01.11.2002 / 13:00

Бібліятэка

№ 41 (303), 1 лістапада 2002 г.

Бібліятэка

 

Польскі джэнтэльмэн Напалеон Орда

 

“НН” паведаміла неяк, што сярод самых папулярных кніг сэзону – альбом “Беларусь у малюнках Напалеона Орды”.

 

Нельга не пагадзіцца – кніга проста цудоўная! Малайцы і ўкладальнік, і мастак – аўтар макету, і выдавецтва. Пасьля прагляданьня альбому ў галаве застанецца правільны, адэкватны “відэашэраг” нашага мінулага – а гэта рэч вельмі каштоўная. Аднак відавочныя й недапрацоўкі. Гэта перш за ўсё адсутнасьць навуковага рэдагаваньня. Здавалася б – якая рэдакцыя для такога невялікага тэксту, аднак жа: вёску Вайцяхоўшчыну назвалі Вайцэхаўшчынай, магнатаў Сьлізьняў – Шлізьнямі, замест беларускай формы назвы Абрэнбшчына пакінулі яўны палянізм Абрэнбшчызна, у тэксьце да малюнку палацу Тышкевічаў замест правага і левага бакоў двойчы называецца правы – пералік недапрацовак можна доўжыць. Альбом выйшаў на дзьвюх мовах. Кожны “просты” чалавек можа наіўна лічыць, што абодва тэксты аднолькавыя – ажно не!

Перакладальніца на ангельскую мову А.Нікіфарава і рэдактар замежнага тэксту С.Трафімчук вельмі вольна абыходзяцца зь беларускім арыгіналам. Вось, напрыклад, аўтар піша: “Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 г. у родавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Iванаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці) у сям’i маршалка шляхты Кобрынскага павету, iнжынэр-фартыфікатара Мiхаiла Орды”. Вось як пачынаецца пераклад гэтага абзацу на ангельскую мову: “Napoleon Orda, a son of Polish gentlemen from Kobrin district Mikhail Orda…”, што значыць: “Напалеон Орда, сын польскага шляхціча (ці джэнтэльмэна) з Кобрынскага раёну…” Які польскі шляхціч?! Можна выказаць меркаваньне пра “польскія падкопы”, аднак, думаю, усё тлумачыцца няздольнасьцю А.Нікіфаравай і яе рэдактара справіцца зь перакладам гістарычнага тэрміну “маршалак шляхты”. Па-ангельску гэтая пасада будзе звацца “marshal of the nobility”, параўнайма з аналягічным расейскім “предводитель дворянства”.

Яшчэ горай атрымалася з музэямі. Аўтар уступнага тэксту Анатоль Кулагін, напэўна, троху ведае па-польску. Гэтае “троху-веданьне” дазволіла яму абсалютна непасрэдна пісаць аб Народным музэі ў Кракаве і Народнай бібліятэцы ў Варшаве. Ход разважаньняў няхітры: Biblioteka Narodowa – значыць, народная. Тое, што тут фігуруюць Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны музэй, мог бы заўважыць навуковы рэдактар, але апошняга не было. Беларускі “просты” тэкст пайшоў да ўжо вядомай перакладальніцы. Яна кулагінскі “Народны музэй” пераклала літаральна: “Popular Museum in Warsaw”. Так зьявіўся фантом – няісны музэй. Аднак жа маё захапленьне ад гэтага прыгожага і на самай справе важнага альбому нашмат большае, чым незадаволенасьць “блохамі” ў ягонай рэдактарскай падрыхтоўцы.

Мікола Нікалаеў,
Санкт-Пецярбург


новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Аднаўляецца рубрыка “Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю”. З прычыны доўгага перапынку, у ёй будзе паведамляцца пра ўсе выданьні, што зьявіліся ад пачатку гэтага году.

 

Пераклад збліжае народы: Матэрыялы Міжнар. “круглага стала”, Менск, 3–4 верасьня 2001 г. / Рэдкал.: Р.Барадулін і інш. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2002 – 152 с. – (Беларусіка = Albaruthenica; Кн.24).

У зборнік увайшлі артыкулы, прысьвечаныя тэарэтычным ды практычным пытаньням мастацкага перакладу, заснаваныя галоўным чынам на беларускім літаратурным матэрыяле. Сярод удзельнікаў “круглага стала” – Рыгор Барадулін, Карляс Шэрман, Андрэй Хадановіч, Чэслаў Сэнюх, Уладзімер Конан, Лявон Баршчэўскі, Лявон Юрэвіч.

 

Смоляр Г. Менскае гета: Барацьба савецкіх габраяў-партызанаў супраць нацыстаў / Пер. з анг. М.Гілевіча. – Менск: Тэхналёгія, 2002. – 182 с.

Кніга цікавая найперш тым, што яе аўтар сам прайшоў празь нямецкае гета ды стаўся адным зь нямногіх, хто ацалеў у пекле генацыду. Выданьне спалучае ў сабе рысы грунтоўнага манаграфічнага дасьледаваньня ды асабістых успамінаў.

 

Сьцяцко П. Культура мовы. – Менск: Тэхналёгія, 2002. – 444 с.

Выданьне гэтае – найбольш аўтарытэтнае з усяго, што было створана за апошнія гады ў галіне культуры маўленьня. Аналізуючы сучасную моўную практыку ды арыентуючыся на клясычныя нормы беларускай мовы, аўтар абгрунтавана даводзіць, што па-беларуску варта казаць “сумоўе”, а не “субяседаваньне”, “вусякі”, а не “насякомыя”, “саманавучальнік”, а не “самавучыцель”. У кнізе разгледжана ды “выпрабавана на беларускасьць” болей за тысячу моўных адзінак. Пад аўтарскую крытыку падпадае ня толькі калькаваная лексыка, але й небеларускія сынтаксычныя канструкцыі кшталту “паход за славай”, “догляд за жывёламі”, “падзарабляць на баку”. Павал Сьцяцко ўзяў за мэту “ачышчэньне савецкага варыянту беларускай літаратурнай мовы ад беспадстаўных пазычаньняў і штучных структураў” ды стварыў грунтоўны дапаможнік-даведнік для тых, хто насамрэч імкнецца падвысіць якасьць сваёй мовы. У “Акадэмкнізе” гэтае выданьне каштуе каля 5 тыс. рублёў.

 

Верш на Свабоду / Радыё Свабодная Эўропа; Рэд. В.Аксак. – Вільня: Радыё Свабода, 2002. – 464 с. – (Бібліятэка Свабоды ХХІ ст.).

“Верш на Свабоду”, праект Беларускай службы радыё “Свабода”, сабраў 365 твораў вядомых і невядомых аўтараў з самых розных куткоў Беларусі. Усе творы прысьвечаныя адвечнай каханцы вандроўнікаў, мастакоў ды ваяроў – Свабодзе.

 

Менск незнаёмы: 1920–40: Фотаальбом / Аўтар-уклад. І.Куркоў. – Менск: Ураджай, 2002. – 240 с.

Унікальны гістарычна-дакумэнтальны альбом дазваляе зрабіць фотападарожжа па менскіх вуліцах, аблічча якіх сёньня незваротна зьмянілася. З сучаснага гледзішча Менск часоў НЭПу, першых пяцігодак ды індустрыялізацыі – гэта горад сапраўднае экзотыкі. Тутака і парады фізкультурнікаў, і першамайскія дэманстрацыі, і “саюзнага маштабу” новабудоўлі, і ўсюдыісная “клясавая барацьба”. Альбом зьмяшчае матэрыялы “Спадарожніка па Менску” – рарытэтнага інфармацыйнага выданьня 1930 г., якое ніколі раней не перавыдавалася й на сёньня вядомае ў адзінкавых асобніках. Альбом каштуе блізу 10 тыс. рублёў, і прыдбаць яго можна ў менскіх кнігарнях “Сьветач”, “Веды”, “Акадэмкніга”, “Цэнтральная”.

 

Язэп Драздовіч: Альбом-манаграфія / Уклад. М.Купава. – Менск: Беллітфонд, 2002. – 180 с. – (Мастакі Беларусі).

Гэты шыкоўны альбом – самае поўнае выданьне творчае спадчыны Язэпа Драздовіча – “вечнага вандроўніка” па таямнічых іншаплянэтных прасторах. У сядзібе ТБМ кніга каштуе 28 тыс.

 

210 гадоў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай: Гісторыя. Права. Традыцыі: Матэрыялы міжнар. навук. канфэрэнцыі, Менск, 27 красавіка 2001 г. / БДУ; Рэд.-уклад. К.Казак, М.Часноўскі. – Менск, 2002. – 134 с.

Зборнік зьмяшчае ня толькі навуковыя артыкулы па тэме канфэрэнцыі, але й уласна тэкст Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. Праўда, у арыгінале – па-польску. Пытайцеся ў “Акадэмкнізе”.

Падрыхтавала
Тацяна Вабішчэвіч


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру