Культура
музыка
Чакалі “NRM”
Адным з самых доўгіх за ўсю гісторыю парк-клюбу “Менск” быў канцэрт “Тры палякі, грузін і сабакі”, які адбыўся там у рамках фэсту “Восень польскай культуры” 26 верасьня. Цягнуўся ён аж пяць гадзінаў. Спачатку выступіў польскі сьпявак Яцак Клейф з сваім гуртом “Orkiestra na zdrowie”. Паводле першапачатковае задумы, ён мусіў граць у асобным канцэрце разам са Зьмітром Вайцюшкевічам, але ў праграме фэсту адбыліся зьмены і артыст вымушаны быў “грэць” публіку перад польскімі рок-гуртамі “Pidżama Porno” і “T.Love”. А пад заслону мусіў зайграць “NRM”.
Яцака Клейфа было нават шкада. Ягоная “аркестра” грае музыку для людзей сярэдняга пакаленьня — тых, хто памятае яшчэ эпоху “Салідарнасьці” і першыя трыюмфы тагачасных польскіх сьпевакоў. А ў парк-клюбе сабраліся пераважна юнакі й дзяўчаты, якія прыйшлі на сваіх куміраў — “NRM”. Квіткі на канцэрт прадаваліся ў пераходах мэтро і каштавалі 5000 рублёў. Спачатку Клейфа ніхто ня слухаў; дый агульная атмасфэра ў парк-клюбе “Менск” не спрыяе ўважліваму слуханьню. Крэслаў там няма; ёсьць толькі паркет, прыдатны для тусоўкі і танцаў, а калі трэба — і для невялікага мітынгу. Якасьць гукаапаратуры таксама далёкая ад ідэалу. Дэцыбэлаў хапае, але ў недыфэрэнцыяваным шуме і грукаце гублялася самая сутнасьць песьняў Клейфа — тэксты. У дадатак, пераважная большасьць прысутных не разумела польскай мовы і не змагла б ацаніць іх літаратурных вартасьцяў, нават калі б гук быў бездакорна чысты. Ня дзіва, што цягам першых дваццаці хвілінаў моладзь кантактавалася, абгаворвала надзённыя справы, фліртавала. Але потым натоўп паддаўся магіі музыкі і пачаў рытмічна рухацца — хоць песьні Клейфа ня дужа прыдатныя для танцаў.
Потым гралі “Pidżama Porno” і “T.Love”, вельмі папулярныя ў Польшчы апошнія дзесяць гадоў. Абодва гурты вельмі ганарацца сваімі тэкстамі, у якіх закранаюцца вельмі сур’езныя тэмы — вайна, Галакост, злачынствы таталітарызму, сучасная бездухоўнасьць. Амаль усе тэксты тыпова поставангардысцкія і цьмяныя нават з пункту гледжаньня знаўцаў польскае мовы. “Pidżama Porno” экспэрымэнтуе таксама з клясычнымі вершамі. Яскравы прыклад — “Левы марш” Уладзімера Маякоўскага. Аднак ніхто ня здолеў ацаніць тыя экспэрымэнты, бо тэксты практычна не ўспрымаліся на слых. Затое энэргія, якой прасякнутая музыка польскіх гуртоў, сталася вельмі даходлівай для нашых юнакоў і дзяўчат. Танчылі апантана, асабліва пад “T.Love”. Харызматычны лідэр гурту, вакаліст Мунек Сташчык, з дапамогаю простага набору жэстаў дырыжаваў усімі рэакцыямі натоўпу. Адзінай праблемай было тое, што менчукі ўвесь час гукалі “NRM”. Энэрэмаўцы час ад часу выходзілі й заклікалі публіку быць ветлівымі да польскіх гасьцей, але народ усё больш і больш вар’яцеў.
На момант зьяўленьня на сцэне міністраў Рэспублікі Мроя фанаты аж верашчалі ад нецярплівасьці. Музыкі гралі пераважна старыя песьні, якія публіка ведала на памяць. Стылістычна яны апынуліся даволі блізкімі да той музыкі, якую выконвалі палякі, аднак іхняя ігра была яшчэ інтэнсіўнейшай. Неўзабаве атмасфэра зь цёплай зрабілася такой гарачай, што гітары не вытрымлівалі і патрабавалі штохвіліннай падстройкі. Фанаты на музыкаў не злавалі — здавалася, фінальныя воплескі будуць доўжыцца бясконца. Але энэрэмаўцы моцна трымалі публіку ў руках, і ў належны момант слухачы паслухмяна выправіліся дахаты. Міліцыянты, якія сачылі за парадкам, відавочна ўздыхнулі з палёгкай.
Юлія Андрэева
кіно
Занусі з дадаткам
“Чалавек — па-польску гэта гучыць бедненька”, — казаў польскі рэжысэр Кшыштаф Занусі, камэнтуючы свой фільм “Жыцьцё як сьмяротная хвароба, якая перадаецца полавым шляхам”. Аднак творчасьцю сваёй ён супярэчыць гэтым словам. У фільмах Занусі чалавек паўстае такім, які ён ёсьць, — адначасова і грэшным, і сьвятым. Гэты чалавек — кожны з нас — варты любові і спачуваньня, бо кожны крочыць сваім собскім шляхам да Бога. Нядаўна менчукі пабачылі новую стужку Занусі. 28 верасьня ў кінатэатры “Масква”, у рамках акцыі “Сусьветныя прэм’еры” і фэстывалю “Восень польскай культуры”, адбылася прэзэнтацыя фільму “Suplement” (“Дадатак”).
Упершыню славуты рэжысэр завітаў да нас у ліпені 1993 г., на запрашэньне Фонду дапамогі разьвіцьцю культуры. На той час Менск быў адзінай эўрапейскай сталіцай, якую Занусі яшчэ не пасьпеў наведаць. З 6 па 12 сьнежня 1993 г. тут была арганізаваная рэтраспэктыва фільмаў Занусі, а таксама некалькі сустрэчаў з рэжысэрам. Абанэмэнт каштаваў сьмешных грошай.
У верасьні 1998 г. менчукі пабачылі фільм “Брат нашага Бога”, які Занусі паставіў паводле п’есы Караля Вайтылы. У “Піянэр”, дзе ён дэманстраваўся, немагчыма было ўбіцца. Фільм, праўда, выявіўся каньюнктурным і слабым — адна зь нямногіх няўдачаў Занусі. Мо з гэтай нагоды кантакты менчукоў з Занусі надоўга перапыніліся. Мы ня бачылі ані “Апошняга кола” з Даніэлем Альбрыхскім, ані “Непісаных правілаў” з Крысьцінай Яндай.
У лютым 2001 г. у кінатэатры “Масква” адбылася прэм’ера фільму Занусі “Жыцьцё як сьмяротная хвароба, якая перадаецца полавым шляхам”. Назва запазычаная ў безыменнага аматара графіці, які накрэсьліў яе на муры варшаўскай камяніцы. Гэтая стужка — філязофская развага пра сэнс жыцьця, пра шчасьце, пра адказнасьць чалавека перад Богам, пра веру ў Бога, пра пакору перад Ягонай воляй, пра межы чалавечае свабоды і адказнасьці, пра эўтаназію, пра сьмерць. Галоўны герой — доктар Бэрг (Зьбігнеў Запасевіч) — даведваецца пра свой безнадзейны дыягназ і праходзіць праз усе стадыі барацьбы і пакоры.
Новы фільм Занусі зроблены, фактычна, з абрэзкаў папярэдняй стужкі. Але на тыя самыя падзеі мы глядзім вачыма 25-гадовага студэнта мэдыцыны — сябра і малодшага калегі доктара Бэрга. Юнак горача верыць у Бога і ня можа прымірыць свае рэлігійныя пачуцьці з штодзённым жыцьцём. Ён баіцца свайго каханьня да дзяўчыны, баіцца сьмерці, зь якой штодзённа сутыкаюцца лекар і ксёндз. Аднак нарэшце спасьцігае ісьціну — з дапамогаю старога цыніка доктара Бэрга, які памірае на ягоных руках. Сканчаецца фільм сцэнай каханьня студэнта і ягонай дзяўчыны, што адбываецца высока ў гарах, паблізу Бога.
Ю.А.