Ахвяры слоiкаў

Фінансавы стан беларускіх гутаў крохкі, нібы шкло

Канец кастрычніка. У гаспадыняў ужо закатана досыць слоікаў з гуркамі ды перцамі на зіму. Але мала хто задумваецца, што ёсьць мястэчкі, жыхары якіх цалкам залежаць ад тых самых слоікаў.

Адно зь іх - Гута на Пастаўшчыне. Яно атрымала сваю назву ад шклозаводу, пабудаванага там у 1905 г. Цяпер з 850 жыхароў там працуе каля трох сотняў - амаль усё дарослае насельнiцтва. Цягам стагодзьдзя гуцiчы ведалi, што, калi ня зьедуць за блізкі сьвет, будуць усё жыцьцё рабіць на сваiм заводзе.

Але апошнiя гады завод працаваў не на поўную моц, бо паменшаў попыт на шкляныя слоiкi: кансэрвавыя заводы пачалі выпускаць менш прадукцыі, адпаведна, ім ня трэба гэтулькі тары. Зьявіліся й канкурэнты - новыя расейскія фірмы. Дый звычайныя слоiкi “пад закатку” прадаць цяпер цяжэй: усiм патрэбныя новыя “эўраслоiкi” з разьбой, на якiя накрыўка накручваецца. Таму замест 66 млн. слоiкаў у год “Гута” апошнім часам вырабляла 45 млн.

А ў сакавiку Вiцебскi абласны суд прызнаў завод банкрутам. У красавiку людзям выдалi апошнi заробак, хоць “Гута” яшчэ па­троху працягвала працаваць. 26 траўня здарылася новая бяда: у велiзарнай печы, дзе плавiлi шкло, ледзь не абвалiўся дах, бо яна адпрацавала ўжо паўтара тэрміну. Завод канчаткова спы­нiўся. Пачалiся праблемы й на Пастаўскiм кансэрвавым заводзе, якi набываў 250 тыс. гуцкiх слоiкаў штомесяц. Давялося завозiць iх з Расеi.

Школьны страйк

Дзяржава спрабавала выратаваць прадпрыемства. Было вырашана да 1 жнiўня перадаць мясцоваму выканкаму гуцкi Дом культуры, цеплатрасу, кацельню, водаправод, каналiзацыю, за якiя раней плацiў завод. Луналi спадзяваньнi, што ў жнiўнi завод нейкiм цудам запрацуе. Гэтага не адбылося, i на сходзе крэдытораў пастанавiлi прадаць яго з аўкцыёну ў кастрычнiку.

Новы навучальны год у Гуце не пачаўся, бо 100 з 160 вучняў мясцовай школы не прыйшлi на заняткi. Iх не адпусьцiлi бацькi, якiя ня мелi за што набыць дзецям асадкi ды сшыткi. Толькi пасьля школьнага страйку гут­нікам, што з красавiка не атры­моўвалi грошай, паабяцалi дапамагчы - адтэрмiнаваць плату за падручнiкi ды ў крайнiм выпадку набыць школьныя прылады за кошт райвыканкаму. Мiнiстэр­ства архiтэктуры ды будаўнiцтва выдзелiла 30 млн. рублёў са свайго iнавацыйнага фонду, каб выплацiць частку заробкаў. Яшчэ 40 млн. наскрэблi зь iншых прадпрыемстваў ды прыватных структураў Пастаўшчыны. Толь­кi пасьля гэтага школа пачала нармальна працаваць.

Каб хоць штосьці зарабіць, шклозаводаўцы згуртаваліся ў тры брыгады па 90 чалавек ды езьдзiлі па калгасах Пастаўшчыны, зарабляючы на ўборцы. 25 сем’яў вырашылi ўвогуле кінуць гуту ды зрабiцца сялянамi. Хто-ніхто заняўся прадпрымальніцтвам або выправіўся на курсы перакваліфікацыі.

“Гуту” купіў “Эліт”

Кошт за “Гуту” выставiлi ня дужа вялiкi - 140 тыс. даляраў. Але толькi рамонт i мадэрнiзацыя печы мусяць каштаваць паўмiль­ёна. Новаму ўладальнiку давялося б цалкам мяняць абсталяваньне, што патрабуе яшчэ 3 млн. даляраў. Сама “Гута” мае запазычанасьць у 1,5 млрд. рублёў. Акрамя таго, дзяржава запатрабавала захаваць сама меней 70% працаўнiкоў ды ўзнавiць вытворчасьць.

Адшукалiся ажно два прэтэндэнты на завод - расейскiя фiрмы, што раней набывалi прадукцыю “Гу­ты” ды перапра­давалi ў Расеi. Выйграла аўкцыён фiрма “Элiт” зь Цьверы. Яна заплацiла за завод 236 млн. рублёў.

Новыя ўладальнiкi па­абяцалi адрамантаваць печ, запусь­цiць чацьвертую машынную лiнiю ды наладзiць выпуск эўраслоiкаў зь вiн­тавой разьбой і накрывак для iх. Але запрацуе завод не раней, чым наступнай вясной.

Ялізава

Гута - не адзiнае мястэчка, жыхары якога зрабiлiся заклад­нiкамi шкляных слоiкаў. Шмат галасу было вакол шклозаводу “Кастрычнiк”, што ў мястэчку Ялiзава пад Асiповiчамi. У студзенi 1997 г. яго набыла канадзкая фiрма “Consumers Packaging Inc.”. Плянавалi вырабляць “эўрастандартныя” слоiкi ды бу­тэлькi. У праекце меўся браць удзел Эўрапейскi банк рэканст­рукцыi й разьвiцьця, якi абяцаў вялiкi крэдыт. Але пасьля расейскага дэфолту ЭБРР крэдыт даць ня змог, а канадзкае абсталяваньне даплыло толькi да Рыгi - за ўвоз у Беларусь трэ было заплацiць вялiзны мытны збор.

У Ялiзаве жыве тры з паловай тысячы чалавек. Вакол лясы, iншай працы няма. Народ перабiваўся тым, што гнаў у тых лясох самагонку ды патроху цягаў з заводу слоiкi, якiя прадаваў скупнікам.

Але сёлета зьявiўся новы акцыянэр - аўстрыйская кампанiя “АТЭК Гандэльс Гмбх”. Фiрма паабяцала ўкласьцi ў вытворчасьць 8,7 млн. эўра, павялічыць колькасьць працаўнiкоў з 750 да тысячы чалавек. А.Лукашэнка ў канцы жнiўня адмыслова прыя­жджаў у Ялiзава, каб пагля­дзець, што робяць iнвэстары. Цяпер на заводзе ставяць новае абсталяваньне.

Глуша

Ахвярамі шклянога бізнэсу зрабіліся жыхары мястэчка Глуша, што на Бабруйшчыне.

Мясцовая гута “Шкло-Глуша”, на якім працавала траціна двухтысячнага насельніцтва, закрылася. Выраблялі там гарэлачныя бутэлькі, пляшкі для кетчупаў і пэпсы-колы. Прадпрыемства збанкрутавала з-за зьмяншэньня попыту ды нясплачаных пазыкаў. Як і ў Гуце ці Ялізаве, акрамя як на заводзе, працаваць у Глушы няма дзе. Крэдыторы, якія мусяць сплачваць працаў­нікам 2/3 сярэдняга заробку, рабіць гэтага не зьбіраюцца. Глушаўцы здолелі “выбіць” толькі 25 млн. рублёў у жніўні. Іх па­дзялілі паміж сем’ямі, у якіх ёсьць дзеці, што мусяць ісьці ў школу. 22 кастрычніка адбыўся аўкцыён, на якім “Шкло-Глушу” меліся прадаць, але не прадалі. Стартавая цана была 660 тыс. даляраў, дык ніхто не наважыўся даць такія грошы. Гутай дужа зацікавіўся расейскі бізнэсовец Строганаў, які мог бы набыць яе, але за крыху меншую цану. Сход крэдытораў “Шкло-Глушы”, які мае адбыцца днямі, вырашыць, пагаджацца з Строганавым ці чакаць іншага пакупніка.

Патрэбныя “эўраслоiкi”

Усяго ў краiне 9 заводаў, якiя вырабляюць шкляную тару. Самы буйны ды сучасны зь iх - ЗАТ “Белэўратара” ў Лiдзе. На заво­дзе ўсталяваная адзiная ў Бе­ларусi комплексная аўтаматычная лiнiя для вытворчасьцi слоiкаў ды бутэлек паводле эўрастандарту. У Чэхii гэткiх лiнiяў ажно 20.

Вытворцаў алькаголю і кансэрваў усё часьцей цікавяць “эўрабутэлькі” і “эўраслоікі” (у такія, напрыклад, разьлівае сваё піва завод “Крыніца”) ці нестандартныя бутэлькі (як для адмысловых “крышталеўскіх” гарэлак). Напрыклад, Клецкi кансэрвавы завод колькi гадоў таму прыдбаў новае iтальянскае абсталяваньне для расфасоўкi дзiцячага харчаваньня ў “эўраслоiк”, але нiяк ня можа запусьцiць тую лiнiю, бо беларускiя шклозаводы амаль не выпускаюць эўратары. Вiцебскi плодаагароднiнны камбiнат набыў гэткую ж лiнiю ды плянуе запусьцiць яе налета. Ад таго, як пойдуць справы ў Гуце ды Ялiзаве, залежаць ня толькi лёсы тамтэйшых жыхароў, але й прыбыткi кансэрвавых заводаў.

Пакуль адзінае вырашэньне, якое здольны прапанаваць урад, - прадаць “з трыбухамі” прад­прыемства замежнікам.

Алесь Кудрыцкi

Попыт на традыцыйную тару будзе

Карэспандэнт “НН” гутарыць пра сытуацыю ў беларускіх гутах з Данiлам Жукоўскім, інжынэрам Гарадзенскага шклозаводу

“НН”: Цi маюць будучыню прадпрыемствы, якiя не вырабляюць эўратары?

Даніла Жукоўскі: Попыт на традыцыйную тару быў i будзе. Хоць у пакупнікоў цяпер зьяўляюцца й іншыя патрабаваньні. Вось лідзкая “Белэўратара” часьцей вырабляе не стандартную, а эксклюзіўную бутэльку па эскiзах замоўцы. Працуюць яны з вытворцамi, якiя жадаюць разьлiць гарэлку цi лiквор у бутэлькi адмысловай формы.

“НН”: Цi праўда, што нашыя гуты губляюць шмат грошай з-за таго, што ў нас шклатара выкарыстоўваецца па некалькі разоў?

Д.Ж.: Норма звароту шклатары - 8-10 разоў. Потым, згодна з статыстыкай, бутэлька звычайна разьбiваецца. Цяпер да нас “едзе” шмат бутэлек з Расеi. Тара гэтая застаецца тут. Таму склалася такая сытуацыя, што ў нас бутэлек шмат i свае апынулі­ся незапатрабаваныя. Але нашыя прадпрыемствы не маглi б забясьпечыць рынак, калi б не было збору зваротнай бутэлькi - не стае вытворчых магутнасьцяў. Каб зра­бiць так, як у Чэхii цi Нямеччыне, - адзiн раз выкарыстоўваць бутэльку, а потым адпраўляць яе на пераплаўку, патрэбныя час i грошы на абсталяваньне. Ну, i сыстэма збору бутэлек. Фiрмы, якiя займаюцца зборам бiтага шкла, ёсьць і ў нас, але толькі ў Менску.

“НН”: Цi здоль­ныя нашыя слоi­кi ды бутэлькi вы­трым­лi­ваць канкурэнцыю з замеж­нымi?

Д.Ж.: Наша бутэлька мае невысокую паводле эўрапейскiх стандартаў якасьць. Бо абсталяваньне, на якiм яна вырабляецца, старое. Як вызначаецца якасьць бутэлькi? Самае прыкметнае, што кiдаецца ў вочы, - выгляд. Якасная бутэлька гладкая, блiскучая. Цi, напрыклад, колер. Атрымаць чыстае бясколернае шкло досыць цяжка. Гэта дорага, патрэбная добрая сыравiна, адпаведная яе падрыхтоўка - каб не было iншародных целаў цi бурбалак. Наш завод такой якасьцi сёньня дасягнуць ня мог бы, але мы й ня ставiм перад сабой гэтае мэты.

“НН”: Дзе беларускiя шклозаводы бяруць сыравiну?

Д.Ж.: Пясок набываем гомель­скi. Яго выкарыстоўваюць амаль усе прадпрыемствы. Зрэдку вязуць з Украiны цi Расеi. Крэйда таксама iдзе нашая - часта бяруць ваўкавыскую, мы бяром гарадзенскую. Соду вязём з Расеi, кампанэнты, якiя ўтрымлiваюць алюмiнiй, - таксама адтуль, даламiт выкарыстоўваецца бела­рускi. Самая дарагая частка - гэта сода ды алюмiнiевыя склад­нiкi.

Беларусы купляюць расейскую фабрыку

Гутарыў А.К.

Расейскую запалкавую фабрыку “Ревпуть” (“Рэвалюцыйны шлях”), што ў Бранскай вобласьці, зьбіраецца купіць група прадпрымальнікаў зь Віцебску і Гомелю. Кошт прадпрыемства - 6 млн. расейскіх рублёў (каля 191 тыс. даляраў).

Запалкавая фабрыка была за­снаваная ў 1907 г., акцыянаваная ў сярэдзіне 90-х. У 1997 г. кантрольны пакет акцыяў набыў маскоўскі банк “ИРС”, у 2000 г. зьвінавачаны ў перапампоўцы грошай на рахункі “чачэнскіх баевікоў”.

У 2001 г. фабрыкай зацікавілася растоўская фірма “Глория”, якой удалося аднавіць спыненую вытворчасьць. Аднак і яна пра­трымалася нядоўга.

Апошнія паўтара году да “Ревпути” прыглядалася адно з найбуйнейшых беларускіх мэблевых прадпрыемстваў “Гомельдрэў”. Аднак у апошні момант зь незразумелых прычынаў гамельчукі адмовіліся ад гешэфту. Новыя пакупнікі мяркуюць перапрафіляваць “Ревпуть” на вытворчасьць шпоны і фанэры: вырабляць запалкі нявыгадна.

Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0