апытаньне “НН”: які прэм’ер быў найлепшы?

І ўсё-такі Кебіч!

З усіх беларускіх прэм’ераў людзям найбольш запомніўся Вячаслаў Кебіч — бо быў асобай №1 у дзяржаве. Таму і ўлятала “Францавічу” ў народных гутарках нашмат болей, чым прэм’ерам сёньняшнім, — найперш за спробы інтэграцыі з Расеяй, якія тады былі ў навіну. Затое цяпер — памятаюць. Потым ільвіную долю любові і нелюбові адцягнуў на сябе Лукашэнка, на прэм’ераў зьвярталі меней увагі. Але цалкам не забыліся. Чыгіра ў часы прэм’ерства не любілі за тое, што маўчыць, калі прэзыдэнт крычыць на яго, Лінга — за тое, што стараваты і камуняка, Ярмошына — за Нямігу і расейскасьць, Навіцкага, як і ўсіх агулам, — за несамастойнасьць і невыразнасьць. Сёньня апытаньне “НН” мае адваротную мэту: вызначыць, за што каго з нашых прэм’ераў любілі.

Станіслаў Шушкевіч, экс-старшыня Вярхоўнага Савету: Кебіч рабіў разумныя захады. І знаходзіўся на тым узроўні, якога патрабавала пасада. Я паважліва ставіўся і да Ярмошына. У складаных умовах ён здолеў зрабіць шмат карыснага. Самы безаблічны прэм’ер — Лінг. Ён не зрабіў нічога. Абсалютна. А ў чалавечым пляне, між іншым, быў даволі прыемнай асобай.

Аляксандар Ярашук, палітык-адзіночка: Усё ж такі Кебіч. Хоць бы таму, што быў першым. Тым, хто ішоў за ім, было ўжо лягчэй. Пры Кебічу ж фарміраваліся ўсе дзяржаўныя інстытуты. Ён спраўляўся. Школа жыцьцёвая ў яго была моцная. Кадравую палітыку разумную праводзіў. Галоўнымі крытэрамі пры адборы кадраў для яго былі не зямляцтва ці асабістая адданасьць. Але ўсё, што зь ім здарылася далей, — адпаведна з заслугамі. Аднымі ружовымі колерамі Кебіча ніяк не намалюеш.

Сьвятлана Калінкіна, галоўная рэдактарка “Белорусской деловой газеты”: Найбольш кампэтэнтным быў Ярмошын. Чалавек знаходзіўся на сваім месцы. Дасягненьні яго можна пералічваць доўга. Галоўнае, што яму ўдалося абмежаваць паўнамоцтвы Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Ні да яго, ні пасьля яго ніхто ня змог зрабіць нічога падобнага.

Аляксей Марачкін, мастак: Найлепшага не было. Яго пакуль можна толькі чакаць. Асабіста я з павагай магу ставіцца толькі да аднаго зь іх. Да таго, хто пры гэтым рэжыме здолеў зрабіць сапраўдны ўчынак — сысьці, ляснуўшы дзьвярыма. Гэта Міхаіл Чыгір. У астатніх сьмеласьці не хапіла і на гэта. Баяцца слова супраць сказаць. Бо бачылі, што з Чыгіром стала: і сам за кратамі пабываў, і сын там знаходзіцца.

Уладзімер Роўда, палітоляг: Усе кепскія. Хіба толькі Кебіч, які праводзіў самастойную палітыку. Усе астатнія гэтага рабіць не маглі. Працавалі пад уціскам Лукашэнкі. Згадваецца яшчэ Чыгір. Ён імкнуўся прасоўваць наперад разумныя эканамічныя ідэі. Але яго палітыка, як прэм’ер-міністра, не была эфэктыўнай. Усё натыкалася на супраціў Лукашэнкі. Усе астатнія прэм’ер-міністры нічога добрага для нашай краіны не зрабілі. Прадстаўнікі расейскай палітычнай эліты любяць узгадваць Ярмошына. Яго нават разглядаюць як магчымую альтэрнатыву Лукашэнкі. Але ён праводзіў выключна прарасейскую палітыку. Да Беларусі і яе інтарэсаў яму не было ніякай справы. І цяпер няма.

Аляксандар Дабравольскі, намесьнік старшыні АГП: Вельмі добрым прэм’ерам можна лічыць Міхаіла Чыгіра: ён быў сапраўдным прафэсіяналам. У часы яго прэм’ерства павялічыўся заробак, спыніўся рост інфляцыі. Што тычыцца іншых прэм’ераў, дык Кебіч быў ня вельмі добрым, а ўсе астатнія — проста ніякія.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП: Магу сказаць, хто быў прафэсіяналам. Чыгір і Ярмошын. Зь іх лепшым мне здаецца Чыгір. Мужны і рашучы. Меў пасаду, і вельмі высокую. Ня кожны б сам сышоў у адстаўку. А кінуць працу ў офісе самага высокага ўзроўню і вярнуцца ў Беларусь!.. Акрамя Чыгіра сярод беларускіх палітыкаў на такое здольныя адзінкі. А мо і зусім ніхто.

Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю: Некалі ў Сталіна папыталі, які ўхіл горшы — правы ці левы. Той адказаў: “Оба хуже”. Так і тут. Цяперашні, Навіцкі, даволі імпазантным выглядае. Дый Ярмошын, калі ў Менгарвыканкаме працаваў, талковым мужыком здаваўся. Але як можна згадзіцца на пасаду прэм’ер-міністра ў краіне, дзе эканоміка падпарадкаваная ідэалёгіі, не разумею.

Валянціна Палевікова, Аб’яднаная сацыял-дэмакратыя: Чыгір: ён рэальна займаўся эканомікай. А не імкнуўся яе ідэалягізаваць, як гэта рабіў Лінг. Пры Чыгіру было адчуваньне, што і ў эканоміцы, і ў банкаўскай справе робяцца правільныя крокі. Гэта быў час надзей. Час, які цяпер згадваецца як дастаткова дэмакратычны пэрыяд нашага жыцьця. Калі я працавала ў ФПБ, часта сустракалася з Чыгіром на розных пленумах і зьездах. Нам заўсёды ўдавалася наладжваць нармальныя партнэрскія адносіны. Ён вельмі кампрамісны чалавек. І самы чалавечны й надзейны з усіх, хто зваўся ў свой час прэм’ер-міністрам Беларусі. А назірала я за ўсімі.

Зьміцер Бародка, рух “Зубр”: Яны ўсе адзін аднога вартыя. Пра цяпершняга прэм’ера Навіцкага наагул нічога не магу сказаць. Можа, яго зусім няма?

Надзея Нянашава, гаспадыня кавярні “Валерыя”: Добра ведаў сваю справу Ярмошын. Гаспадарнік моцны. Толькі яго прэм’ерства і запомнілася. А Навіцкі недаспадобы. Бо ён з Магілёва. Гэта ўжо шмат пра што кажа.

Сяргей Мальчык, старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ: Запомніўся Кебіч. Быў фотагенічны. Газэты любілі яго здымак зьмяшчаць. Бо меў ён вельмі імпазантны выраз твару. Яшчэ пачаў праводзіць палітыку аб’яднаньня з Расеяй. Пра рубель адзіны марыў. Яго першым з усіх палітыкаў-далучэнцаў Расея і пракінула.

Рыгор Барадулін, пісьменьнік: Усе прэм’еры ў нас былі толькі намінальнымі. Нерэальныя і неўплывовыя фігуры. Стаўленікі. Хто камуністычнай, хто посткамуністычнай сыстэмы, а хто і цяперашняй, калгасна-сацыялістычнай. Беларусі ніхто зь іх не спрыяў. Хто лепшы? Анэкдот стары ўзгадваю на гэту тэму. Зьезьдзіў яўрэй за мяжу. Вярнуўся. Потым яшчэ раз паехаў. А потым яшчэ просіцца. Яго пускаюць, але кажуць, што апошні раз. Дый тое пры ўмове, што скажа, дзе лепш. Той і адказвае: “Ай, і там, і там гаўно. А перасадка ў Парыжы”. Так і з прэм’ерамі нашымі.

Станіслаў Багданкевіч, экс-старшыня Нацыянальнага банку: Міхаіл Чыгір і Ўладзімер Ярмошын. Першы імкнуўся правесьці рэформы. Каб яму ўдалося, жылі б мы цяпер, як Літва ды Польшча. А Ярмошын быў таленавітым кіраўніком. Наконт будаўніцтва мэтро мы зь ім часта сустракаліся. Сапраўдны гаспадарнік — а палітык ніякі. З Чыгіром нармальныя дзелавыя стасункі не заміналі сварыцца. Чыгір дагэтуль згадвае, які я ўпарты. Але і ён не адставаў. Мы адзін адному то “ты”, то “вы” казалі. У залежнасьці ад сытуацыі. Калі сварыліся, адразу “выкаць” пачыналі.

Леанід Малахаў, бізнэсовец, сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная маёмасьць”, АГП: Найлепшым быў Кебіч. Бо фактычна меў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы і мог рэальна ўплываць на сытуацыю ў краіне. Пры ім не зьнікалі апазыцыйныя палітыкі і журналісты, а за выступы на мітынгах не саджалі на суткі. Яго прэм’ерства было найлепшымі часамі для беларускіх прадпрымальнікаў.

Апытвала Вольга Анцыповіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0