Ізаляваць “Батасуну” немагчыма

Гутарка з прадстаўніком партыі басконскіх незалежнікаў “Эры Батасуна”

Забарону басконскай партыі “Батасуна” (палітычнае крыло ЭТА) гішпанская прэса прагназавала з пачатку году. Журналісты прадказвалі паўтарэньне падзеяў 1997 г.: тады, пасьля забойства маладога кансэрватара Мігеля Блянка, было арыштаванае ўсё кіраўніцтва “Батасуны”. І сапраўды, калі ў пачатку жніўня ў курортным мястэчку Санта-Поля выбухнула бомба, урад выдаў пастанову, згодна зь якой дзейнасьць партыі “Батасуна” прыпыняецца на тры гады. У той самы дзень парлямэнт падтрымаў рашэньне ўраду. Праз два дні паліцыя штурмам узяла ўсе партыйныя асяродкі, а гішпанскія СМІ абвесьцілі, што “Батасуны” больш не існуе. Зацікаўлены пытаньнем “так гэта ці не”, я раскапаў у Нямеччыне жывога сябра “Батасуны” Андрэ, які пагадзіўся даць мне інтэрвію.

“НН”: Ці было прыпыненьне дзейнасьці “Батасуны” нечаканасьцю для яе сяброў? Чуткі аб хуткай забароне хадзілі ўжо з сакавіка, калі сябры кіруючай Народнай партыі арганізавалі некалькі маніфэстацыяў у падтрымку ідэі забароны “Батасуны”.

Андрэ: Мы не былі гатовыя да такога разьвіцьця падзеяў. Урад нечакана хутка правёў сваё рашэньне ў парлямэнце. Мы лічылі, што на дэбаты аб прававым баку забароны пойдзе болей часу. Зь іншага боку, мы ўжо прызвычаіліся да такога кшталту рэпрэсіяў. Тры гады таму ўсё наша кіраўніцтва трапіла за краты, летась была забароненая наша моладзевая арганізацыя, навучальныя курсы і летняя школа. З 1998 г. у СМІ вядзецца прапагандысцкая кампанія, якая мусіць давесьці апошняму абывацелю, што Батасуна — ваенкамат ЭТА, што нашая газэта “Egin” — баявы лісток, а празь сетку кавярняў “Herico Tabernas” адмываюцца нарабаваныя ЭТА грошы.

“НН”: Што будзе рабіць “Батасуна” пасьля закрыцьця партыйных бюро і “Herico Tabernas”?

А.: Мы шукаем новыя мадэлі дзейнасьці. Напрыклад, цяпер функцыі мясцовых бюро выконваюць культурніцкія арганізацыі. Юрыдычна яны не ўваходзяць у партыю, аднак там шмат актывістаў “Батасуны”. Здаецца, урад Азнара не зразумеў, што мае справу не са звычайнай кадравай партыяй. Мы — частка сацыяльна-культурніцкага руху, таму ізаляваць нас немагчыма. Фармальна партыйнай структуры сёньня няма, аднак дзейнасьць Батасуны працягваецца празь няўрадавыя ініцыятывы.

Бяз “Herico Tabernas” цяжэй. Гэта была адзіная стабільная крыніца нашых партыйных сродкаў. Між тым, на “Батасуну” спрабуюць ускласьці адказнасьць за наступствы акцыяў “Kale borokkа” (вулічнага моладзевага руху, які ў барацьбе зь дзяржавай часта ўжывае баявыя сродкі). Нам выставілі рахунак у 24 млн. эўра. Такая сума нам нават і ня сьнілася. Заблытаная сытуацыя і з нашымі дэпутатамі ў мясцовых органах улады. У некаторых гарадах нават мэры — сябры нашай партыі. Пакуль ім дазволілі заставацца ў адміністрацыі, аднак займацца выключна гаспадарчымі справамі. Мы знаходзімся ў абсалютна нявызначанай сытуацыі.

“НН”: У такім разе незразумела, якую мэту ставіў урад, забараняючы “Батасуну”: зьнішчыць вас як палітычны рух або проста разбурыць усю партыйную інфраструктуру?

А.: Хутчэй апошняе. Гішпанская дзяржава ня ведае, як вырашыць праблему баскаў. Тактыка асыміляцыі шляхам наданьня абмежаванай аўтаноміі не спрацавала. У Мадрыдзе чамусьці вырашылі, што асыміляцыя буксуе з-за “Батасуны”, якая заўсёды крытыкавала гішпанскія інстытуцыі ў краі. Аднак фармальная забарона “Батасуны” нічога ня дасьць. Людзі засталіся. Партыя ў любы момант можа адрадзіцца пад новай назвай. Таму ўдар нанесьлі па інфраструктуры басконскіх левых.

“НН”: Афіцыйная падстава для забароны “Батасуны” — сувязь з тэрарыстамі ЭТА. У гэтай сытуацыі вам было б лягічна дыстанцыявацца ад іхных акцыяў. Аднак “Батасуна” ўпарта гэтага ня робіць. Чаму?

А.: Гэта вельмі складанае пытаньне. У Гішпаніі папулярная думка, што ЭТА пагражае дэмакратыі. Я лічу, што фэномэн ЭТА — гэта, наадварот, палітычная рэакцыя на антыдэмакратычную сытуацыю ў краіне.

“НН”: У якім стане знаходзіцца сёньня басконскі рух за незалежнасьць?

А.: Мы маем вялікую колькасьць недзяржаўных арганізацый і сацыяльных праектаў, якія не вылучаюць палітычных лёзунгаў, але ідэнтыфікуюць сябе з басконскім нацыянальным рухам. Гэта значыць, што для грамадзянаў пытаньні стварэньня футбольнай зборнай Краіны баскаў або пашырэньня кампэтэнцыі аўтаномных органаў улады зьяўляюцца натуральнымі.

“НН”: Як вы разумееце слова “сувэрэнітэт”? Якую канцэпцыю нацыі мае партыя “Батасуна”?

А.: Нашая нацыя існуе тысячагодзьдзі. Пры гэтым гаворка заўсёды ішла пра нацыю безь дзяржавы. Мы, сябры “Батасуны”, зыходзім з унівэрсальных чалавечых каштоўнасьцяў, якія павінны вызначаць нашу нацыянальную сьвядомасьць. Батасуна разглядае сябе як частку левага руху. Для нас незалежнасьць — гэта працэс, а ня “Дзень нацыянальнага вызваленьня” ў календары. Мы спрабуем арганізаваць гэтую незалежнасьць тут і цяпер.

“НН”: Першай вашай рэакцыяй на забарону партыі быў заклік да грамадзянскага непадпарадкаваньня. Аднак гэты лёзунг не знайшоў падтрымкі ў масах...

А.: Мы і не чакалі адразу выбуху радыкальнага супраціву. Гэта нерэальна. Шмат баскаў шукаюць сваё шчасьце ў спажываньні або ў сямейным коле. Ім гэта куды важнейшае за палітыку. Аднак падчас ператрусаў нашых асяродкаў большасьць баскаў выказвала салідарнасьць з намі. Для нас важна, каб рух пратэсту быў заўсёды дэцэнтралізаваны, каб яго немагчыма было задушыць. Правільнасьць нашай тактыкі пацьвердзілі падзеі 7 верасьня, калі мы зьбіраліся зладзіць дэманстрацыю. Пабачыўшы пасіўнасьць масаў у першыя дні пасьля забароны “Батасуны”, улады ня верылі, што мы здолеем мабілізаваць людзей. Аднак, калі ў нашу падтрымку пачалі выступаць недзяржаўныя ініцыятывы, Мадрыд зразумеў, што не пралічыў сытуацыі, і адразу забараніў маніфэстацыю. Гішпанскія палітыкі ў Мадрыдзе, іх кіраўніцтва ў аўтаноміі з партыі PNV сапраўды баяцца нас. Цяпер у СМІ яны распачалі новую кампанію — намагаюцца давесьці, што штурмаваць офісы “Батасуны” добраахвотна вызвалася басконская паліцыя (Grtzantza). Маўляў, большасьць баскаў супраць незалежнасьці і жадаюць назаўсёды заставацца гішпанцамі. Насамрэч у штурме былі задзейнічаныя гішпанскія спэцчасьці.

“НН”: Калі гаворка зайшла пра PNV, не маглі б Вы распавесьці пра вашыя адносіны зь іншымі палітычнымі групоўкамі?

А.: Мы прынцыпова не супрацоўнічаем з гішпанскімі кансэрватарамі і сацыял-дэмакратамі. З PNV, партыяй нацыяналістаў, у нас складаныя адносіны. Так, яны асудзілі рашэньне аб забароне “Батасуны”. Зь іншага боку, на месцах не было ніякай канкрэтнай спробы дапамагчы нам. “Батасуна” мае добрыя кантакты з басконскай партыяй зялёных Eusko Alkartasuna (EA) і з партыяй “Аб’яднаныя левыя” (гішпанскія камуністы).

“НН”: Пратэсты супраць забароны “Батасуны” праходзілі пад лёзунгам “Стоп фашызм!”. Што вы разумеце пад фашызмам?

А.: Фармальна ў Гішпаніі пануе дэмакратыя, аднак некаторыя пытаньні ўздымаць проста забаронена. Уся прававая сыстэма перастае дзейнічаць, калі гаворка заходзіць аб праве баскаў на незалежнасьць. Адмаўляючы нам у гэтым праве, дзяржава дэманструе сваю таталітарную сутнасьць. Недарэчна было б параўноўваць сёньняшнюю сытуацью з часамі Франка. Аднак існуе нейкая пераемнасьць у стаўленьні дзяржавы да баскаў. Асновы гэтай палітыкі былі закладзеныя фашыстамі. Гішпанскі ўрад з 30-х баіцца страціць нацыянальную еднасьць. У барацьбе супраць “небясьпечнага сэпаратызму” (гэтак прем’ер Азнар называе басконскі незалежніцкі рух) відавочныя фашыстоўскія тэндэнцыі. Мадрыд выкарыстоўвае катаваньні й батальёны сьмерці для змаганьня з баскамі.

Гутарыў Лёлік Ушкін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0