“Левыя ідэі больш чалавечныя”

 

Дурань той, хто ў маладосьці ня быў бунтаўніком, а ў старасьці не зрабіўся кансэрватарам. Няцяжка, зыходзячы з гэтае сэнтэнцыі, зразумець людзей сталага веку, якія трымаюцца камуністычных поглядаў. Але чым прыцягальная камуністычная ідэя для людзей да 60 гадоў, якіх, паводле статыстыкі, у беларускіх кампартыях пад 30%?

Знайсьці камуніста непэнсійнага веку выявілася справай досыць складанай. Сябры ПКБ імкнуцца не афішаваць сваёй партыйнай прыналежнасьці. “Яны працуюць або ў фірмах, або ў дзяржаўных установах і баяцца, што такая інфармацыя можа пашкодзіць ім на працы”, — патлумачыла сакратарка ЦК ПКБ Алена Скрыган. У КПБ ня так цьвёрда трымаюцца кансьпірацыі. Мне прапанавалі пагутарыць зь сяброўкай партыі Ірынай Лабус — настаўніцай фізыкі менскай школы №19.

Мяне сустрэла мілая абаяльная кабета ў чырвоным гарнітуры.

 

У камуністычныя часы Ірына ў партыі не была. Чаму? Бачыла неадпаведнасьць паміж словамі і справамі тагачасных камуністычных функцыянэраў. “Дый сям’я для мяне была самым важным: у мяне тры сыны”. Сям’я і цяпер ёсьць ейным апірышчам. Муж у партыю не ўступіў, але трымаецца левых поглядаў. Сыны ж раз-пораз крытыкуюць маці за “радыкалізм”.

Камуністам быў Ірынін бацька, які запісаўся ў партыю ў часе вайны: “Ён зрабіў гэта на Волхаўскім фронце, пад Ленінградам, пад пагрозай акружэньня. Людзі, якія ўступалі ў партыю ў такіх умовах, рабілі гэта не дзеля выгады. Таму бацька заўжды вельмі балюча ўспрымаў тое, што адбываецца ў КПСС”.

На пачатку 90-х Ірына далучылася да левага Руху за сацыяльны прагрэс і справядлівасьць. Штуршком да гэтага стаўся ельцынскі расстрэл расейскага парлямэнту. Кадры танкавых залпаў настолькі ўзрушылі жанчыну, што яна проста хацела выбегчы на вуліцу зь вялікім плякатам “Я — супраць!”. З таго часу і вырашыла заняцца палітыкай. Ірына прымае расейскія праблемы блізка да сэрца, бо, як бальшыня камуністаў, жыве “не ў Рэспубліцы Беларусі, а ў СССР”: “Я савецкі чалавек, вырасла ў Савецкім Саюзе і вельмі гэтым ганарылася. Для мяне было страшным ударам разбурэньне гэтай вялікай краіны”.

У 1996 г. Ірына зразумела, што больш ня можа пасіўна спачуваць левай ідэалёгіі — трэба ўступаць у партыю: “Зрабіць іначай, неяк хаваць свае погляды — значыла здрадзіць сабе і сваім ідэалам”.

Калі Ірына пераходзіла на новае месца працы ў 19-ю школу, дык паведаміла дырэктарцы пра сваю партыйнасьць. “Ну і што, — адказала тая. — Вы ж ня будзеце прапагандаваць свае ідэі на ўроках”. І ніякіх нараканьняў і поглядаў скоса ад калегаў настаўніца фізыкі не заўважыла...

Ірына перакананая, што за камуністычнай ідэалёгіяй — будучыня: “У левых ідэях закладзены вельмі глыбокі сэнс. Яны больш чалавечныя, больш спагадлівыя, чым правыя. За прыгожымі фразамі правых ідзе вялікае зло. Левая ідэя кліча ўверх, да ідэалу, да шчасьця ўсяго чалавецтва. А правая — гэта шлях уніз. Ён лягчэйшы, гэты шлях, таму ён больш вабіць: сытым страўнікам, дабрабытам — сваім і сваёй сям’і”.

Яна лічыць, што большасьць жыхароў Беларусі схіляецца да левых поглядаў, але сарамяжліва пасьміхаецца: “Ведаеце, людзі неідэальныя. Яны паважаюць левыя ідэі, аднак скажы каму: ёсьць магчымасьць адкрыць фірму і зарабіць добрыя грошы — і ён зробіць так”.

Гэтай самай “неідэальнасьцю” Ірына тлумачыць і брак моладзі ў партыі: “Маладыя людзі схільныя да левай ідэі, бо ім бліжэй пачуцьцё сацыяльнай справядлівасьці. Аднак якраз маладосьць, імкненьне выказаць сваю думку замінае падпарадкавацца партыйнай дысцыпліне. Вельмі цяжка зрабіць так, як вырашыла большасьць, калі ты з гэтым ня згодны. Вось гэты прынцып дэмакратычнага цэнтралізму адпрэчвае моладзь ад партыі”.

І гэта не адзіная прычына таго, што партыя не прываблівае вялікай колькасьці нэафітаў. “Да арганізацыяў, партыяў сёньня людзі ставяцца вельмі насьцярожана, зь недаверам. Зараджаецца ўсё зь нейкай ідэі, а потым лідэры пачынаюць вырашаць нейкія свае матэрыяльныя дробныя праблемы”, — гучыць шкадаваньне ў голасе Ірыны. Аднак потым прарываюцца пераможныя ноткі: камуністычная ідэя, гаворыць кабета, усё адно пераможа, бо ідэя — больш чым арганізацыя. “Калі партыя стане іншай, схіліцца, напрыклад, да ідэяў сацыял-дэмакратыі — я падумаю пра сваё сяброўства ў ёй. Але камуністычным ідэям ня здраджу, бо гэта мая сутнасьць, мая натура”.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0