Бюджэт-2003: далей ад рэальнасьці

Праект бюджэту прадугледжвае рост выдаткаў на сацыяльную сфэру за кошт росту даходаў пры адначасовым зьніжэньні бюджэтнага дэфіцыту. Аднак многія разьліковыя паказчыкі вымушаюць сумнявацца ў рэалістычнасьці такога бюджэту.

Рост даходаў мяркуецца забясьпечыць за кошт прыватызацыі, скасаваньня падатковых ільготаў і распаўсюджаньня падаткаабкладаньня на шырэйшыя катэгорыі падаткаплатнікаў. Структурна бюджэт вельмі падобны да сёлетняга. На думку першага намесьніка міністра фінансаў Анатоля Сьвяржа, якую ён выказаў у інтэрвію газэце “Рэспублiка”, “адзінае, што будзе адрозьніваць праект бюджэту 2003 г. ад папярэдняга, гэта больш акцэнтаваныя падыходы да зьніжэньня яго дэфіцыту і расходнай нагрузкі”.

Даходная частка бюджэту налета мае скласьці 6 058 520 675 тыс. рублёў, у той час як расходы чакаюцца ў 6 552 520 675 тыс. рублёў. Дэфіцыт бюджэту, такім чынам, складзе 494 млрд. рублёў.

Галоўнаю праблемай на шляху выкананьня прагнозных паказьнікаў экспэрты Саўміну называюць абмежаванасьць крыніцаў фінансаваньня гэтага дэфіцыту. Найперш з-за хранічнага невыкананьня зьнешняга фінансаваньня: крэдытаў Беларусі ніхто не дае. Сёлета гэта выклікала хранічнае невыкананьне даходнай часткі бюджэту. Усяго за гэты год у рэспубліканскі бюджэт паступіла 2586,1 млрд. рублёў (з улікам дзяржаўных мэтавых фондаў), што складае 62,6% ад гадавога пляну даходаў бюджэту. Пры такіх тэмпах за астатнія чатыры месяцы гэты паказьнік сягне толькі 93,9%.

Іншае слабае месца — даходы ад прыватызацыі. Якія падставы чакаць іх узьлёту налета, калі за 8 месяцаў гэтага году дзяржава атрымала ад прыватызацыі толькі 5 млрд. рублёў, хоць плянавала атрымаць 100 млрд.?

Падаткі

Падаткі, паводле плянаў Савету міністраў, мусяць застацца на сёлетнім узроўні. Колькасьць мясцовых падаткаў ды збораў зь юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў нават зьменшыцца. У рамках уніфікацыі беларускага заканадаўства з расейскім плянуецца таксама зьменшыць ад 15% да 6% стаўку падаткаў на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы. Апроч таго, урад абяцае ўвесьці на ўвесь наступны год мараторый на ўвядзеньне новых падаткаў і абавязковых плацяжоў ды на зьмяненьне ставак.

Тым ня менш, Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што бюджэт па-ранейшаму сацыялістычны, ня рыначны. Ён прадугледжвае і старое пераразмеркаваньне ВУП: адбіраньне ў вытворцаў да 50% нацыянальнага прадукту, таму ён вядзе да далейшай стагнацыі эканомікі”.

Што будзе з рублём

На сацыяльныя праграмы ўрад зьбіраецца выдзеліць у 2003 г. 2 трлн. рублёў — істотна больш, чым сёлета. Аднак у выпадку, калі даходы ад прыватызацыі і крэдытаваньне з-за мяжы акажуцца налета меншымі, чым плянуецца, выкананьне такое сацыяльна скіраванае расходнае часткі бюджэту амаль непазьбежна прывядзе да росту інфляцыі вышэй за праектныя паказчыкі. Так здарылася сёлета.

Паводле словаў старшыні праўленьня Нацбанку Пятра Пракаповіча, афіцыйны абменны курс даляра на пачатак 2003 г. плянуецца давесьці да 1920 рублёў, а на пачатак 2004 г. — да 2250—2350 рублёў. Гадавая інфляцыя ня мусіць перавысіць 18—24%. Стабільнасьці нашае валюты плянуецца дасягнуць за кошт росту грашовае масы на 24,7—32,5%, альбо на 460,9—606,6 млрд. рублёў. Эмісія Нацбанку ў гэтай суме складзе 218,1—296,9 млрд. рублёў. П.Пракаповіч кажа, што задачы перад Нацбанкам на 2003 г. пастаўленыя “намнога складанейшыя, чым у папярэднія гады”. Рэалізаваць іх трэ будзе ва ўмовах істотнага зьніжэньня інфляцыі і дэвальвацыі рубля, што не дазваляе Нацбанку разьлічваць на станоўчае сальда ў замежным гандлі: “Чакаецца, што дэфіцыт паступленьняў ад рэалізаваных на зьнешнім рынку тавараў ды паслугаў складзе блізу 600 млн.даляраў”, — паведаміў старшыня Нацбанку.

ВУП і заробкі

Паводле праекту бюджэту і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2003 г., тэмпы росту ВУП маюць скласьці 6%. Адставаньне тэмпаў росту прамысловасьці (4,5—5%) ад прагнознага паказьніка ВУП урад мяркуе кампэнсаваць за кошт зьніжэньня энэрга- і матэрыялаёмістасьці вытворчасьці (на 4,5—5,5%).

Рост рэальных заробкаў нібыта дасягне 7—8%, што ў эквіваленце адпавядае росту з 120 даляраў на пачатак году (ці 244—255 тыс. рублёў за месяц) да 130 даляраў на канец году. Гэтыя лічбы як ніякія іншыя робяць відавочным для паспалітага грамадзяніна нерэальнасьць паказчыкаў, на якіх Мінфін грунтуе свае разьлікі. Сярэдні заробак у краіне ўсе месяцы гэтага году ледзьве-ледзьве перавышаў сотню даляраў, і нават мацёры аптыміст не спадзяецца на ўзьлёт сваіх прыбыткаў у калядную ноч.

Мінфін разьлічваў бюджэт зыходзячы ня толькі з рэальных паказчыкаў, але і з “установак”. Гэта падрывае веру ў выканальнасьць ягоных парамэтраў.

Глеб Хмяльніцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0