Чырвоныя бiзнэсоўцы

 

У Беларусі ёсьць свой Энгельс. Ягонае прозьвішча Лашкевіч.

 

Ёсьць камунiсты, якiя дужа шмат увагi надаюць не “надбудове”, а менавiта “эканамiчнаму базысу”. Свой прадпрымальнiцкi талент яны рэалізуюць па-рознаму. Калi казаць пра “заходнiх” камунiстаў-бiзнэсоўцаў, дык гэта найчасьцей пэрсоны напаўлегендарныя цi адыёзныя. Можна згадаць амэрыканца Гамэра, якi ў пачатку мiнулага стагодзьдзя выкарыстоўваў сетку аптэкаў, створаную ягоным бацькам, дзеля фiнансаваньня амэрыканскай кампартыi. Пасьля 1917 г. сыстэма аптэкаў Арманда Гамэра ператварылася ў перавалачны цэнтар патаемных грашовых плыняў, якiя йшлi з СССР у Амэрыку. Цiкава, што iншыя фiрмы сям’i Гамэраў атрымалi манапольнае права прадаваць савецкiя экспартныя прадукты. Цi сучасны прыклад: грэцкiя мiльярдэры браты Янiкасы, якiя праз сваю кампанiю “Стылайт Холдынгз Лiмiтэд”, зарэгiстраваную на Кiпры, са скандалам набылi газэту “Правда”.

Але на “гнілым Захадзе” такіх — адзінкі. Асаблiва шмат “чырвоных бiзнэсоўцаў” у былых сацыялiстычных краiнах.

61% найбагацейшых расейскiх бiзнэсоўцаў выйшлі з былой партыйнай намэнклятуры. Яскравы прыклад — Мiкалай Рыжкоў, экс-прэм’ер СССР. У 1989 г., калi Рыжкоў узначальваў савецкi ўрад, ягонага подпiсу хапiла, каб стварыць магутны мiжгалiновы канцэрн “АНТ”. Потым Рыжкоў узначалiў “Цьверунiвэрсалбанк”, якi трапiў у дзясятку найбуйнейшых расейскiх банкаў, але ня вытрымаў дэфолту й збанкрутаваў. Можна згадаць таксама Сяргея Ягорава, былога старшыню Дзяржбанку СССР ды кiраўнiка фiнансавага аддзелу ЦК КПСС, якi зрабiўся старшынём Асацыяцыi камэрцыйных банкаў.

Калi казаць пра беларускiх камунiстаў зь бiзнэсовымi iнтарэсамi, варта згадаць Анатоля Лашкевiча. Нарадзiўся ён 12 жнiўня 1948 г. у Добрушы. Вучыўся ў Менскiм радыётэхнiчным тэхнiкуме, скончыў РТI. Пачаў працаваць у вытворчым аб’яднаньнi імя Ленiна, дзе тады рабілi тэлевiзары “Нёман” ды “Зорка”. Потым перайшоў на партыйную працу — кантраляваў прадпрыемствы радыёэлектроннай прамысловасьцi, сувязi й энэргетыкi. Анатоль Лашкевiч зрабiўся сакратаром райкаму партыi ў Менску, потым — загадчыкам аддзелу менскага абкаму. У 1992—96 г. ён прыйшоў у бiзнэс — зрабiўся генэральным дырэктарам гандлёва-прамысловага дому “Белмена”, якi першым пачаў працаваць з узаемазалiкамі па газавых запазычанасьцях. Сваю пасаду Анатоль Лашкевiч сумяшчаў з прэзыдэнцтвам у ТАА “Мастра”. А яшчэ ён быў сузаснавальнiкам ААТ “Цытадэль”, ААТ “Эўраазiяцкi эканамiчны цэнтар”, “Беларускага фонду судзеяньня прадпрымальнiцтву”. Партыйнай працы Анатоль Лашкевiч не закiдаў, увесь час застаючыся сустаршынём ПКБ. Мэдыi ахрысьцiлi яго “беларускiм Энгельсам” за вiдавочнае спансараваньне партыi Калякiна. Аднак, як казаў сам Лашкевiч у інтэрвію “Белорусской деловой газете”, “улады зрабiлi ўсё, каб ня даць мне працаваць у Беларусi й тым самым пазбавiць кампартыю фiнансаваньня, бо Лукашэнка пэўны, што празь мяне йшлi ўсе грошы партыi”.

У 1997 г. кантрольны пакет акцыяў маскоўскага заводу тэлевiзараў “Рубiн” набыў багаты мянчук Аляксандар Мiляўскi, якi пераехаў быў у Маскву. На пасаду генэральнага дырэктара ён запрасiў Анатоля Лашкевiча. Новы дырэктар стаўся адным з галоўных фiгурантаў праекту “Саюзны тэлевiзар”, якi 16 лiстапада 1998 г. зацьвердзiў выканкам саюзу Беларусi й Расеi. Iдэяй, пад якую выдаткавалi немалыя сродкi, было за паўтара-два гады пачаць рабіць тэлевiзары, якiя канкуравалi б з таннымi замежнымi, ды ўсталяваць кантроль над 30% рынку тэлетэхнiкi СНД. Дзеля гэтага была створаная мiждзяржаўная фiнансава-прамысловая група “Электронныя тэхналёгii”, у якую ўвайшлi беларускiя “Гарызонт” ды “Iнтэграл”, а таксама расейскiя “Квант”, “Рубiн” ды АТ “Расейская электронiка”. Але ўсе заводы працягвалi вырабляць свае тэлевiзары, “саюзныя” грошы немаведама куды зьнiклi, партнэры перасварылiся — і праект развалiўся.

Мо Анатоль Лашкевiч яшчэ доўга кiраваў бы заводам “Рубiн”, якi акрамя тэлевiзараў вырабляе плястыкавую ўпакоўку ды прадукцыю для абароннай прамысловасьцi, а таксама шмат грошай атрымлiвае, здаючы сваю тэрыторыю ў арэнду пад знакамiты маскоўскi рынак “Гарбушка”. Аднак у красавiку 2001 г. кантрольны пакет акцыяў “Рубiну” выкупiў Навалiпецкi мэталюргiчны камбiнат. У хуткiм часе Лашкевiч з заводу сышоў.

Займаючыся бiзнэсам, Лашкевiч не пакiдаў i палiтыкі. На прэзыдэнцкiя выбары 2001 г. ён пайшоў у камандзе Калякiна. Калi той зьняў кандыдатуру, перайшоў да Ганчарыка. Гэты беларускi прадстаўнiк расейскага бiзнэсу ў апазыцыi выглядаў досыць экзатычна, хоць камунiстаў у бiзнэсе экзотыкай лiчыць ня варта.

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0