01.11.2002 / 13:00

Дзеці КПСС

№ 41 (303), 1 лістапада 2002 г.

 

Дзеці КПСС

 

 

Камуністы суседніх зь Беларусяй краінаў робяцца ўсё большымі сацыял-дэмакратамі. У Польшчы, Літве і Латвіі кампартыі як такія не існуюць. У Расеі і Ўкраіне кампартыі ўсё лепш упісваюцца ў посткамуністычную сыстэму. Яны ўсё яшчэ адлюстроўваюць інтарэсы “пракляцьцем катаваных”, але руйнаваць новы сьвет ужо не зьбіраюцца. Канчатковая сацыял-дэмакратызацыя камуністаў — толькі пытаньне часу і зьмены пакаленьняў.

 

Літва. Незаменны Бразаўскас

Першы сакратар кампартыі Літвы Альгірдас Бразаўскас яшчэ ў сьнежні 1989 г. першы ў СССР ініцыяваў адасабленьне ад КПСС. Налета КПЛ забаранілі, а камуністы-рэфармісты стварылі Літоўскую дэмакратычную партыю працы (ЛДПП). Выбары ў Вярхоўны Савет Літвы ў 1990 г. камуністы прайгралі “Саюдзісу”. Але ўжо ў часе першых выбараў пасьля краху СССР у кастрычніку 1992 г. ЛДПП атрымала 70% галасоў і большасьць у Сойме. Прэзыдэнтам краіны стаўся Бразаўскас. Гэта было беспрэцэдэнтнае вяртаньне экс-камуністаў да ўлады. Праз год-два той жа сцэнар паўторыцца ў большасьці краінаў Усходняй Эўропы. Паўторыцца і вынік: не задаволіўшы спадзяваньняў выбарцаў, партыя прайграла на выбарах 1996 г. —перамаглі правыя на чале з Ландсбэргісам.

У 1998 г. Бразаўскас добраахвотна сыходзіць з палітыкі на пэнсію ды ўвесь аддаецца ўлюбёнаму пчалярству. Але сярод левых замены яму няма, і ўвесну 2000 г. ён вымушаны вярнуцца, “каб ратаваць Літву, зруйнаваную чатырма гадамі кіраваньня правых”. Аўтарытэт былога прэзыдэнта дапамагае яму аб’яднаць левых і перамагчы (52 месцы ў Сойме з 141) на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2000 г. Улада левых узмацнілася пасьля аб’яднаньня ў студзені 2001 г. Дэмакратычнай партыі працы зь Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй.

 

Латвія. Чырвонае ПЧАЛярства

На руінах латыскае кампартыі, што абрынулася ў 1990 г., паўстала Партыя роўных правоў, перайменаваная ў 1994 г. у Сацыялістычную партыю Латвіі. Апірышчам яе сталіся этнічныя расейцы, якія ня мелі права голасу, таму ўплыў партыі быў спачатку абмежаваны, а дзеяньні — неадэкватнымі часу. Асабліва яскравым прыкладам гэтага сталася поўная параза на прэзыдэнцкіх выбарах 1996 г., калі партыя выставіла ў якасьці свайго кандыдата адыёзную фігуру былога партфункцыянэра і ГКЧПіста Альфрэда Рубікса.

Уздым СПЛ апошняга часу зьвязаны з аб’яднаньнем партыяў прарасейскай накіраванасьці ў кааліцыю “За правы чалавека ў адзінай Латвіі” (яны рэклямуюць сябе пад шматзначнай расейскай абрэвіятурай “За Пчел”).

ЗПЧАЛ — хаўрус трох партыяў. Апроч СПЛ у яго ўваходзяць Партыя народнай згоды й партыя “Раўнапраўе”. ПНЗ стаіць на самых блізкіх да эўрапейскай сацыял-дэмакратыі пазыцыях, дзьве ейныя хаўрусьніцы яскрава “чырвоныя” і прарасейскія. Усе тры знаходзяцца ў жорсткай апазыцыі. Кіруюць ЗПЧАЛ Яніс Юрканс, Тацяна Жданок і Альфрэд Рубікс.

Усяго аб’яднаньне налічвае 2100 сяброў. У Сойме VII скліканьня, які цяпер сканчае сваю кадэнцыю, ЗПЧАЛ мела 16 месцаў са 100, у наступным Сойме прамаскоўскіх дэпутатаў будзе 25. Прадстаўнікі ЗПЧАЛ маюць уплыў на мясцовым узроўні і нават супольна зь сябрамі Латыскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі кантралююць муніцыпалітэт Рыгі. Згаданую ЛСДРП стварыў былы маёр КГБ Іварс Кезбэрс — яе таксама можна лічыць камуністычнай рэінкарнацыяй. Чыстых камуністаў у Латвіі не засталося.

 

Расея. Вечна другія зюганаўцы

Незадаволеныя гарбачоўскімі пераўтварэньнямі расейскія камуністы-кансэрватары ў 1990 г. стварылі Расейскую камуністычную партыю на чале зь Юр’ем Палазковым. Актыўнымі сябрамі партыі былі Генадзь Зюганаў і будучы міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч. Пасьля путчу партыя была забароненая з-за сваёй шырокай ангажаванасьці ў жнівеньскім перавароце. Пакуль РКП была “ў падпольлі”, камуністычныя фундамэнталісты стварылі Расейскую камуністычную рабочую партыю на чале зь Віктарам Анпілавым, нэасталінісцкую Камуністычную партыю бальшавікоў, сэктанцкую Сацыялістычную рабочую партыю. Тым часам Купцоў зь Зюганавым аднавілі РКП пад іншай назвай — Камуністычная партыя Расейскай Фэдэрацыі.

“Чырвоныя” жылі савецкім мінулым. Гэта адлюстроўвала прынятая ў лютым 1993 г. партыйная праграма КПРФ. Яна ўяўляла сабой сумесь настальгіі па СССР і крайняга камуністычнага кансэрватызму. “Цяперашні кіроўчы рэжым падманам і гвалтам спрабуе вярнуць народы нашай Айчыны да барбарскага, прымітыўнага капіталізму. Гэта шлях палітычнай рэакцыі і сацыяльнага рэгрэсу, шлях нацыянальнай катастрофы, што вядзе да сьмерці расейскай цывілізацыі”. Гэтая праграма дзейнічае па сёньня. Дэвіз КПРФ — “Расея, праца, народаўладзьдзе, сацыялізм!” Расея, як бачым, на першым месцы. Нацыяналізм — аснова нэакамуністычнай праграмы.

У часе канстытуцыйнай крызы 1993 г. КПРФ выступіла супраць роспуску парлямэнту, але не радыкальна. Такім чынам Зюганаў уратаваў сваіх прыхільнікаў ад рэпрэсіяў, што абрынуліся на левыя сілы пасьля разгону парлямэнту.

На парлямэнцкіх выбарах 1993 г. камуністы атрымалі толькі 12,4% галасоў. Крытыкуючы ўрад і спэкулюючы далей на станоўчых аспэктах савецкага мінулага, яны адыграліся на выбарах 1995 г., здабыўшы пераканаўчую перамогу — 22,3%.

Камуністы былі мала здатныя ўплываць на ўладныя структуры. Ельцын мог свабодна злоўжываць адміністрацыйным рэсурсам падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1996 г., а камуністам заставалася толькі глядзець на крамлёўскае самавольства, што з нуля разьдзьмула ельцынскі рэйтынг. За кандыдата ад камуністаў Г.Зюганава ў другім туры прагаласавала 40% выбарцаў, і прэзыдэнтам застаўся Барыс Ельцын.

Камуністы ўзялі рэванш на парлямэнцкіх выбарах 1999 г., атрымаўшы 24,29% галасоў, але на даляглядзе ўжо зьявіўся цень Пуціна. КПРФ не наважваецца сур’ёзна крытыкаваць былога палкоўніка КГБ. Прэзыдэнцкія выбары 2000 г. дэманструюць няздольнасьць камуністаў канкураваць з крамлёўскай уладай: Зюганаў атрымлівае толькі 29% галасоў, а КПРФ ператвараецца ў “апазыцыю яго Вялікасьці” ды нават ня згадвае пра “барацьбу з антынародным рэжымам”, як за Ельцыным. Толькі пад канец 2001 г. камуністы зноў пераходзяць у больш выразную апазыцыю. Да гэтага іх падштурхоўваюць выбарцы. Узровень жыцьця ў большасьці расейскіх рэгіёнаў застаецца ўбогі.

Камуністы — па-ранейшаму істотная палітычнай сіла ў Расеі. Сёньня ў КПРФ 550 тыс. сяброў, аб’яднаных у партарганізацыі на месцах. КПРФ мае ўплыў у прамысловых рэгіёнах і сярэдняга памеру гарадах, але не ў Маскве або Санкт-Пецярбургу.

Украіна. Навуковы сацыялізм

Наступніцамі Камуністычнай партыі Ўкраіны сталі Сацыялістычная і Камуністычная партыі. Абедзьве яны — на першых ролях ва ўкраінскім палітычным тэатры.

Сацыялістычная партыя Ўкраіны была заснаваная ў верасьні 1991 г. лідэрам камуністычнай большасьці Вярхоўнай Рады Аляксандрам Марозам. Ён адразу ж зрабіў спробу пераламаць стэрэатыпы прамаскоўскасьці камуністаў і абвясьціў пра падтрымку дзяржаўнасьці Ўкраіны. Ва ўнутранай палітыцы СПУ патрабуе ад улады дэмакратызацыі. У замежнай палітыцы прыхільнікі Мароза ў пэрспэктыве згодныя на ўступленьне Ўкраіны ў NATO, “калі яно будзе складнікам новай сыстэмы бясьпекі”.

Партыя налічвае 65,5 тыс. сяброў, абапіраецца ў асноўным на Ўсходнюю Ўкраіну і вёску. Фракцыя СПУ ў Вярхоўнай Радзе — 21 чалавек (усяго — 450). Сацпартыя мае рэпутацыю непахіснага змагара з рэжымам Кучмы (славутыя стужкі маёра Мельнічэнкі абнародаваў менавіта А.Мароз), сябры СПУ — галоўныя арганізатары хваляваньняў апошніх гадоў. У гэтай барацьбе сацыялісты супрацоўнічаюць з правай папулісткай Юліяй Цімашэнкай ды камуністамі.

Кампартыя Ўкраіны займае іншыя пазыцыі. Экспэрты кіеўскага Цэнтру імя Разумкова ацэньваюць КПУ як памяркоўную, а не радыкальную апазыцыю і спасылаюцца на неаднаразовыя факты супрацоўніцтва камуністаў з уладай. Кампартыя была створаная ў траўні 1993 г. у Данецку пасьля скасаваньня забароны на дзейнасьць камуністычных арганізацыяў. Яе старшынём стаўся былы другі сакратар Данецкага абкаму КПУ Пятро Сіманенка.

Камуністы з навуковым сацыялізмам не экспэрымэнтуюць, а спадзяюцца на старыя савецкія рэцэпты. Яны патрабуюць “кантролю працоўных над уладнымі структурамі”, ператварэньня Ўкраіны ў савецкую рэспубліку. Сярод эканамічных патрабаваньняў — “вызваленьне ад дыктату МВФ”, спыненьне “прыхватызацыі”, нацыяналізацыя стратэгічна важных прадпрыемстваў, скасаваньне “антынароднага” Зямельнага кодэксу. У замежнай палітыцы КПУ выступае за далучэньне да Саюзу Беларусі й Расеі і катэгарычна не пагаджаецца на далучэньне да NATO.

Сёньня ў КПУ 140 тыс. сяброў, перадусім на ўсходзе і на поўдні краіны. Фракцыя ў Радзе — 63 дэпутаты. КПУ на апошніх выбарах страціла свае пазыцыі лідэра, але застаецца другой па папулярнасьці палітычнай сілай ва Ўкраіне пасьля нацыянальна-дэмакратычнага блёку Віктара Юшчанкі.

 

Польшча. Без камуністаў

Зьвяз камуністаў Польшчы “Пралетарыят” быў адзінай камуністычнай арганізацыяй, афіцыйна зарэгістраванай у краіне. Ён паўстаў у 1989 г., пасьля распаду Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Камуністычная дзейнасьць у Польшчы стрымліваецца артыкулам 13 Канстытуцыі, які забараняе існаваньне палітычных партыяў, што заклікаюць “да таталітарных мэтадаў і практыкі нацызму, фашызму і камунізму”. Фармулёўка досыць двухсэнсоўная, бо незразумела, забарона тычыцца толькі таталітарных мэтадаў ці гэтых мэтадаў у спалучэньні з практыкай нацызму, фашызму і камунізму наагул. Аднак па польскім прыкладзе такі самы закон прыняла Славаччына.

У 1998 г. быў прыняты новы строгі закон аб палітычных партыях, каб зьменшыць колькасьць існых аб’яднаньняў. Закон патрабаваў некаторых арганізацыйных зьменаў, правесьці якія трэба было да канца 1998 г., але польскія камуністы не палічылі гэтыя патрабаваньні істотнымі й нічога не зьмянілі. У выніку камісія пастанавіла партыі не рэгістраваць. Нягледзячы на ўсе намаганьні, камуністы ня здолелі даць задні ход працэсу, і пры канцы верасьня суд скончыў працэдуру ліквідацыі партыі.

На базе ПАРП паўстаў канвэнцыянальна сацыял-дэмакратычны левацэнтрысцкі Саюз лявіцы дэмакратычнай. “Больш левых” актывістаў яднае нешматлікая Унія працы, саюзьніца СЛД. Камуністаў жа краіны замяняе “Самаабарона” Лепэра, якая актыўна (аж да гвалту) выступае за рэстаўрацыю сацыялістычнае сыстэмы сацыяльных гарантый, супраць капіталістаў і эўрапейскае інтэграцыі.

Сяргей Рак


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру