Вялікая Сьляпня

 

З экранаў тэлебачаньня, з радыёпрыймачоў, з рэклямных плякатаў нясецца заклік: “Пабудуем бібліятэку разам!”. На вуліцах школьнікі пад наглядам настаўнікаў урачыста зьбіраюць грошы ў мінакоў, якія аднойчы ўжо ахвяравалі на гэтую справу свой дзённы заробак. Што бібліятэка будуецца, ведаюць амаль усе, а вось дзе менавіта яна будуецца і як — мала хто бачыў.

 

Зачыстка

4-ы Сьляпнянскі завулак, на месцы якога мусіць быць узьведзеная новая Нацыяналка, цяпер выглядае жахліва. Ягонае разбурэньне пачалося яшчэ ў жніўні: пасярод аднаго з гародаў, зламаўшы плот, нейкая вялізная машына пакінула сьляды колаў. Потым жыхары дому, што бліжэй да праспэкту Скарыны, разабралі й кудысь вывезьлі сваё жытло, яшчэ колькі дамоў апусьцелі, але большасьць насельнікаў не хацелі пакідаць абжытае месца. Яны зьвярталіся ў гарвыканкам, выступалі на радыё “Свабода”, толькі зьмяніць штосьці было ўжо немагчыма. Пры канцы верасьня зьявіўся экскаватар і дамы, якія не пасьпелі разабраць самі жыхары, пачалі руйнавацца работнікамі. Бліжэй да ночы хадзіць завулкам было вусьцішна: проста на вуліцу пустымі ваканіцамі глядзеў дом, у якім яшчэ нядаўна гарэла сьвятло, жылі людзі. Але й ён палохаў мінакоў нядоўга: цяпер там толькі здратаваная коламі ды гусеніцамі зямля.

Вечарамі на адваяваных у вёскі лапіках гараць вогнішчы, побач адпачываюць магутныя машыны, а бліжэй да дарогі ўзвышаецца забытая руйнавальнікамі прыбіральня. Нешта падобнае мы назіралі ўвесну на 1-м Беларускім завулку, дзе цяпер ідзе будоўля, а зусім побач, на вуліцы Беларускай (былой Верхне-Ляхаўскай), улетку быў зьнесены драўляны дом пачатку ХХ ст., які пэўны час лічыўся нават помнікам архітэктуры, а цяпер пачаў замінаць новаму гмаху.

Сярод дамоў 4-га Сьляпнянскага завулку помнікаў архітэктуры няма. Але нельга сказаць, што гэты квартал ня мае ніякай каштоўнасьці. Ён – тое нямногае, што засталося ад буйной некалі вёскі Вялікая Сьляпня, што ўвайшла ў межы гораду яшчэ ў 1959 г.

Вялікая Сьляпня – паселішча старажытнае. Аб гэтым сьведчыць ужо сама назва, што паходзіць не ад назвы інсэкты і не ад прыметніка “сьляпы”, як доўгі час лічылася, а ад балцкай асновы з сэнсавым значэньнем “ручай, вадасьцёк”. У гістарычных дакумэнтах назва сустракаецца з XVI ст. Шпацыруючы па 2-м і 4-м Сьляпнянскіх завулках, мы заўважалі, што дамы, нават ня дужа старыя, удала спалучаюцца, нават зьліваюцца з навакольным краявідам – такое магчыма толькі на добра абжытых месцах, дзе чалавек пасяліўся ня менш за сотню гадоў таму.

Абсэрваторыя і могілкі

Вялікай Сьляпні “шанцуе” на ўсенародныя будаўніцтвы. Яшчэ ў 1930-я ледзьве не на вясковых могілках рэкорднымі тэмпамі была ўзьведзеная абсэрваторыя. Могілкі гэтыя захаваліся й цяпер. Але іхны стан незайздросны. Надмагільлі павыварочваныя, скляпы зруйнаваныя (засталіся толькі падмуркі), усё спрэс зарасло густой крапівой, у якой п’юць і гнюсяць падазроныя брудныя асобы.

Між тым, некаторыя надпісы на камянях можна яшчэ прачытаць. Магілы датуюцца канцом XIX – 30-мі гадамі ХХ ст. Калі будавалася абсэрваторыя, тут яшчэ хавалі. Нават простая павага да памерлых патрабуе надаць могілкам прыстойны выгляд. Вось імёны, якія мы здолелі прачытаць на тамтэйшых помніках. Мо хтось з чытачоў раптам знойдзе ў гэтым сьпісе свайго прадзеда ці прабабу ды прыйдзе на Дзяды ў Сьляпню – давесьці магілку да ладу: Ганна Бацяноўская, дачка Аляксея (1891–1911); Іван Вярбіцкi, сын Міхаіла (1839–1899); Іван (1844–1896) і Аўдоцьця (1853–1914) Краўчанкі; Раман Кучмель (1850–1897); Марыя Маркоўская, дачка Васіля (1839–1899); Ігнат Маркоўскі, сын Францішка (1836–1906); Лявон Сацук, сын Мацея (1812–1898); Тамаш (1827–1910) і Кацярына (1814–1911) Сьлесаронкі; Марыя Хмялеўская (1866–1894); Сямён, сын Яфрэма (1851–1926), і Праскоўя (1855–1925) Шманаі; Вінцэнт Юронак, сын Хведара (1821–1901).

На сьляпнянскім цьвінтары яшчэ шмат надмагільляў, якія трэба адкопваць ці падымаць, каб прачытаць, хто пад імі пахаваны.

Размовы пра неабходнасьць захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны Менску вядуцца даўно, але яны тычацца гістарычнага цэнтру, тады як пра вёскі, якія праглынуў мэгаполіс, ніхто й ня згадвае. Яны зьнікаюць пад частаколам тыповых гмахаў, не пакідаючы па сабе сьлядоў, а часам нават і назваў. Магчыма, у гэтым заканамерным працэсе нічога страшнага няма? А можа, мы проста не адчуваем яшчэ, якія істотныя рэчы страцілі? Чалавек, які вырас і жыве сярод аднолькавых бэтонных прастакутнікаў, губляе сувязь з прыродай, адчуваньне еднасьці з тымі, хто жыў тут да іх. А калі мы застанёмся бяз гэтага, нам не дапамогуць ніякія бібліятэкі.

Віктар Жыбуль, Вера Бурлак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0