лісты ў рэдакцыю

 

Пашкадуем нашых дзетак

 

Мой сябар — фiзык. У 1986-м ён займаўся распрацоўкай прыбораў, у якiх выкарыстоўвалiся радыеактыўныя iзатопы. Меў адмысловае абсталяваньне. Была магчымасьць самастойна праводзiць вымярэньнi ўзроўню радыяцыi. І дазымэтар шкалiў, калi я датыкаўся ім да анучы, што ляжала перад дзьвярыма маёй кватэры ў Менску.

 

А па тэлебачаньнi i радыё нам казалi, што нiчога вусьцiшнага няма, усё ў норме. Тады кiраўнiцтва краiны зрабiла выбар не на карысьць яе жыхароў. Яны трэсьлiся за свае скуры, за цёплыя месцы ва ўрадзе.

Чарнобыль згадваецца, калі назiраеш за апошнiмi падзеямi ў Маскве. Што было пастаўленае на карту? З аднаго боку – Пуцiн з “iнтэрасам” у Чачэнii. Зь іншага боку – жыцьцi амаль тысячы людзей у залi, да якiх можна ўпэўнена дадаць усiх жыхароў Чачэнii. Усё было зроблена на карысьць першага. Дагэтуль ня йдуць з галавы словы закладнiкаў: “Калi ласка, толькi не пачынайце штурму!..”, стаiць перад вачыма плякат зь пiкету ў Маскве: “Пуцiн, а што калi б там былi твае дзеткi?..”

Iнтэграцыя… Аб’яднаньне… З кiм? Навошта? Хiба ж мы вар’яты? Пашкадуем нашых дзетак!

Учора на адным з расейскiх тэлеканалаў прагучала: “Мы дастаткова рэлiгiйныя, каб ненавiдзець, але недастаткова рэлiгiйныя, каб любiць”.

Сяргей Паўзун, Менск

 

 

Дзякуй, мікалаеўцы!

 

У асабістых справах я зазірнуў у Стоўпцы. На чыгуначным вакзале я ўбачыў на сьцяне ў залі чаканьня вялікую карціну: мастак стварыў вобраз песьняра беларускага слова Якуба Коласа і ягонай сядзібы.

 

Убачыўшы карціну, я згадаў суровыя марозныя дні зімы пачатку 1942 г., расчуліўся, і з вачэй паліліся сьлёзы. І было ад чаго. Тады я вяртаўся зь вёскі Прывольле, што ў Прапойскім раёне Магілёўшчыны, на Скідзельшчыну да бацькоўскай хаты. Былі вельмі моцныя маразы. Па дарозе я апынуўся ў Мікалаеўшчыне – на радзіме Якуба Коласа. У адной зь невялічкіх сялянскіх хатак папрасіўся пераначаваць. І, нягледзячы на тое, што за прытулак староньніх фашысты пагражалі расстрэлам, жыхары мяне прытулілі, накармілі, абагрэлі і пакінулі начаваць, рызыкуючы сваім жыцьцём. Гасьціннасьць і душэўнасьць мікалаеўцаў расчулілі мяне. На разьвітаньне мне паказалі сядзібу паэта, а на дарогу далі ў торбачку прадуктаў. З удзячнасьцю я пакідаў вёску Мікалаеўшчыну. І цяпер успамінаю добрым словам землякоў паэта, якія ў цяжкія хвіліны ваеннага ліхалецьця, рызыкуючы сваім жыцьцём, дапамаглі мне, падзяліліся апошнім куском хлеба.

І толькі дзякуючы душэўнасьці і дабрыні нашых людзей я змог без дакумэнтаў па акупаванай тэрыторыі дабрацца на Скідзельшчыну, да бацькоўскай хаты. А ў 1944 г., будучы салдатам, набліжаў дзень Перамогі.

Дзякуй Вам, мікалаеўцы, за ўсё тое добрае, што вы зрабілі для мяне ў вельмі цяжкія і такія небясьпечныя дні. Як хацелася б, каб дабрыня людзей таго часу вярнулася да цяперашняга пакаленьня, як добра было б усім нам жыць.

Ільля Барысаў, Скідзель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0