Навіцкі — няпэўны

Год мінуў з часу прызначэньня ГенадзяНавіцкага прэм’ер-міністрам. “НН” прапануе чытачам кароткі агляд дзеяў ягонага ўраду

1 кастрычніка 2001 г. нечакана для ўсіх кіраўніком Саўміну прызначаюць Генадзя Навіцкага. Ён абвяшчае, што рэфармаваньне беларускай эканомікі бязбольна правесьці ня ўдасца. Навіцкі ўпершыню афіцыйна прызнае наяўнасьць значнага бюджэтнага дэфіцыту і зазначае, што грошай на яго пакрыцьцё ўзяць няма дзе. Праблемы эканомікі ў гэты пэрыяд стаяць асабліва востра з-за наступстваў выбарчай кампаніі прэзыдэнта.

Першы свой замежны візыт Генадзь Навіцкі робіць у сярэдзіне кастрычніка не ў Расею, а ва Ўкраіну — абмяркоўвае пытаньні ўкраінскіх запазычанасьцяў, праблемы экспарту беларускіх нафтапрадуктаў і цукровыя “войны”.

Позірк на Захад

Пры канцы кастрычніка ўрадавыя экспэрты абвяшчаюць, што для нармальнага разьвіцьця беларускай гаспадарцы патрэбны мільярд даляраў інвэстыцыяў штогод, а ў 2000 г. Беларусь атрымала толькі 90 млн. Ідзе гаворка пра патрэбу прыцягваць замежныя капіталы. Прэзыдэнт яе падтрымлівае. Міністар эканомікі Шымаў ачольвае групу па падрыхтоўцы пляну паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату. Шырока абмяркоўваецца патрэба зьніжэньня падаткаў і амністыі капіталу — першых этапаў лібэралізацыі. Урад прымае пастанову аб скасаваньні абавязковага дэкляраваньня юрыдычнымі асобамі крыніцаў інвэстыцыяў.

МВФ ня прыйдзе

У гэты самы час у Менск прыяжджае місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Мартай дэ Кастэля-Бранка. Мэта прыезду — спраўдзіць, як беларускі ўрад выканаў свае абавязацельствы па рэфармаваньні эканомікі, узятыя ўвесну. Прадстаўніцы МВФ не ўдаецца дамовіцца з урадам па асноўных парамэтрах 2002 г. Адмыслоўцы фонду ня вераць абяцаньням каманды Навіцкага. Так, згодна з афіцыйнымі беларускімі ацэнкамі, рост валавога ўнутранага прадукту ў 2002 г. мае скласьці 4—5%, тады як МВФ прагназуе рост усяго 1,5%. Але Навіцкі цьвёрда стаіць на сваім, і таму аніякай праграмы крэдытаваньня не прымаецца.

“Пасьлядоўнае падвышэньне дабрабыту і забесьпячэньне новай якасьці”

Урад лічыць сваімі задачамі падтрыманьне сацыяльнай стабільнасьці, пераадоленьне наступстваў Чарнобыльскай аварыі, узмацненьне эфэктыўнасьці кіраваньня народнай гаспадаркай. Эканамічныя мэты — стварэньне спрыяльнай макраэканамічнай сытуацыі, падвышэньне інавацыйнай і інвэстыцыйнай актыўнасьці, паляпшэньне сытуацыі ў рэальным сэктары эканомікі, разьвіцьцё сярэдняга й малога бізнэсу. Дэкляруецца намер цягам наступных гадоў зьменшыць падаткі на 5—6%, актыўна выкарыстоўваць працэдуры санацыі і банкруцтва. Урадоўцы падкрэсьліваюць важнасьць супрацоўніцтва з расейскімі інвэстарамі і мяркуюць у 2002 г. прыцягнуць 400 млн. даляраў прамых замежных інвэстыцыяў.

7 сьнежня 2001 г. Нацыянальны сход ухваляе ўрадавую праграму. Навіцкі з камандай не распрацоўвалі яе самі, а проста пераназвалі “Праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2001—2005 г.”, ухваленую ІІ усебеларускім народным сходам. Галоўнай мэтай эканамічнай палітыкі новы ўрад лічыць “пасьлядоўнае падвышэньне дабрабыту і забесьпячэньне новай якасьці жыцьця беларускага народу”.

Задачы канкрэтызуюцца: “павялічыць рэальны заробак на 80—85%, давесьці яго ў канцы 2005 г. да сярэднямесячнага ўзроўню, роўнага 250 далярам”. Праграма відавочна непасьлядоўная. Так, дэкляруецца, што будзе выраблена 3,8 млрд. яек, але ня згадваюцца пытаньні прыватызацыі прамысловасьці, запазычанасьцяў, удзелу ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Адметнаю рысай зьяўляецца адсутнасьць разьдзелу аб будаўніцтве саюзнай дзяржавы. Гэта ці недагляд, ці сьведчаньне зьмены стратэгічнага курсу. Яшчэ адным прадвесьцем здаецца заява Навіцкага пра тое, што расейскае кіраўніцтва больш не выяўляе інтэграцыйнага імпэту. Праўда, ужо 26 сьнежня 2001 г. міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расейскай Фэдэрацыі Грэф дэкляруе пераход на адзіную валюту з 2005 г.

Бюджэт

Бюджэт на 2002 г., прыняты ўрадам Навіцкага, засьведчыў, што на лібэралізацыю спадзяваліся дарма. Адметны ён хіба ўпершыню прадугледжанымі выдаткамі на Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы. Сродкі на БПСМ параўнальныя з выдаткамі на ўтрыманьне парлямэнту. Павялічыліся таксама расходы на адукацыю. Прыбыткі ад прыватызацыі прадугледжаныя невялікія: урад не зьбіраецца ажыцьцяўляць яе ў значным аб’ёме.

Слабасьць першага міністра выявілася і ў прыватным выпадку. Напярэдадні свайго арышту дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў напісаў заяву аб звальненьні. У прыватнай размове з Навіцкім і міністрам эканомікі Шымавым ён патлумачыў, што хворы, замарыўся ад шантажу й праверак дый хоча пайсьці з пасады сам. Навіцкі даў гарантыю, што нічога надзвычайнага зь Лявонавым не адбудзецца, і заявы не падпісаў. Пасьля старога Новага году дырэктара МТЗ арыштавалі.

Лукашэнка пачынае нэрвавацца

21 студзеня прэм’ер-міністар загадвае прадпрыемствам за тыдзень разьлічыцца з запазычанасьцю па заробках і абвяшчае, што ніякіх датацыяў на гэтыя мэты ад ураду ня будзе. Наступствам гэтага кроку сталася 6-працэнтная інфляцыя, тады як у 2001 г. яна складала за той самы пэрыяд у сярэднім 3,2%.

12 лютага А.Лукашэнка на паседжаньні Савету міністраў кажа, што давер да новага ўраду падарваны. З 16 парамэтраў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця выкананыя толькі 5. Асаблівыя папрокі кіраўніка краіны выклікае запазычанасьць па заробках. На 4% зьнізілася рэнтабэльнасьць вытворчасьці, доля бартэрных апэрацыяў за пару месяцаў вырасла ўдвая, а ў разьліках за энэргарэсурсы скокнула больш чым на 50%.

Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад ураду неадкладных рашэньняў, што цалкам супярэчаць духу лібэралізацыі, накшталт павелічэньня адказнасьці за нявыплату падаткаў. Надзею прэм’ера папоўніць бюджэт дзякуючы спрашчэньню працэдуры акцыянаваньня прэзыдэнт Беларусі называе “прывіднай”.

Поле для лібэралізацыі

Набліжаецца вясна, прэм’ер цешыць нас будучымі ўраджаямі. А кіраўнік Нацбанку Пятро Пракаповіч адкрыта кажа, што цяперашні спосаб правядзеньня пасяўной ставіць пад пагрозу эканамічную бясьпеку краіны: “Тыя 70 млрд. рублёў, якіх сёньня вымагае Мінсельгасхарч, — гэта сума, якая значна пераўзыходзіць магчымасьці беларускіх банкаў”. Фінансавы цяжар давядзецца перакласьці на прамысловыя прадпрыемствы. Каб выйсьці з складанай сытуацыі, урад падвышае закупныя цэны на сельгаспрадукцыю, зьмяншае падаткі для калгасаў і дзяржзамову па расьлінагадоўлі. Можна казаць пра лібэралізацыю ў сельскай гаспадарцы.

12 сакавіка на паседжаньні саюзнага ўраду ўзьнікае канфлікт наконт спагнаньня ўскосных падаткаў. Дакумэнты застаюцца непадпісаныя. Празь месяц падчас чарговага візыту ў Маскву ўрад Беларусі патрабуе ад Расеі штогод кампэнсаваць страты беларускага бюджэту ў памеры 180 млн. даляраў. Новы ўрад ніяк ня можа пасябраваць з Масквой.

Ультыматум

23 красавіка ў пасланьні парлямэнту прэзыдэнт дакарае Навіцкага за спакойнае чаканьне і бязьдзейнасьць. Праз тыдзень на нарадзе Лукашэнка выстаўляе ўльтыматум: калі да канца кварталу (праз 2 месяцы) эканамічнае становішча рашуча ня зьменіцца, урад пойдзе ў адстаўку. Прэзыдэнт прапануе новы рэцэпт эканамічнага посьпеху — практычную нацыяналізацыю маёмасьці камэрцыйных структураў, што хаваюць сапраўдныя заробкі сваіх супрацоўнікаў, а таксама фірмаў, дзе працуюць звольненыя чыноўнікі. У адстаўку адпраўленыя міністар аховы здароўя і кіраўнікі чатырох канцэрнаў, якія ня выканалі прагнозных паказьнікаў. Строгая вымова абвешчаная Навіцкаму, строгае папярэджаньне атрымліваюць амаль усе міністры.

Кілбаса больш ня значны прадукт

На пачатку чэрвеня кабінэт міністраў выкрасьліў мяса і мясапрадукты са сьпісу “сацыяльна значных” тавараў. Цэны на іх дзяржава рэгулявала цягам апошніх 10 гадоў. Словам, “за кілбасу” больш галасаваць ня будуць.

30 ліпеня пад пагрозай адстаўкі ўрад робіць справаздачу. Усё абыходзіцца мірна. Выкананыя 9 з 16 прагнозных паказьнікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. У першым паўгодзьдзі рост валавога прадукту склаў 104,7% пры прагнозным паказьніку 104—105%.

Аднак, калі зірнуць на справу комплексна, карысьць ад выкананьня парамэтраў сумнеўная. Так, адзначана павелічэньне рэальных грашовых даходаў насельніцтва на 18%. Для трывалага функцыянаваньня трэба адначасова забясьпечыць адпаведны прырост вытворчасьці, перадусім спажывецкіх тавараў. Гэта дапамагло б захаваць курс беларускага рубля: людзкія грошы знайшлі б сабе прымяненьне. Але прагрэс — рост вытворчасьці на 4,3% — назіраецца толькі ў сельскай гаспадарцы. У прамысловасьці тэмпы вытворчасьці ў чатыры разы адстаюць ад тэмпаў росту грашовых даходаў, у сфэры паслугаў — у тры разы. Адпаведна людзі вымушаныя ўкладаць свае грошы ў валюту.

Праблемы і з замежным гандлем. Павялічваецца імпарт. На 39,6% вырас увоз мясапрадуктаў, на 26,7% — абутку й шапак. Расьце імпарт тавараў, якімі была вядомая Беларусь, — тэлеапаратуры, лядоўняў, тэкстылю. Урад схільны абараняцца нетарыфнымі мерамі. Беларускі экспарт у Расею зьнізіўся на 6,7%, а ва Ўкраіну — ажно на 60,2%. Праўда, дзякуючы павелічэньню экспарту паслугаў краіна дамаглася станоўчага сальда замежнага гандлю — 61,7 млн. даляраў. Чарговы боль — інвэстыцыі. За паўгоду Беларусь атрымала толькі 129 млн. даляраў замежных капіталаўкладаньняў, тады як гадавы плян складае 400 млн.

На пачатку жніўня прымаецца новы рэглямэнт працы ўраду, згодна зь якім цяпер у паседжаньнях Саўміну могуць браць удзел парлямэнтары.

“Белтрансгаз”

Прэм’ер пазьбягае камэнтаваць праблемы беларуска-расейскіх стасункаў, урад паслухмяна маўчыць і выконвае загады. Пры канцы жніўня кабінэт ухваляе праект дэкрэту прэзыдэнта, што дае дазвол на прыватызацыю ўсяе сыстэмы прадпрыемстваў дзяржаўнай кампаніі “Белтрансгаз”. Гэта важны крок у выкананьні дамоўленасьцяў Лукашэнкі і Пуціна, паводле якіх “Белтрансгаз” павінен быць прыватызаваны да 1 ліпеня 2003 г. Прычым да гэтага працэсу павінен быць дапушчаны “Газпрам”. Гэта — умова ўвядзеньня для Беларусі ўнутрырасейскіх тарыфаў на газ і спроба паменшыць напружаньне паміж Масквой і Менскам. Няпэўнасьць гэтых узаемінаў працягваецца надалей, і 17 верасьня Навіцкі і Касьянаў вырашаюць пачакаць і прымаюць “рашэньне аб пераносе рашэньня”. Асноўнае пытаньне — аб увядзеньні адзінай валюты — засталося нявырашаным мінімум да сьнежня. Вось так сама няпэўна мінуў год і для Генадзя Навіцкага.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0