Лідэр апэрэткавае апазыцыі

Яшчэ год таму нікому не вядомы генэрал Фралоў прэтэндуе на ролю лідэра беларускай апазыцыі. Маска, адкрыйся.

Фралоў шукае падтрымкі Расеі, бо “ня бачыць нічога страшнага” ў частковай страце нашага сувэрэнітэту. Яго нібыта падтрымліваюць ярархі Праваслаўнае царквы, якія нібыта ўпотайкі ненавідзяць Лукашэнку за тое, што той зрабіў з царквы апошні вінцік дзяржаўнага мэханізму і проста таму, што “ён хам”. Фралоў не прапускае ніводнае “трэцясэктарнае” тусоўкі. Фралоў - у кожнай незалежнай газэце. Нарэшце, у Фралова нібыта ёсьць воля, ён мала чаго баіцца. Фралоў узьняў у парлямэнце пытаньне аб зьніклых апазыцыянэрах. Такога рэквізыту ня меў ніводзін з ранейшых лідэраў апазыцыі. Гэта - у нашых краёх - проста прэзыдэнцкі патэнцыял!

Але: Фралоў адстаўны вайсковец, а грамадзкая думка ня лічыць ваякаў здольнымі да дзяржаўнага кіраваньня. Ён з шэрагаў “кішэннае апазыцыі”, дапушчанае ў палаце прадстаўнікоў уладамі. Ён з Горадні, а выхадцы з гэтага рэгіёну ня маюць вялікай вагі ў палітычнай і гаспадарчай эліце. Ён не размаўляе па-беларуску. Ён не прафэсійны палітык і мае нуль рынкава-эканамічнага досьведу. Гэта да яго ляцелі ў Менск падпісваць дамову аб супрацоўніцтве Нямцоў і Хакамада, і ён зь лёгкасьцю робіцца закладнікам гэтага палітычнага скандалу.

Апэрэткава выглядае дэпутат палаты прадстаўнікоў, які спрабуе ўдаваць зь сябе лідэра апазыцыі, заклапочанага лёсам Захаранкі. Як выглядае, “Прынцэса цырку” на беларускай палітычнай сцэне - такая ж недаўгавечная, як і ўсе іншыя спэктаклі, трансплянтаваныя на палітычную сцэну з тэатральнай.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0