Абразкі і абрэзкі

Кар’ера — гэта здаровае памкненьне мець неабходныя стасункі з усё больш вузкім колам людзей. Але з кожнай прыступкай зьмяняецца якасьць аселага там людзтва. Дый ці ня лепш заняцца чымсьці аднаасобна — творчасьцю або хоць зьбіраньнем бутэлек — каб ня мець неабходнасьці падтрымліваць непатрэбныя стасункі наагул.

* * *

Прыкрыў быў кубак з гарбатай спачатку складзеным лістком паперы, потым, дзеля таго што лісток гарбаціўся ды мерыўся скруціцца, яшчэ й лёгенькай накрыўкай ад нейкай пляшкі. Спачатку папера выгіналася так моцна, што накрыўка ўзьнімалася, і здавалася, вось-вось сасьлізьне, зваліцца. Потым становішча стабілізавалася, хоць рагі паперчыны ўсё яшчэ пучыліся, распускаліся ды сьціскаліся, але ўжо самі сабою. Потым… потым я выйшаў у суседні кабінэт патэлефанаваць і ўжо ня ведаю, як яно стала, што паперчына зусім зьнерухомела. …Так, блін, і з намі. Дык хоць бы толк быў, пакуль варушымся…

* * *

Можна забіць сябе адразу. Царква супраць, і правільна. Але нікога, а можа, і саму царкву, не цікавіць, што шмат хто забівае сябе “ў раздроб” — гуляе ў кампутарныя гульні, глядзіць сэрыялы ці “слабыя зьвёны”, выпівае. А ёсьць жа шмат людзей, адмыслова прыстаўленых, каб чалавеку нічога не хацелася й не маглося, апроч кампутарных гульняў, пазіраньня ў шкляны экран ці ў шкляное бутэлечнае рыльца.

Аляксандар Урбановіч,
Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0