“Слаўнафту” чакае прыватызацыя

Расейскія акцыі беларуска-расейскай нафтавай кампаніі “Слаўнафта” будуць прададзеныя. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ва ўрадзе Расеі.

Гэта апошняя з буйных нафтавых кампаніяў Расеі, што належала дзяржаве. Расейскі ўрад меў у ёй 74,95% акцыяў на агульную суму ня менш за 1,3 млрд. даляраў. Гэтыя грошы маюць дапамагчы Крамлю выплаціць пазыкі заходнім крэдыторам у 2003 г. Налета Расея мусіць выплаціць 17,3 млрд. даляраў па замежнай запазычанасьці (10,8 млрд. — асноўная запазычанасьць, астатняе — нарослыя працэнты). Між тым, бюджэтных грошай хапае толькі на працэнты.

Праект продажу ўжо ўзгоднены паміж Міністэрствамі дзяржмаёмасьці і энэргетыкі ды Расейскім фондам фэдэральнай маёмасьці.

Асноўнымі прэтэндэнтамі на акцыі “Слаўнафты” выявіліся кампанія “Сібнафта” (Раман Абрамовіч і Алег Дзерыпаска) і “Міжпрамбанк” (Сяргей Пугачоў). Праўда, пішуць расейскія аналітыкі, грошай на пакупку ўсяго пакету акцыяў не набярэ ніводзін з прэтэндэнтаў.

Яшчэ адна расейская нафтавая кампанія, “ТНК”, ужо мае сваю долю ў “Слаўнафце”. У яе таксама ёсьць апэтыт на кантрольны пакет і няма грошай. Таму яна, верагодна, далучыцца да аднаго з названых вышэй прэтэндэнтаў або “Юкасу”.

У Беларусі застаецца меншасны пакет на 10,8 % акцый. Верагоднасьць удзелу беларускага боку ў гандлі расейскімі аналітыкамі нават не разглядаецца.

А.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0