Паляваньне на інтэлігентаў

Грамадзтва крыміналізуецца. Міліцэйская статыстыка сьведчыць, што колькасьць нападаў і абрабаваньняў у Менску вырасла да некалькіх сотняў штомесяц. Беларускую інтэлігенцыю гэтая тэндэнцыя закранула, як нікога іншага. Ня дзіва: сталы, чыста апрануты чалавек “у капелюшы і акулярах”, які поначы вяртаецца дахаты, — якраз тая ахвяра, якая гарантуе рабаўніку адносную бясьпеку і сякі-такі прыбытак.

Здарэньні самага апошняга часу — напад 23 верасьня на прафэсара Адама Мальдзіса і 28 верасьня на радыёжурналіста Генадзя Кесьнера. Апошні ў выніку трапіў з чэрапна-мазгавой траўмай у лякарню. Здароўе А.Мальдзіса, які некалькі дзён ляжаў дома зь пераломам рабрыны, рэзка пагоршылася, і ён таксама быў пераведзены ў больніцу: аказалася, што пераламаная скаба пашкодзіла лёгкае.

За апошні год былі моцна зьбітыя гісторык Георгі Галенчанка, выкладчык факультэту журналістыкі БДУ Мікола Каваленка, выкладчык нямецкай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Васіль Ермаловіч, заснавальнік гістарычнай інфарматыкі ў Беларусі Ўладзімер Сідарцоў. У клініцы пры Адміністрацыі прэзыдэнта (былой Лечкамісіі) кажуць, што за апошнія месяцы сюды зьвярталіся й іншыя дактары навук, прафэсары, зьбітыя рабаўнікамі. Гэта пачалося ня сёньня. Колькі гадоў таму ахвярай нападу стаў пісьменьнік Артур Вольскі, які так і ня здолеў цалкам адужаць пасьля зьбіцьця. Летась у аналягічную гісторыю трапіў рэжысэр Валеры Мазынскі.

 

Як гэта бывае

Нападаюць зазвычай прыцемкам, ззаду б’юць па галаве. Пасьля ў непрытомнага чалавека адбіраюць грошы й дакумэнты. Часьцяком адбываецца гэта непадалёк ад дому ахвяры, як у выпадку з Г.Галенчанкам ці А.Мальдзісам, якога зьбілі проста ля ўласнага пад’езьду.

Шлях дамоў з працы ў бальшыні зь іх нязьменны. Ці дае гэта падставы меркаваць, што нехта адмыслова высочвае навукоўцаў? Пры цяперашніх сродках сувязі гэта нескладана. “Дастаткова, каб нехта з мабільнікам ішоў сьледам за ахвярай і пільнаваў. А потым па мабільніку ж паведамляў саўдзельнікам, якія падпільноўваюць недзе па дарозе, — кажа адзін сусьветна вядомы навуковец, якога па-зьверску зьбілі і абрабавалі пры канцы зімы (ён ня хоча, каб ягонае імя называлася: “Не хачу фігураваць ахвярай”). — Магчыма, гэта нават і ня менскія бандыты. Пісала ж прэса недзе з паўгоду таму пра пухавіцкіх хлопцаў, якія прыяжджалі ў Менск, увечары “трэсьлі” каго-небудзь і хуценька вярталіся ў Пухавічы”.

Пазыцыя міліцыі

Звароты ахвяраў у міліцыю не заўжды былі плённымі. Не адразу пачалі шукаць злачынцу, які напаў на Г.Галенчанку: “Міліцыянты прыехалі, склалі пратакол, але безь вялікага энтузіязму, нават сьведкаў не шукалі. Я тады сказаў, што паскарджуся на іх. А потым праз пару дзён быў выступ Лукашэнкі, на якім ён наракаў, што часам міліцыя халатна ставіцца да сваіх абавязкаў. Тады яны прыехалі — мабыць, падумалі, што і праўда паскардзіўся: усё ж такі доктар навук, прафэсар і нават ляўрэат...”

Такім самым чынам апісаў свае дачыненьні зь міліцыяй і А.Мальдзіс: “Спачатку яны былі абыякавыя (маўляў, чаму ўчора не пазванілі, бо злачынцы і сьлед прастыў), а потым, як прэса панаехала, кінуліся складаць пратакол, здымаць паказаньні”.

Міліцыянтам ня хочацца валаводзіцца са справамі, якія наўрад ці можна будзе раскрыць. Напад уначы, калі навокал няма сьведкаў ды яшчэ пры гэтым ахвяра страціла прытомнасьць і ня бачыла нападніка... Такая справа можа “вісець” нераскрытай вельмі доўга.

Але пры той колькасьці міліцыянтаў, якой нашпігаваны Менск, напады на інтэлігентаў падаюцца ледзь ня зьдзекам з “ахоўнікаў парадку”.

Палітыкай ня пахне?

Хто нападае на навукоўцаў? Крымінальнікі? Падобна, што так. Такой думкі трымаюцца і міліцыянты. Г.Галенчанка распавядае, што яму супрацоўнікі міліцыі казалі пра нейкага цыгана, які нядаўна зьявіўся ў раёне. Вінаватымі крымінальнікаў лічаць і некаторыя з пацярпелых. Зьдзіўляе, праўда, той факт, што сярод зьбітых так рэзка павялічваецца колькасьць беларускамоўных. Але гэта сьведчаньне, хутчэй, не мэтанакіраванага “адстрэлу”, а таго, што беларускамоўнасьць стала для сталіцы масавай зьявай.

Ці ўдзельнічаюць у разбойных нападах спэцслужбы? Малаверагодна. Рабаўніцтва навукоўцаў цяжка патлумачыць палітычнымі прычынамі. Тут хутчэй трэба бачыць узрастаньне сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве. Міліцыянты кажуць, што наагул колькасьць разбойных нападаў апошнім часам вельмі ўзрасла — да некалькіх сотняў штомесяц. Адзін з пацярпелых прафэсараў кажа: “Верагодна, рабочых зьбіваюць значна болей, проста на слыху ў нас імёны вядомых людзей. Ня думаю, што мяне хтосьці спэцыяльна “вёў”: я не займаюся палітыкай”.

Атрымліваецца, што беларускія інтэлігенты, навукоўцы застаюцца абсалютна безабароннымі перад нападам азьвярэлага бамжа ці “гастралёра”-хулігана. Палітыкі ў выпадку нападу могуць яшчэ павярнуць усё на сваю карысьць і атрымаць грамадзкую падтрымку. Навукоўцам не дастаецца нават гэтага.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0