарма кажа, што, калі б ён не прыйшоў у “ЛіМ”, прыйшоў бы хтосьці горшы. Гэтак пры Хрушчову-Брэжневу апраўдвалі свой прыход у КПСС тыя літаратары, што ўладкоўвалі свой побыт. Сп.Галубовіч, які сышоў з тэлебачаньня на знак пратэсту супраць нападак “на нашыя сымбалі, на мову, на ўсё нацыянальнае”, цяпер, як вынікае зь ягоных паводзінаў, згодны на тое, каб не было, як і пад камуністамі, ні сымбаляў, ні мовы, ні іншага нацыянальнага. Абы грошы.

Я разумею гэтых людзей: ідэалы ідэаламі, але трэба самому есьці і дзяцей карміць, самому апранацца і дзяцей апранаць, за жыльлё-электрычнасьць плаціць… Разгарнуцца прыватнай ініцыятыве дзяржава не дае, непадкантрольную чыноўнікам прыватную ўласнасьць нішчыць, а хочацца мець гарантаваныя кус хлеба й скварку. Нічога не застаецца, як схіліць гордую шыю. Дык трэба пра гэта й казаць. Бралі б нашыя сумленьнікі прыклад з Івана Шамякіна ды Аляксея Дударава. Тыя з падзякаю прынялі прэміі гэтак званае саюзнае дзяржавы, бо ім патрэбныя грошы. Карэспандэнту радыё “Свабода” Іван Пятровіч так і сказаў: калі выбіраць паміж славаю й грашыма, я выбіраю грошы. А вось асобныя пасьлядоўнікі партыйнага сачыніцеля Шамякіна яшчэ не такія шчырыя, іх трохі заядае сумленьне. Думаю, з часам гэта пройдзе.

Анатоль Сідарэвіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0