Аксана Новікава: беларуская Навадворская

Жыхарка Менску прыватная прадпрымальніца Аксана Новікава была затрыманая раніцай 17 кастрычніка за распаўсюд антыпрэзыдэнцкіх улётак. Амаль суткі яна праседзела ў ізалятары і ўвечары 18 кастрычніка была выпушчаная пад падпіску пра нявыезд.

Сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Максім Падзярэй распачаў крымінальную справу, зьвінаваціўшы А.Новікаву ў парушэньні артыкула 367 ч.2 КК (паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі). За гэта можна атрымаць абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў. За апошнія месяцы паводле гэтага артыкула былі асуджаныя Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч і Віктар Івашкевіч.

21 кастрычніка А.Новікава абскар­дзіла ў Менскай гарадзкой пракуратуры дзеяньні М.Падзярэя, які зьмясьціў спн.Аксану ў ізалятар, ведючы, што яна адна гадуе малую дачку (год і 5 месяцаў). Апроч таго, А.Новікава зьвярнулася ў суд Маскоўскага раёну з пратэстам супраць таго, што ў ізалятары яе даглядаў мужчына, а не жанчына. У судзе, паводле словаў спн.Аксаны, заяву прыняць адмовіліся: маўляў, ня іхная кампэтэнцыя.

Аксана Новікава толькі тры месяцы таму вярнулася з Францыі, дзе пражыла паўтара году. Тамсама нарадзіла дзіця. Ейная дачушка нават ня мае беларускага пасьведчаньня аб нараджэньні - толькі францускае. Кабета пасьпявае сама глядзець дзіця, даваць рады свайму бізнэсу (аптовыя пастаўкі харчовых прадуктаў) і “займацца палітыкай” - набіраць на друкарскай машынцы пад капірку ўлёткі, выстойваць ля Адміністрацыі прэзыдэнта, раздаючы іх супрацоўнікам, а цяпер во яшчэ - хадзіць па судох. Эмацыйныя праклямацыі А.Новікавай, якія нязьменна пачынаюцца словамі “Здравствуйте, уважаемые господа!”, нагадваюць дысыдэнцкія звароты савецкіх часоў. Улёткі рэзкія - яны вінавацяць А.Лукашэнку ў крымінальных злачынствах. А.Новікава бярэ на сябе функцыі пракурора і суда. Гэта відавочна парушае закон. Але спадарыня Аксана мае свой погляд на тактыку палітычнай барацьбы: “Хацелася прыцягнуць увагу грамадзтва да 367-га артыкула Крымінальнага кодэксу. Усё ж такі “lese-majeste”, “зьнявагі Яго каралеўскай Вялікасьці” - не зусім добры матыў для крымінальнага перасьледу. Так, магчыма, удасца дабіцца адмены гэтага артыкулу. Ці хаця б зрабіць так, як у Казахстане, - не прымяняць яго...”

“НН”: Гэта было прадуманае дзеяньне ці нейкі крок адчаю?

Аксана Новікава: Ніякага адчаю. Усё было прадумана, асэнсавана. Гэта ўжо трэцяя нашая акцыя. У кастрычніку мы ўжо двойчы прыходзілі пад рэзыдэнцыю прэзыдэнта і раздавалі там улёткі. І кожны раз усё сканчалася добра.

“НН”: Кажаце “нашая акцыя”. Вы ўваходзіце ў якую-небудзь партыю?

А.Н.: Не, у мяне ёсьць знаёмцы ў АГП, але гэтаксама ёсьць знаёмцы ў КХП-БНФ. Праўда, знаёмствам усё і абмяжоўваецца. Я хаджу на ўсе масавыя акцыі, але ні ў якую партыю не ўваходжу. У мяне ёсьць кола аднадумцаў. Мы ніколі не імкнуліся зарэгі­стравацца.

“НН”: Якой ідэяй кіруецца Ваша кола?

А.Н.: Савецкі Саюз разваліла прэса. Калі сталі паўсюдна гаварыць пра тое, што рабілася ў СССР, ён разваліўся. Калі будуць шырэй гаварыць пра тое, што робіцца ў нас, многія зразумеюць: быць супраць - ня так і страшна.

“НН”: Вашыя сябры будуць працягваць такія акцыі?

А.Н.: Ня ведаю - верагодна, будуць. Але безь мяне.

“НН”: Вы не зьбіраецеся зьяж­джаць зь Беларусі?

А.Н.: Я ж толькі-толькі з Францыі вярнулася...

“НН”: Вы ўжо выбралі адваката, які будзе Вас абараняць?

А.Н.: Не, на допыце ў мяне быў адвакат, якога паслала юрыдычная кансультацыя. Але пасьля таго я гаварыла з прадстаўнікамі і Беларускага Хельсынскага камітэту, і “Вясны-96”. Мне абяцалі дапамогу.

Гутарыў Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0