аб усім патроху

Тры тысячы менчукоў
праслухалі казкі

Менская тэлефонная сетка з 4 кастрычніка ўвяла новую паслугу — казкі для дзяцей па тэлефоне. Кожны дзень па тэлефоне 096 для дзяцей Менску гучыць новая казка. Каштуе такая паслуга 22 рублі за хвіліну, і праслухаць казку можна і днём, і вечарам. Для кожнага абанэнта казка будзе гучаць ад пачатку. Даўжыня кожнае казкі складае ад 5 да 15 хвілінаў. Гэта крыху болей за час, адведзены на казкі, напрыклад, у тэлефонных сетках Масквы: там яны доўжацца 5—8 хвілінаў.

Падрыхтаваная фанатэка МГТС зьмяшчае па 25 казак па-расейску і па-беларуску, агучаных дыктарам тэлевізіі Тацянай Мацюшэнкай. Гэтага запасу хопіць на найбліжэйшыя 2 месяцы. Потым супрацоўнікі тэлефоннай сеткі мяркуюць дадаваць новыя казкі.

Як адзначаюць супрацоўнікі МГТС, новая паслуга ўжо выклікала вялікую цікаўнасьць. На выходных 5—6 кастрычніка колькасьць тэлефанаваньняў перасягнула 3000. Прыблізна на такую колькасьць тэлефанаваньняў і разьлічвала МГТС, уводзячы новую паслугу.

Апрача казак, МГТС цяпер увяла таксама інфармаваньне пра кінаафішу Менску (091), начныя дыскатэкі (092), адрасы кругласутачных крамаў (093), гараскопы для ўсіх знакаў Задыяку (094), штодзённы прагноз надвор’я (095). Кошт кожнае такое паслугі таксама складае 22 рублі за хвіліну. Як засьведчылі “НН” у кіраўніцтве Менскай гарадзкой тэлефоннай сеткі, найбольшая колькасьць зваротаў прыпала на нумар 094: дазнацца свае гараскопы на выходныя пажадалі амаль 3500 жыхароў Менску.

А.Ш.

У “Спадчыны” новы рэдактар

Новым галоўным рэдактарам часопісу “Спадчына” заміж Захара Шыбекі стаў Аляксей Хадыка.

Як ён зазначыў для “НН”, галоўная задача, якая сёньня стаіць перад рэдакцыяй, — аднавіць рэгулярны выхад выданьня. Найбліжэйшы нумар, прысьвечаны Польшчы, — у стадыі макетаваньня, ён павінен выйсьці пры канцы месяца. Пасьля яго ўбачаць сьвет “украінскі” і “эканамічны” нумары.

Надалей А.Хадыка мяркуе зрабіць “Спадчыну” самаакупнай: “Мы адновім падпіску: яна заўжды давала вельмі высокі ўзровень акупнасьці часопісу — больш за 50%. Апроч таго, выданьне мае даўнія традыцыі і вялікі інтэлектуальны патэнцыял. Таму мы мяркуем прадаваць інтэлектуальныя прадукты “Спадчыны”. Напрыклад, наладзіць выпуск календароў і г.д.”. Палепшыцца й афармленьне часопісу — пабольшае ілюстрацыяў, у тым ліку каляровых. Новы рэдактар плянуе таксама зрабіць часопіс рэцэнзаваным, “ВАКаўскім” (ад ВАК — Вышэйшая атэстацыйная камісія), каб публікацыі ў часопісе залічваліся навукоўцам-гісторыкам падчас абароны дысэртацыяў. Ніводзін недзяржаўны часопіс ня мае такога права. Таму публікацыя ў грунтоўных, але нерэцэнзаваных “Беларускім гістарычным аглядзе” і “Спадчыне” выглядае нібыта менш прэстыжна, чым у “Беларускім гістарычным часопісе” ці “Вестках Акадэміі навук”. “Рэцэнзаваньне дазволіць узьняць прэстыж “Спадчыны” і пашырыць кола аўтараў”, — упэўнены А.Хадыка.

А.Ш.

Бондар на бочцы

Літаратурна-выдавецкая бочка “Літаратура і мастацтва”, якая пасьля сыходу Сяргея Касьцяна засталася бяз бондара, ізноў яго атрымала. Праўдзівей, гэта бондарка: 7 кастрычніка кіраўніцай холдынгу была прызначаная паэтка Таіса Бондар.

Зьмены ў кіраўніцтве холдынгу адлюстравалі вынік барацьбы паміж групоўкамі Сяргея Касьцяна і міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага. На зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў 24 верасьня М.Падгайны пакаяўся ў няправільнай кадравай палітыцы пры арганізацыі холдынгу, і вось плён — паставіў кіраўніцай вядомую беларускую паэтку.

Перавод часопісу “Всемирная литература” на беларускую мову, задуманы С.Касьцянам, цяпер наўрад ці адбудзецца. Так кажа сама беларуская паэтка ў камэнтары для “НН”: “Гэта вельмі спэцыфічны часопіс, таму я лічу, што ён павінен выходзіць па-расейску”.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч ад камэнтароў наконт прызначэньня Т.Бондар кіраўніцай холдынгу ўстрымаўся.

Аркадзь Шанскі

Першая справа Ксандэра Кейджа

“Тры іксы” ў Менску

Хто такі Джэймз Бонд, ведаюць нават тыя, хто ніколі ня чуў пра Яна Флемінга і ня бачыў ніводнага фільму з так званай “бандыяны”. Яшчэ б! Адолеўшы столькі падонкаў, кожны зь якіх абавязкова хацеў зьнішчыць сьвет, непераможны супрацоўнік брытанскіх “органаў” даўно зрабіўся зьбіральным вобразам усіх шпіёнаў.

Але цалкам магчыма, што слава Бонда застанецца ў мінулым стагодзьдзі. Сучасную моладзь ня вабіць бондаўскі кансэрватызм — ад клясычнага стылю адзеньня і бездакорных манераў да “правільнага” сьветапогляду. Яна хацела б бачыць героя, больш “блізкага да народу”.

Студыя “Каламбія Пікчэрз” пастаралася гэта ўлічыць, выпускаючы на экраны фільм “Тры іксы”, што вось ужо другі тыдзень дэманструецца і ў Менску. “Бандыяна” заўсёды цікавіла босаў “Каламбіі”, некалі яны нават спрабавалі адсудзіць правы на пэрсанаж супэрагента ў студыі “MGM”, але не атрымалася. Нездарма ў 2000 г. зьявіліся “Анёлы Чарлі”, дзе функцыі Бонда выконваюць тры крутыя дзяўчыны. Атрымаўшы неблагую “касу”, фільм цалкам мог стацца пачаткам новага шпіёнскага сэрыялу. Таго самага цяпер чакаюць ад “Трох іксоў”.

Праўда, Ксандэр Кейдж (якога іграе Він Дызэл, вядомы гледачам па фільмах “Выратаваць радавога Раяна”, “Чорная дзірка” і “Фарсаж”) можа прэтэндаваць хутчэй на ролю “анты-Бонда”. Ксандэр “паліцэйскіх акадэміяў” не канчаў, і прагне ён не служыць грамадзтву, а жыць для сябе. Галоўнае для яго — каб у крыві быў належны ўзровень адрэналіну. Ксандэра не асабліва хвалюе лёс сьвету, і ратаваць яго (па прапанове спэцслужбаў) Кейдж бярэцца толькі таму, што іначай яму пагражае турма за ранейшыя “подзьвігі”.

Яго адпраўляюць у Прагу, дзе “кепскія дзядзькі” ў асобе адстаўнога расейскага афіцэра Ёргі (яго ролю выконвае новазэляндзец Марцін Цокас) і кампаніі задумваюць нешта нядобрае. Маючы “прыстойную” для злачыннага сьвету рэпутацыю, Ксандэр пасьпяхова ўціраецца ў давер да Ёргі. Спачатку заданьне здаецца простым: здабыць інфармацыю. Але чым далей, тым больш адказнасьці кладзецца на ягоныя плечы…

Многія сюжэтныя моманты “Трох іксоў” перацягнутыя з “бандыяны” ды іншых баевікоў (як вобраз мазгавітага вучонага, што стварае агенту разнастайныя супэрпрыстасаваньні). Нічым асаблівым сярод іншых нягоднікаў не вылучаецца і “тыповы расеец” Ёрга. Хіба прынцыповым анархізмам.

Дый галоўны герой не такі хуліган, як здаецца спачатку. Так, ён нэгатыўна ставіцца да курэньня і п’е толькі для таго, каб “раскалоць” бандытаў. І наагул нораў мае добры.

Трукаў і экшэну ў фільме, бадай, ня меней, чым у апошніх стужках “бандыяны”. Многія сцэны сапраўды ўражваюць — як эпізод зь лявінай. Затое жорсткага гвалту й пасьцельных сцэнаў у “Трох іксах” няма, таму фільм цалкам прыдатны для прагляду любой аўдыторыяй. Упрыгожвае стужку, вядома, і Прага, якая асабліва добра глядзіцца ў тыя хвіліны, калі ёй пагражае зьнішчэньне ад рук нікчэмных тэрарыстаў.

Плюсоў у фільме яўна больш, чым іксоў, таму паглядзець яго варта, ва ўсякім разе аматарам баевікоў.

С.П.

Кіно краіны “Барандаў”

Якія фільмы варта паглядзець
у часе рэтраспэктывы чэскага кіно

Чэскае кіно сёньня ў росквіце. Пасьля “новай хвалі” 60-х, якая падаравала сьвету Іржы Менцэля, Веру Хіцілаву і Мілаша Формана, яно зноў набірае абароты.

Здымачныя пляцоўкі загружаныя, амэрыканцы актыўна здымаюць у Празе, чэскія фільмы запрашаюць на прэстыжныя фэстывалі. А пачынаўся новы пад’ём пры канцы 80-х, калі савецкая сыстэма канала, каб абрынуцца пад ударамі “аксамітнай рэвалюцыі”.

Карціны менавіта гэтага пэрыяду можна будзе паглядзець на наступным тыдні ў менскім кінатэатры “Перамога”.

Найбольш цікавым падаецца фільм “Час слугаў” (14 кастрычніка, 18.30) Ірэны Паўласковай — дачкі кінакрытыка Нэлі Паўласковай. Гэта псыхалягічная драма пра складанасьці каханьня і помсты. Безадказнае каханьне ператварае сьціплую студэнтку-мэдычку ў мэгеру, якая круціць блізкімі й калегамі, як цацкамі. Карціна з посьпехам прайшла на кінафэстывалях у Канах, Жэнэве й Манрэалі, а выканаўца галоўнай мужчынскай ролі Карал Родэн, актор у пятым калене, пасьля гэтага фільму дэбютаваў у Галівудзе. Паўласкова празь дзесяць гадоў зьняла працяг — “Час пазыкаў”, які стаўся самым наведвальным фільмам у Чэхіі ў 98-м.

У праграме чэскага кіно таксама “Праклён дому Гайнаў” (15 кастрычніка, 19.00) рэжысэра Іржы Свабады — псыхалягічны трылер у стылі рэтра, які ўжо адной назвай намякае на знакамітую навэлу Эдгара По. Фільмы “Павуціньне” (16 кастрычніка, 19.00) і “Падзея 88” (17 кастрычніка, 19.00) прысьвечаныя моладзевым праблемам, а стужка “Калі ў верасьні ішоў дождж” (18 кастрычніка, 19.00) — экранізацыя раману Яна Отчанашака.

А 19 кастрычніка вядзіце ў “Перамогу” малых — будуць паказваць чэскія мультфільмы. Пачатак а 12-й.

Андрэй Расінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0