У Мінскай вобласці ўведзена забарона на наведванне грамадзянамі лясоў і тарфянікаў. Адпаведнае рашэнне прынята Мінаблвыканкамам. Выключэнне зроблена для спецыялістаў, якія ажыццяўляюць ахову лясных масіваў, прадухіленне і ліквідацыю пажараў.

Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс‑сакратар Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Настасся Клебан, увядзенне забароны выклікана сухім надвор’ем, пры якім значна павышаецца верагоднасць узнікнення пажараў.

Невыкананне правіл пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках або парушэнне забароны на іх наведванне прыводзіць да штрафу да 25 базавых велічынь. У выпадку ўзнікнення пажару вінаватыя могуць быць аштрафаваны на 50 базавых велічынь. Акрамя таго, з іх будуць спагнаны кампенсацыя за нанесены агнём урон і расходы на яго тушэнне.

З пачатку бягучага года на тарфяніках у Мінскай вобласці адбылося 186 узгаранняў. Асноўная прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём. Колькасць пажараў павялічваецца ў выхадныя дні, калі грамадзяне выязджаюць на адпачынак. Настасся Клебан адзначыла, што 30 працэнтаў узгаранняў адбываецца ў Мінскім раёне.

На сталічную вобласць прыпадае 40 працэнтаў тарфянікаў і 19 працэнтаў лясоў рэспублікі.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0