Падзеі

Працэс Аксёнчыка будзе зачыненым

Працэс па справе былога адваката сям’і Завадзкіх Ігара Аксёнчыка будзе зачыненым. Яго абвінавачваюць у паклёпе на генпракурора Віктара Шэймана. І.Аксёнчыку пагражае зьняволеньне на тэрмін да 2 гадоў.

Справа супраць Коктыш

Журналістка газэты “Народная воля” Марына Коктыш была выкліканая на допыт у Генэральную пракуратуру. Яе хочуць прыцягнуць як сьведку і падазроную ў крымінальнай справе супраць экс-дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава. Сьледчыя мяркуюць, што ў інтэрвію з арыштаваным журналістка парушыла артыкул Крымінальнага кодэксу “Аб утрыманьні пад вартай” і давяла да шырокага ведама матэрыялы сьледзтва.

“Вежа”

Фонд рэгіянальнага разьвіцьця “Наша вежа” зьявіўся замест зачыненага Берасьцейскага абласнога цэнтру падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў “Вежа”. На чале фонду — Іна Кулей.

Новыя консульствы

Да канца году Беларусь адкрые генконсульства ў Стамбуле. На чарзе — консульствы ў Атэнах, Барсэлёне, Мюнхене. Консульская служба Беларусі ёсьць у 47 краінах сьвету, візавыя зборы кампэнсуюць 60% бюджэту нашых дыппрадстаўніцтваў за мяжой.

Краінаў Эўразьвязу — 25

У 2004 г. у Эўразьвяз прымуць Кіпр, Чэхію, Эстонію, Латвію, Літву, Мальту, Польшчу, Славаччыну, Славенію і Вугоршчыну. Такое рашэньне прыняла эўракамісія. Такіх чынам, праз два гады Эўразьвяз выйдзе да межаў Беларусі.

Вайна з Іракам ня выключаная

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку працягваецца выпрацоўка рэзалюцыі, якая б змусіла Ірак да безумоўнага супрацоўніцтва з інспэктарамі ААН. Паводле апошніх зьвестак, Кітай і Расея ўжо згодныя падтрымаць жорсткі праект рэзалюцыі, прапанаваны ЗША і Вялікай Брытаніяй. Згодна зь ім, ЗША будуць мець магчымасьць абвясьціць вайну Садаму, калі той ня пусьціць інспэктараў у свае палацы.

Левыя супраць вайны

Пасьля закліку 370 амэрыканскіх інтэлектуалаў 120 іх нямецкіх калег выступілі з адозвай супраць распальваньня вайны з Іракам і палітыкі Буша ўвогуле. У ліку падпісантаў набэліст Гюнтэр Грас, філёзаф Юрген Габэмас, кіраўніца нямецкага ПЭН-клюбу Ёгана Штрасэр, пастар Фрыдрых Шорлемэр, рэжысэр Юрген Флім.

Сьпяваем па-беларуску

Таварыства беларускай мовы пастанавіла правесьці ў кастрычніку месячнік “Сьпяваем па-беларуску”. ТБМ заклікае слухаць, сьпяваць і трансьляваць песьні па-беларуску!

Цячэ вада ў ярок

Фэстываль беларускай песьні, прысьвечаны 120-годзьдзю Купалы і Коласа, адбыўся ў Вільні з удзелам і пры актыўнай падтрымцы пасла У.Гаркуна і кіраўніцтва гораду.

Расейскі шпіён у Літве

Зь Літвы выслалі грамадзяніна Расеі Андрэя Кубачава, які зьбіраў інфармацыю аб прадпрыемствах энэргетычнага комплексу краіны, прызначаных для прыватызацыі. Ён меў другі пашпарт на імя грамадзяніна Галяндыі Андрэа Хамеілава.

Экстраваганцыі

За паўгоду існаваньня “пасольства Месяца” ў Беларусі жыхары нашай краіны набылі 18 участкаў на спадарожніку Зямлі. Стандартны загон на бачным баку Месяца памерам 72 гектары каштуе 99 даляраў.

Музэй Луцкевіча адновяць

Пастанову пра аднаўленьне музэю Івана Луцкевіча ў Вільні прыняў камітэт літоўскага парлямэнту па справах адукацыі й культуры. Ініцыятары спадзяюцца атрымаць пад музэй славутыя Базыльянскія муры ля Вострай Брамы.

Азону прыбавілася

Азонавая дзірка над Антарктыдай падзялілася на дзьве меншыя. Азонавы слой, паводле зьвестак NASA, над паўднёвым полюсам Зямлі цяпер найбольшы з 1988 г.

Беразоўскі пайшоў
па сьлядах Чайкі

Расейскі алігарх Беразоўскі выдаў за свой кошт кніжную вэрсію раману Праханава “Пан гексаген”. У адрозьненьне ад газэтнае вэрсіі, кніга пазбылася антысэмісцкіх выпадаў. Газэта “Завтра”, рэдагаваная Праханавым, цяпер заклікае камуністаў прыняць падтрымку, якую прапануе ім апальны алігарх.

Трагічны выпадак

На зьверафэрмах Фінляндыі ў мінулыя выходныя памерлі калі 20 тыс. лісаў. Гэта самы масавы выпадак атручаньня жывёлаў у краіне—экспартэры лісінага футра. Прычынай захворваньня стала харчовае атручаньне.

Паводле БелаПАН, радыё “Свабода”, “Reuters” і ўл. інф.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0