Навука

 

Сродак ад аўтызму

Пра новыя лекі, якія дапамагаюць даць рады некаторым сымптомам аўтызму (агрэсіі, празьмернай актыўнасьці, раптоўным выбухам злосьці), паведамілі дасьледнікі з ЗША на старонках часопісу “New England Journal of Medicine”.

Аўтызм — гэта парушэньне разьвіцьця, якое выяўляецца ў першыя тры гады жыцьця дзіцяці. Паводле статыстыкі, яно закранае адно дзіця зь пяцісот. Хлопчыкі пакутуюць на аўтызм у чатыры разы часьцей за дзяўчынак. Хворае дзіця зь цяжкасьцю кантактуе зь іншымі людзьмі, баіцца глядзець у вочы, неадэкватна рэагуе на гукі ці дотык, дрэнна гаворыць, памыляецца, ужываючы асабовыя займеньнікі (можа казаць “ты” падчас гаворкі пра сябе), не кантралюе ўласных рухаў.

Спэцыялісты, што працуюць зь дзецьмі, хворымі на аўтызм, зацікавіліся псыхатропнымі лекамі з групы т.зв. атыповых, якімі эфэктыўна лечаць шызафрэнію.

У дзіцячым навучальным цэнтры пры Ейльскім унівэрсытэце правялі клінічныя дасьледаваньні з выкарыстаньнем атыповага псыхатропнага сродку рыспэрыдону. Яны працягваліся восем тыдняў і ахапілі 82 хлопчыкаў і 19 дзяўчынак ва ўзросьце да 17 гадоў, хворых на аўтызм. Частка зь іх атрымлівала рыспэрыдон, а частка — неактыўнае злучэньне.

Аналіз вынікаў паказаў, што рыспэрыдон пасьпяхова справіўся з сур’ёзнымі адхіленьнямі ў паводзінах пацыентаў. Паляпшэньне было зафіксавана ў 69% дзяцей, якім давалі лекі, у параўнаньні з 12% дзяцей, што прымалі пляцэба. Аўтары падкрэсьліваюць, што гэта рэкордная эфэктыўнасьць для лекаў, якія калі-небудзь прымяняліся ў тэрапіі аўтызму.

Дзеці добра пераносілі рыспэрыдон. Адзіным заўважным пабочным эфэктам было набіраньне вагі — няпоўныя тры кіляграмы за восем тыдняў.

 

Чаму ежа бывае нясмачная

Жывёліны, якія ў маленстве атрымлівалі разнастайны корм, пасталеўшы, з апэтытам спажываюць любую ежу. Тыя ж, якія ў першыя месяцы жыцьця елі адно і тое, і ў старасьці любяць адзін пэўны корм. Які — вырашаюць гены. Такое адкрыцьцё зрабіў польскі навуковец доктар Мацей Стасяк. Ягоная праца была зьмешчаная ў амэрыканскім часопісе “Developmental Psychology” (№3 за 2001 г.).

 

Рыба і мяса

Сярод біёлягаў дзесяцігодзьдзямі цягнулася спрэчка. Частка дасьледнікаў лічыла, што дарослыя жывёліны аддаюць перавагу той ежы, якой харчаваліся ў дзяцінстве. Па-навуковаму гэтая зьява завецца “дамінантай звычкі”. Існаваньне гэтае дамінанты пацьвярджалі многія экспэрымэнты з рознымі жывёламі. Але іншая група навукоўцаў, ладзячы дасьледаваньні на такіх самых відах жывёлаў, выявіла процілеглую зьяву: паддосьледныя аддавалі перавагу новаму, таму, чаго яны ня елі ў дзяцінстве. Гэтую заканамернасьць назвалі “дамінантай навізны”.

Каб разабрацца, што тут да чаго, д-р Стасяк узяў 8 кацянятаў. Першыя паўгоду жыцьця ён карміў іх выключна адным гатункам збалянсаванага корму. Палова кацянят ела корм з тунцом, а другая — зь ялавічынай. Наступныя паўгоду навуковец даваў усім катам па чарзе і тунца, і ялавічыну.

— Выявілася, што ўсе каты аддавалі перавагу тунцу, — апавядае вучоны. — Гэта зьбянтэжыла мяне, бо азначала, што палова зь іх мае “дамінанту звычкі”, а палова — “дамінанту навізны”.

А мо кацінае племя папросту ласае да рыбы, і ніякія набытыя рэфлексы яму тут не перашкода? Аднак знаёмыя доктара, што мелі катоў, сьцьвярджалі, што іхныя ўлюбёнцы ўміналі корм зь ялавічынай ня горш за тунцовы. Яны елі і адно, і другое.

Праўда праясьняецца

Д-р Стасяк распачаў чарговую фазу дасьледаваньняў. Наступнай партыі кацянятаў першыя паўгоду жыцьця давалі разнастайны корм, а потым перавялі на аднастайнае харчаваньне — тунец або ялавічыну. Выявілася, што жывёлы, страціўшы апэтыт (дзень пры дні адно і тое!), не аддавалі ніякай перавагі таму ці іншаму корму.

— Тады якраз да мяне і дайшло, што спрэчка паміж адэптамі “дамінанты звычкі” і “дамінанты навізны” беспадстаўная, — кажа біёляг. — Жывёлы маюць прыроджаную, генэтычна абумоўленую прыхільнасьць да пэўнага віду корму (у выпадку катоў гэта тунец). Праяўляецца яна, аднак, толькі ў тым выпадку, калі маладых жывёлаў увесь час кормяць адной ежай. Калі ж яны ў пачатковы пэрыяд жыцьця маюць разнастайны рацыён, прыроджаная прыхільнасьць застаецца “нявыяўленай”.

Паводле словаў навукоўца, вынікі дасьледаваньняў на катах могуць датычыць і людзей, бо многія законы прыроды маюць унівэрсальны характар. Ягоную гіпотэзу пацьвердзяць ці абвергнуць тыя навукоўцы, якія адшукаюць людзей, што ў дзяцінстве харчаваліся толькі нейкай адной ежай — напрыклад, рысам.

 

Прафэсійная хвароба футбалістаў

Запаволеная рэакцыя, адсутнасьць канцэнтрацыі, складанасьці з абстрактным мысьленьнем — усё гэта сымптомы прафэсійнай хваробы… футбалістаў! Такое адкрыцьцё зрабілі амэрыканскія вучоныя.

Навукоўцы Сыманз Даўнз і Дэвід Абвэндэр аналізавалі псыхічнае здароўе 26 футбалістаў-аматараў (20 хлопцаў, 6 дзяўчат, сярэдні ўзрост 19,8 году) і 6 былых прафэсійных футбалістаў (сярэдні ўзрост — 42,9 году). Для параўнаньня была сфармаваная кантрольная група з 29 плыўцоў такога ж узросту. Усе прайшлі тэсты на вызначэньне ўзроўню разьвіцьця абстрактнага мысьленьня, здольнасьці засвойваць веды, хуткасьці рэакцыі, назіральнасьці й уважлівасьці.

Выявілася, што старэйшыя футбалісты мелі запаволеную рэакцыю і горш канцэнтраваліся ў параўнаньні як з маладзейшымі калегамі, так і з равесьнікамі-плыўцамі. Апрача таго, усе футбалісты прайгралі плыўцам у здольнасьці да абстрактнага мысьленьня. Такія парушэньні часта сустракаюцца ў прафэсійных баксэраў і ўяўляюць сабой адну з формаў энцэфаляпатыі. Калі, аднак, у баксэраў прычына ўзьнікненьня хваробы дастаткова відавочная, дык яе наяўнасьць у футбалістаў зьдзіўляе. Адкуль яна бярэцца?

Кропля галаву точыць

Прычынай могуць быць мікратраўмы мозгу, якія ўзьнікаюць пры адбіваньні мяча галавой. Вынікі ад іх накопліваюцца гадамі. Кожны прафэсійны футбаліст цягам сваёй спартовай кар’еры тысячы разоў “гуляе галавой”. Гэта нямоцныя ўдары, і яны не выклікаюць стратаў прытомнасьці (як гэта бывае ў боксе). Але кропля камень точыць. Асабліва небясьпечныя для галавы “кручаныя” мячы.

Мікраскапічныя пашкоджаньні мозгу футбалістаў (асабліва лобна-скроневых доляў) не выклікаюць разладу ўсіх функцый. Чалавек з такімі траўмамі нармальна паводзіць сябе ў штодзённым жыцьці. Затое ён наўрад ці зможа зрабіцца праграмістам ці шахматыстам.

Шлем для футбаліста

У 1904 г. пад ціскам прэзыдэнта ЗША Тэадора Рузвэльта былі ўнесены зьмены ў правілы амэрыканскага футболу, якія абмежавалі ўжываньне грубых прыёмаў падчас гульні і такім чынам скарацілі колькасьць сьмяротных ахвяраў сярод гульцоў. Пазьней футбалісты атрымалі шлемы, падобныя на матацыклетныя, што зьменшыла колькасьць траўмаў галавы. Апранаюць цяпер шлемы і баксэры- аматары. Ці не надышоў час падумаць пра такія рэформы і ў традыцыйным футболе? Карысна было б таксама азнаёміць усіх трэнэраў, ня толькі футбольных, з тэарэтычнымі і практычнымі зьвесткамі па траўматалёгіі галавы. Яны павінны зьвяртаць увагу на такія праблемы спартоўцаў, як пэрыядычныя болі і галавакружэньні, парушэньні ўвагі і памяці, хуткую стамляльнасьць, хваравітую рэакцыю на сьвятло і шум, звон у вушах, зьмены настрою і парушэньні сну.

Ня ўсе гэтыя сымптомы выкліканыя траўмамі галавы. Частка можа быць вынікам хранічных перагрузак падчас трэніровак і выступленьняў. Так ці інакш, пры зьяўленьні такіх прыметаў спартовец мусіць часова “выйсьці з гульні”.

 

Унівэрсытэты пасварыліся

Між двума найпрэстыжнейшымі амэрыканскімі ўнівэрсытэтамі — Ейльскім і Прынстанскім — выбухнуў канфлікт, які запатрабаваў умяшаньня ФБР. Адміністрацыя першай ВНУ зьвярнулася ў спэцслужбы з скаргай на калегаў з Прынстану, што ўзламалі іхны вэб-сайт.

Было зафіксавана 18 несанкцыянаваных пранікненьняў, і сьляды вялі менавіта ў Прынстан. У ліку ўзламаных апынуўся нават сайт для абітурыентаў, які працуе ўсяго некалькі тыдняў на год. Першая рэакцыя прынстанскай адміністрацыі была дзіўнай: маўляў, ня мелі дрэнных намераў, а толькі хацелі праверыць, наколькі сайт абаронены ад узломаў. Аднак ёсьць меркаваньне, што прынстанская прыёмная камісія шукала прозьвішчы абітурыентаў, якія падалі дакумэнты ў абодва ўнівэрсытэты адразу. У Амэрыцы абітурыент можа падаваць дакумэнты адразу ў мноства ВНУ: звыклых нам прыёмных іспытаў там няма, заміж іх ладзіцца конкурс дакумэнтаў. (Дарэчы, паспрабаваць свае сілы можна і зь Беларусі: варта толькі адправіць натарыяльна завераныя дакумэнты — рэкамэндацыйны ліст ад сваёй ВНУ, атэстат аб сярэдняй адукацыі, выпіску з дыплёму, транскрыпт (сьпіс праслуханых курсаў) — і пасьведчаньні пра здадзеныя тэсты TOEFL, GRE, GMAT і інш.)

Урэшце, старшыні прыёмнай камісіі Прынстану давялося разьвітацца з сваёй пасадай, а адміністрацыі ўнівэрсытэту — публічна выбачыцца. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня здарэньне ацэняць адмыслоўцы з ФБР.

У Беларусі з 1998 г. дзейнічае 349 артыкул Крымінальнага кодэксу, які карае за незаконнае пранікненьне ў чужыя кампутарныя сыстэмы. Калі пры гэтым была нанесеная неістотная шкода — вінаватага караюць штрафам ці арыштам на тэрмін да 6 месяцаў. Максымальныя кары, прадугледжаныя гэтым артыкулам, — абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 7 гадоў. Ад пачатку 2002 г. па гэтым артыкуле КК распачатыя 6 крымінальных справаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0