Народны мэмарыял

Год мінуў ад пачатку народнае абароны Курапатаў. У верасьні 2001 г. улады вырашылі правесьці рэканструкцыю Менскай кальцавой аўтадарогі, якая закранула і ўрочышча. Пагроза мэмарыялу паклікала ў Курапаты сотні людзей. “Для многіх вахта ў Курапатах гатовая была стаць амаль што вахтай чэлюскінцаў у СССР, для іншых — жывым агмянём адраджэньня, які разглядаецца як абсалютны пазытыў і таму варты стаць падмуркам новае ідэалёгіі, для трэціх — працягам і знакам усёй беларускай чыннасьці апошніх 15-ці гадоў, якая і пачалася з курапацкага знаку, з тых Дзядоў”, — кажа Сяргей Дубавец.

Як і ў любой вялікай справе, вакол Курапатаў было шмат спрэчак пра тое, хто сапраўды нясе на сабе ўвесь цяжар абароны, а хто “прымазваецца”.

Асноўны цяжар вахты, безумоўна, вынесла моладзь. Юнакі не сыходзілі з Курапатаў у марозныя зімовыя дні, ставілі першыя крыжы.

КХП-БНФ сваёй галоўнай справай зрабіла ўстаноўку крыжоў, і гэтая справа працягваецца дагэтуль. За адзін толькі дзень 28 верасьня ўсталявана 60 новых крыжоў. Сябры гэтай партыі ладзяць талокі, акцыі сабатажу рамонтных работаў (яны засыпалі траншэі, якія будаўнікі капалі паблізу Крыжа Пакуты).

Грамадзкая ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” выбрала сабе іншы кірунак дзейнасьці. Яе ўдзельнікі імкнуліся прыцягнуць да Курапатаў увагу сусьветнае грамадзкасьці. Прэсавыя канфэрэнцыі, круглыя сталы, распрацоўка канцэпцыі мэмарыялу, дапамога абаронцам прадуктамі і выданьне брашуры пра Курапаты. Таксама яны імкнуліся ўсталяваць дыялёг з уладамі.

Сьвятар Леанід Акаловіч ладзіў ва ўрочышчы рэгулярныя набажэнствы.

Людзі з розных куткоў Беларусі прыяжджалі ў Курапаты, каб падтрымаць абаронцаў, дапамагчы ім харчаваньнем, цёплым адзеньнем. “Каб у грамадзкасьці было больш сілаў, мы б прымусілі ўлады весьці дарогу вакол Курапатаў, — наракае Ірына Жыхар, каардынатарка ініцыятывы. — Але на сёньня мы ня маем такой сілы. Грамадзкасьць так і не ўдалося арганізаваць, каб нават наладзіць рэгулярнае харчаваньне абаронцаў. Ідэя пакуль не авалодала масамі”.

Чаму абаронцы Курапатаў сышлі ў пачатку чэрвеня 2002-га? Ня толькі таму, што для Курапатаў зьнікла небясьпека. “Курапаты сталі элемэнтам вялікай палітыкі”, — кажа Ірына Жыхар. А там, дзе палітыка, заўжды непаразуменьні, скандалы, сваркі.

Пасьля адмовы сяброў БПС узяць прэмію “Хартыі-97” і рэзкай заявы Зьмітра Бандарэнкі, радыё “Свабода” перастала ўзгадваць партыйную прыналежнасьць абаронцаў. А вясной іх было вельмі мала, так што ўзьнікала праблема знайсьці людзей для начной вахты. Абаронцы скардзіліся, што ім не хапае ежы, а хтосьці кпіў, што “яны просяць цукерак”. Надышоў час, калі валанцёры стаміліся і маральна, і фізычна. Да таго ж, вахта ледзь ня скончылася гібельлю аднаго з валанцёраў — Алеся Поклада. Пазьней на зьезьдзе “Маладога фронту” Вінцук Вячорка скажа, што “Поклад ужо ўвайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі”.

Адзін Зянон Пазьняк заклікаў не спыняць вахты…

Нельга сказаць, што Народнаму мэмарыялу цяпер нічога не пагражае. Вакол Курапатаў пачынаюцца новыя будаўнічыя работы — будаўніцтва праваслаўнага скіту, катэджнага пасёлку. Абарона скончаная — абарона працягваецца.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0