Архіў

Хто пераможа ў Чачэніі?

№ 40 (302), 24 кастрычніка 2002 г.

Хто пераможа
ў Чачэніі?

Апытаньне “НН”

23 кастрычніка група ўзброеных чачэнцаў захапіла дом культуры на вуліцы Мельніка ў Маскве і амаль 700 закладнікаў. У гэты час там дэманстраваўся мюзыкл “Норд-Ост”, і заля была амаль цалкам запоўненая. Паводле сайту kavkaz.org, акцыя зьдзейсьненая чачэнцамі-сьмяротнікамі на чале з палявым камандзірам Маўсарам Бараевым. Паведамляецца, што аснову групы складаюць чачэнкі-ўдовы. Тэрарысты адпусьцілі з будынку дзяцей і жанчынаў. Калі нумар рыхтаваўся да друку, дом культуры быў узяты ў аблогу байцамі ўнутраных войскаў, а чачэнцы замінавалі будынак. Іхнае патрабаваньне - спыніць вайну ў Чачэніі.

 

Сяргей Булыгін, статс-сакратар, памочнік міністра абароны па пытаньнях вайсковай палітыкі: Не павінен ніхто нікога перамагаць. Перамога тут непрымальная. Перамагаць можна, калі вораг на цябе напаў і ты баронішся. А ў Чачэніі трэба ўсё вырашаць мірным шляхам. Перамовамі. Толькі так удасца пазбавіцца праблемаў, якія на Каўказе існуюць ужо стагодзьдзі. Трэба дабівацца ўсталяваньня міру. І потым наладжваць чачэнскае самакіраваньне. У межах Расеі, зразумела.

Ібрагім Канапацкі, намесьнік старшыні Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня: Чачэнцаў нельга перамагчы, іх можна толькі вынішчыць. Што Расея фактычна і спрабуе зрабіць. Самае парадаксальнае, што вынішчае яна сваіх жа грамадзянаў. Атрымліваецца сапраўдная грама­дзянская вайна. Расея чуе пах нафты. І вядзе вайну на згубу цэлага народу. Расейскія палітыкі чамусьці ня робяць высноваў з гісторыі. Забыліся і на свайго вялікага Лява Талстоя. Ён вунь яшчэ калі сказаў, што на Каўказе немагчыма страляць. Бо адзін раз стрэліш - і сто гадоў вайна. Нават Сталін не спрабаваў узяць чачэнцаў бойкаю. Ён іх дэпартаваў. Унукі дэпартаваных сёньня ваююць супраць Расеі. Будуць ваяваць і дзеці тых, каго цяпер завуць сэпаратыстамі. Чачэнцы жывуць па сваіх законах. Іх зьмяніць немагчыма. Прыехала, напрыклад, да нас чачэнка-ўцякачка зь дзецьмі і не змагла прыжыцца. Там вайна, сьмерць, але там усё іхнае. Там іхны лад жыцьця.

Павал Булацкі, тэлевядучы: Расея возьме пад кантроль гэты рэгіён. Перавага пакуль на яе баку. Але ж там горныя людзі. Гэта таксама трэба ўлічваць. Канфлікт можа зацягнуцца - як на Блізкім Усходзе. Пакуль ня будзе нейкага валявога рашэньня, нічога ня зьменіцца.

Мікола Статкевіч, лідэр “Народнай Грамады”: Ніхто. Чачэнцы не перамогуць, бо маюць замала рэсурсаў. І людзей, і зброі. А Расея сваімі дзеяньнямі толькі распальвае варожасьць. Чачэнцы адказваюць супрацівам, а расейскія афіцэры і жаўнеры на гэта - гвалтам. Так можа працягвацца доўга, бо ў Чачэніі вырасла цэлае пакаленьне, якое не ўяўляе сябе без вайны і змаганьня. Для поўнай перамогі Расея ня можа прымяніць тактыку выпаленай зямлі - замінаюць міжнародныя абавязацельствы. Дый знайсьці палітычныя шляхі вырашэньня праблемы не ўдаецца. А гэта магло б быць выйсьцем.

Леанід Дранько-Майсюк, паэт: Пераможа народ Чачэніі. У мяне ёсьць вера ды надзея менавіта на гэта. Гісторыя паказвае, што народы ўсё ж такі перамагаюць, калі адстойваюць свае інтарэсы. З самага пачатку крывавых падзеяў мае сымпатыі былі на баку чачэнскага народу.

Цімафей Дранчук, каардынатар ЗУБРа: Перамогуць чачэнцы. Яны змагаюцца за свой народ і сваю зямлю.

Уладзімер Лабковіч, юрыст “Вясны-96”: Пераможцаў быць ня можа. З пункту гледжаньня права­абаронцаў, Расея зьдзяйсьняе генацыд чачэнскага народу. У “першай” вайне перамаглі чачэнцы. Але потым Масхадаў ня здолеў захаваць адзінства краіны. Ён прайграў мір. Таму за ўсё, што цяпер там адбываецца, урад Ічкерыі таксама нясе адказнасьць.

Тацяна Сьнітка, журналістка: Мне хочацца патасна адказаць, што перамогуць чачэнцы. Але я ня ведаю, што там насамрэч. На расейскіх каналах - шалёная прапаганда. Да нас даходзіць толькі палова інфармацыі і толькі з аднаго боку. Я была ў Чачэніі два разы. Галоўнае, што зразумела, - я ненавіджу вайну. Любую. Страшэнна церпяць усе. Чачэнцы, як малы народ, найбольш. Але ісламскі сьвет іх насамрэч падтрымлівае. Невядома, што лепш - бараніць незалежнасьць зброяй ці прыстасоўвацца і пазьбягаць ахвяраў, як беларусы.

Апытвала Вольга Анцыповіч


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць