Падзеі

 

Аштрафавалі гасьцей

Супрацоўнікі маскоўскага перасоўнага заапарку, які атабарыўся ля муроў былога езуіцкага кляштару ў Воршы, вырашылі спаліць сьмецьце. Вогнішча прыцягнула ўвагу працаўнікоў экалягічнае інспэкцыі. Нядбайныя госьці аштрафаваныя на 11 тыс. рублёў.

Вакцына ў дэфіцыце

Чатыры салдаты, якіх пакусаў пацук, шпіталізаваныя ў Воршы. Але лекаў ад шаленства не знайшлося. Такая самая гісторыя здарылася і з жанчынай, якую пакусаў сабака. Яе таксама папрасілі пачакаць, пакуль у горад прывязуць вакцыну. Пасьля таго як сёлета ад шаленства памёр 37-гадовы аршанец, зьдзіўляе бестурботнасьць мясцовых эпідэміёлягаў. Ужо не ўпершыню горад застаецца без вакцыны ад шаленства. Напрыклад, у красавіку жанчына, пакусаная сабакам, абабегшы разам з мужам усе аршанскія больніцы, у роспачы прыйшла шукаць дапамогі ў прыёмную старшыні гарвыканкаму.

Падпаліцель-мсьцівец

Спробу самагубства ўчыніў у залі паседжаньняў Аршанскага райсуду абвінавачаны ў падпалах мужчына. Перад вынясеньнем выраку яму было дадзена “апошняе слова”. З крыкам “вось вам маё апошняе слова!” падсудны загостраным мэталёвым гузікам пачаў рэзаць сабе жылы і аголены жывот. Ды так, што кроў пырснула ва ўсе бакі. У выніку самагубца апынуўся не ў турме, а ў рэанімацыі. Жыхар вёскі Люціны Аршанскага раёну абвінавачваўся ў падпале дзьвюх хат суседак-пэнсіянэрак. Гэта была, як сказаў падсудны, помста за тое, што яны распаўсюджвалі чуткі, быццам ён займаецца крадзяжамі ў сваёй вёсцы, якая налічвае ўсяго 30 двароў. Падчас спробы пусьціць “пеўня” ў трэці дом мсьцівец быў схоплены. Пракурор патрабаваў для падсуднага 11 гадоў турмы ды кампэнсацыі матэрыяльных стратаў пацярпелым у памеры 10 млн. рублёў. Перад судовым працэсам псыхіятрычная экспэртыза злачынцы не праводзілася.

Віктар Лютынскі, Ворша

Цыгарэты з лазьні

50 тысяч пачкаў цыгарэтаў знайшлі памежнікі сумесна з супрацоўнікамі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў у лазьні на хутары ў сельсавеце з цэнтрам у Кямелішках, што на мяжы зь Літвой. Цыгарэты замежнай вытворчасьці і ўсе без акцызных марак. Гаспадар не аб’явіўся, а таму яны хутка зьявяцца ў продажы. Ацэненыя цыгарэты ў 30 млн. рублёў.

Кампутары ад палякаў

У школе №1 Астраўца і ў дзіцячым юнацкім цэнтры зьявіліся кампутары. Іх перадаў Саюз палякаў Беларусі, бо тут на факультатыве вывучаюць польскую мову. Выкарыстоўваць тэхніку будуць для выпуску газэты.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

У Магілёве адновіцца ратуша

Шмат хто ўжо сёньня не пазнае Магілёва, які за апошнія гады ня толькі расквеціў вуліцы яркімі клюмбамі па ўсім горадзе і невялічкімі крамамі ў Cтарым месьце, але і паправіў дзе-нідзе стан дарог і ходнікаў, замяніўшы яміны і лужыны пліткай-брукаванкай. Гарвыканкам плянцуе за наступны год пабудаваць пяціпавярховы паркінг ля Дому быту, давесьці нарэшце да ладу ўзьбярэжжа Дубравенкі ля гатэлю “Магілёў”, а вуліцу Ленінскую зрабіць пешаходнай. Але самае галоўнае — гэта пачатак працы па аднаўленьні магілёўскай ратушы, пабудаванай пры канцы XVII ст. і зьнішчанай у 1957 г.

Антон Вішоў, Магілёў

Сьмерць у калодзежы

Ня хутка выйдзе на волю 35-гадовы жыхар вёскі Старая Рудня Астравецкага раёну. Міліцыя затрымала яго за забойства. Захмяліўшы лыч, ён завітаў да 77-гадовай мясцовай жыхаркі. Забраў у бабулі 80 даляраў і бутэльку гарэлкі ды кінуў старую ў калодзеж. Небарака памерла.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Партызаны, партызаны...

Больш за 60% так званых “ухілістаў” (якія ўхіляюцца ад прызыву ў войска) у вобласьці складаюць маладыя жыхары Бабруйску. У Магілёве ўхілістаў усяго 6, а ў Бабруйску — 56 чалавек.

Паводле “Вячэрняга Магілёва”

Лён і сьнег

Усе на лён! Такі заклік кінулі ўлады працоўным калектывам Бялынічаў. Настойліва рэкамэндуецца задзейнічаць на выкананьні гэтай работы да 30% асабовага складу калектываў. Наладжаны і ўлік адбыцьця “паншчыны”. Першы дзень добраахвотна-прымусовай працы скончыўся нічым — перашкодзіў сьнег. Людзі з гадзінку пакалелі на полі і пайшлі дахаты.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Jazda

Dva hady papraūčych rabotaū atrymaū pamočnik mašynista Ivan Kiślinski, jaki letaś, kirujučy elektryčkaj Baranavičy—Miensk, na stancyji Asipoūščyna nie zaūvažyū, što 15-hadovamu chłopcu dźviaryma zacisnuła nahu, i pajechaū. Chłopca praciahnuła hałavoju pa špałach 300 metraū, pakul jon nia zdoleū samastojna pryūźniacca i raźviazać matuzok na bocie, paśla čaho źlacieū pad adchon. A bot pajechaū dalej. Mašynisty daviedalisia pra zdareńnie tolki na nastupnym prypynku. Na ščaście, pakalečany chłopiec zastaūsia žyvy.

Cyrk biaz muzyki

Z cyrku, što pryjechaū u Baranavičy na hastroli, skrali syntezatar “Yamaha”. Instrument źnik z namiotu nočču na 13 kastryčnika. Košt skradzienaha syntezatara — miljon rubloū.

Rusłan Raviaka, Baranavičy