Ці ёсьць плён ад месячніка беларускай мовы?
Апытаньне “НН”
Жанна Літвіна, прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў: Гэты месячнік мне нічога не дадаў і нічога не адняў. Моўная палітыка мая абсалютна не зьмянілася. Хаця акцыя сама па сабе вельмі патрэбная. Зь вялікай павагай стаўлюся да людзей, што яе правялі. Хаця і цяжка сказаць, ці загаварыў па-беларуску пад яе ўплывам нехта з расейскамоўных.
Сяргей Кухто, супрацоўнік БТ: Пра месячнік ведаў. Але ўдзелу актыўнага ня браў. Не знайшоў проста, з кім бы гэтым заняцца. Не з тэлевізарам жа! Праўда, праца вымусіла. 21 верасьня БТ ладзіла акцыю адкрыцьця новага тэлесэзону. Там я па-беларуску ўсё казаў. Доўга рыхтаваўся. Было вельмі складана. Увесь час Пятру Варахобіну тэлефанаваў, пытаўся, як і што вымаўляць. Ён усё ведае, бо заўсёды па-беларуску гаворыць.
Лягчэй за ўсё прымусіць чалавека на беларускую мову перайсьці на працы. Там ты трапляеш у адпаведныя ўмовы — і ўсё. Ад гэтага ж заробак твой залежыць. Таму і ў слоўнік палезеш, і ў сяброў папытаеш.
Іван Пашкевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Дома ў мяне пануе расейская мова. Але дачка вучыцца ў беларускай клясе. Калі рыхтуем урокі — ці то матэматыка, ці то маляваньне, — заўсёды па-беларуску размаўляем. Вось і ўвесь мой месячнік.
Акцыя сама па сабе неблагая. Але малаэфэктыўная. Пра яе і чуў мала хто. Я ведаю толькі таму, што газэты ўвесь час праглядаю. Бо павінен гэтым займацца. Калі б хоць дзяржаўная прэса гэта падтрымала, мо што і лепей атрымалася б.
Галіна Саўчук, галоўная інспэктарка Міністэрства адукацыі: Я ў адпачынку была, таму ня чула нічога. І ня ведаю, ці дайшла гэтая акцыя да школак. Добра, што заклікаюць па-беларуску размаўляць. Яны ж не прымушаюць нікога. Няхай бы болей агітавалі. Можа, хто б і задумаўся.
Анатоль Крыжаноўскі, дырэктар тэатру “Хрыстафор”: У нас ёсьць беларускамоўны нумар “Вясельле”. У верасьні мы яго наўмысна ставілі ў кожны эстрадны спэктакль. У іншыя месяцы так часта яго не паказваем. Таксама, у межах месячніка, я пачаў больш глядзець беларускае тэлебачаньне. А ОРТ наагул выключыў. У мяне ў аўтамабілі стаіць прыймач кароткіх хваляў. Дык вось адтуль я і пра месячнік даведаўся. І беларускую мову добрую там слухаю.
Уладзімер Парфяновіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў: А я ня чуў ні пра які месячнік. А так мо і падтрымаў бы. Павінна быць нейкае рашэньне. Калі б прэзыдэнт па-беларуску загаварыў, то і парлямэнтары таксама не адсталі б.
Сяргей Плыткевіч, галоўны рэдактар газэты “Туризм и отдых”: Не, ня ведаў нічога. Па-беларуску абсалютна свабодна размаўляю. Калі хто зьвернецца — абавязкова адкажу. Мы і паштоўкі беларускія выпускаем. Але ёсьць рэаліі. Яны мацнейшыя за любы месячнік. Ёсьць патрыятызм, а ёсьць бізнэс. Таму большую частку жыцьця і размаўляю на расейскай мове.
Тамара Каваленя, дырэктарка школы №2 Горадні: У нас гэта ішло пад дэвізам дзён славянскай культуры і пісьменства. Урокі ладзілі. Цягам месяца, згодна з плянам, пра Янку Купалу і Якуба Коласа заняткі ішлі. Натуральна, усё гэта мела сэнс, мы па-беларуску гаворым (сама адказвае па-расейску — В.А.).
Ірына Сідарэнка, завуч Беларускага гуманітарнага ліцэю: А ў нас вучні ўвесь час па-беларуску гавораць. Ім ніякі месячнік дзеля гэтага ладзіць ня трэба. Пра ініцыятыву гэтую я чула. Але праблема ў тым, што ведаюць пра яе якраз тыя, хто па-беларуску і так размаўляе. Да астатніх яна магла і не дайсьці. Але ўсё адно патрэбнае мерапрыемства. Можа, хто і зразумеў, што па-беларуску размаўляць ня страшна.
Аляксей Янукевіч, палітык, БНФ: Мяне асабіста акцыя не закранула. Я і так па-беларуску размаўляю. Ініцыятыву ТБМ па прапагандзе беларускай мовы вітаю. Але месячнік… Атрымліваецца, што паразмаўлялі 30 дзён па-беларуску і перайшлі зноў на расейскую. Ці як? Дый ня думаю, што гэтая акцыя ахапіла шырокія колы. Хоць чалавека, які маральна ўжо быў гатовы загаварыць па-свойму, аб’ява ў транспарце аб месячніку магла і падштурхнуць да дзеяньняў.
Вольга Анцыповіч