Андрэй Хадановіч
Цынічныя лімэрыкі
Дэгустатар прысмакаў пад Пінскам
апэтытам праславіўся сьвінскім.
Зжор усё, што было, —
скуру, дрэва і шкло —
і дагнаўся “Крыніцай” і “Клінскім”.
У сачок альтруістага з Дрыбіна
залатая патрапіла рыбіна.
Пажадаў: каб суседу
мець хваробу Базэда
й наступіць на разьбітую шыбіну!
Шанавальнік пісьменства з Асьвеі
том пра сьнежань чытаў і завеі.
Так героям яго
спачуваў — ого-го! —
што баяўся — парык пасівее!
Пажылы грамадзянін з Градзянкі
заляцаецца да грамадзянкі:
— Хутка буду ў труне,
дык выходзь за мяне!..
Аж нацёр на каленях вадзянкі.
Завадатар дыскусіяў з Чашнікаў
лепшы ў спрэчках за ўсіх
аднакашнікаў,
бо адзін аргумэнт —
галавой аб цэмэнт,
а другі і апошні — “калашнікаў”.
Мафіёзныя хлопцы з Дуброўна
канкурэнтам адпомсьцілі кроўна:
падагрэтай смалой,
потым — бэнзапілой…
Карацей, пагулялі цудоўна!
Палітычныя вязьні з Вузды
у турме атрымалі вады —
аж чатыры біклагі,
каб ад жудаснай смагі
не засох арганізм малады.
Працавіты пчаляр з Капыля
адпачыць сеў наўпоблізь вульля.
Памыліўся стары:
пільнавала ўгары
птушка клясы “паветра—зямля”.
Стогадовая бабця з Талочына
сэксуальна была заклапочана.
Напісала ў сабес —
і прыйшоў геркулес
з падазронай пячаткай “аплочана”.
Малады рэстаўратар з-пад Грэску
закахаўся ў прыгожую фрэску.
Яго словы, што ёсьць
яшчэ ў сьвеце мілосьць,
пераказвалі, як гумарэску.
Вірлавокі мангуст з-пад Віроўлі
у зьмяінай адзначыўся лоўлі,
і ў калгасе далі
тры цяжкіх мэдалі —
як выдатніку гадагадоўлі.