Зубелевіцкі летапісец

21 верасьня раптоўна памёр Васіль Сокал. Ён упаў у двары свайго дому — інсульт — і не дажыў да канца дня. Не дачакаў ён выхаду ў сьвет сваёй кнігі — летапісу роднай вёскі Зубелевічы (Ляхавіччына), дзе пражыў ад нараджэньня да самага апошняга дня.

Васіль Сокал нездарма называў свой твор “летапісам” — больш за паўстагодзьдзя (ад 1926 да 1986) падзеяў і сотні людзей, скрупулёзна адлюстраваных на некалькіх сотнях старонак. “Усё заснавана на канкрэтных фактах, сьведкам, а часамі актыўным удзельнікам якіх я быў, а таксама на дэталёва правераных аповедах маіх аднавяскоўцаў і некаторых жыхароў раёну”, — напісаў аўтар ва ўступе.

Такой мэтадычнай і дакладна зафіксаванай гісторыі свайго роднага кутка, да таго ж напісанай жыва й дынамічна, бадай, не было яшчэ ў айчыннай мэмуарыстыцы. Дый зямля, на якой нарадзіўся Васіль Сокал, вартая гэтае ўвагі й любові: Ляхавіччына дала Беларусі Хведара Еўлашэўскага, Анатоля Бярозку, Напалеона Чарноцкага, Флярыяна Бохвіца, Тадэвуша Рэйтана, братоў Касакоўскіх, Сяргея Пясэцкага.

Васіль Сокал нарадзіўся ў 1921 г., і ягоны лёс шмат у чым тыповы: жыцьцё “пад Польшчаю”, нямецкая акупацыя, у 1944 г. служба ў савецкім войску, фронт, вучоба ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце і на філфаку БДУ, праца настаўнікам, а потым завучам і дырэктарам у вясковых школках. Кожную вольную хвіліну Васіль Сокал прысьвячаў краязнаўчым пошукам, журналістыцы, публіцыстыцы. Яго добра ведалі на Ляхавіччыне, ягоныя артыкулы друкавалі менскія газэты. Удзячнасьць да выдатнага настаўніка захавалі некалькі пакаленьняў ягоных вучняў. Добрая памяць аб ім застанецца ў шматлікіх ягоных сяброў і калегаў.

Але галоўнае — ня згіне праца ягонага жыцьця. Летапіс “На хвалях часу” рыхтуецца да выданьня ў “Бібліятэцы “Дыярыюшу”. Спадзяёмся, што гэта будзе найлепшым нашым помнікам Васілю Сокалу — Летапісцу свайго Краю.

Вацлаў Арэшка, Алена Арэшка, Ларыса Андросік, Віталь Скалабан, Сяргей Сахараў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0