Алесь Кудрыцкі, Сяргей Рак

"У касьпійскім рэгіёне знаходзіцца каля 10% усіх сусьветных запасаў нафты. Самыя пэрспэктыўныя радовішчы — “Тэнгіз” і “Кашаган” у паўночнай частцы Касьпійскага мора.

“Кашаган” увогуле самае вялікае радовішча ў сьвеце, знойдзенае за апошнія 30 гадоў."]Беларусь мае тэарэтычны шанец правесьці па сваёй тэрыторыі новы нафтаправод, па якім касьпійская нафта можа цячы ў Эўропу, абмінаючы Расею. Украіна ўклала 200 млн. даляраў у пабудову нафтаправоду, што злучыў чарнаморскі порт Паўднёвы (35 км ад Адэсы) з горадам Броды. Дабудаваць трубу, па якой касьпійская нафта магла б прыйсьці ў Беларусь, каштуе 80 млн. даляраў.

200 млн. даляраў, якія Ўкраіна ўклала ў пабудову нафтаправоду, што злучыў чарнаморскі порт Паўднёвы ды горад Броды на Галіччыне, мусілі быць інвэстыцыяй у сыравінную незалежнасьць. Вядома, не абсалютную: цяпер краіна зможа атрымліваць нафту ня толькі з Расеі, але й з радовішчаў Касьпійскага рэгіёну праз Азэрбайджан, Грузію ды Чорнае мора. Аднак калі палітычныя мэты Ўкраіны можна лічыць збольшага задаволенымі, дык эканамічныя чаканьні сябе пакуль ня спраўдзілі. Адрэзак “Адэса—Броды” даўжынёю 674 км і дыямэтрам трубы 1020 мм застаецца шляхам у нікуды.

Атрымаць прыбытак, пампуючы нафту адно да ўкраінскай мяжы, не атрымаецца — трэба гнаць сыравіну далей, беручы грошы за транзыт. Транспартаваньне нафты да Бродаў абыдзецца кліенту прыблізна ў 5,6 даляра за тону, а разам з разгрузкай танкераў у Паўднёвым — 6 даляраў. Пачатковая магутнасьць нафтаправоду “Адэса—Броды” — 9—14,5 млн. тонаў у год. Пасьля ўвядзеньня ў дзеяньне другой чаргі плянуюць перапампоўваць 45 мільёнаў — гэта дзесьці 270 млн. даляраў прыбытку.

Аднак Польшча не сьпяшаецца дабудоўваць свой адрэзак нафтаправоду, што злучыць Броды з Плоцкам. Палітыка зноў сутыкаецца з гаспадаркай: палякі ня пэўныя, ці будзе для іх той праект эканамічна выгадным, хоць дзяржаўным інтарэсам краіны ён, вядома, адпавядае. Прэзыдэнт Квасьнеўскі некалькі разоў запэўніваў Леаніда Кучму, што праект нафтаправоду стратэгічна важны для Польшчы. Але настроі вышэйшага эшалёну польскай улады не супадаюць зь меркаваньнямі эканамічных дарадцаў ды экспэртаў, якія ня раяць Варшаве ўкладаць дзяржаўныя грошы ў нафтаправод — маўляў, няхай гэтым займаецца прыватны бізнэс.

 

Польшча вагаецца

Непакоіць палякаў і тое, што за пабудову 500-кілямэтровага адрэзку Броды—Плоцк узялася кампанія “Golden Gate”, якая мае дрэнную рэпутацыю. Зь ёй зьвязаныя бізнэсоўцы, замяшаныя ў махінацыях вакол паставак расейскага газу, продажу былой савецкай нерухомасьці, алькагольных афэрах. Поўны кошт пабудовы польскай часткі нафтаправоду — 430 млн. эўра. Патрэбных інвэстыцыяў “Golden Gate” пакуль ня мае, як і бізнэс-пляну іх вяртаньня пасьля рэалізацыі праекту.

Прыкасьпійскія дзяржавы таксама ня пэўныя, ці ім выгадны новы трубаправод. Касьпійская нафта вельмі якасная, яна лягчэйшая ды сьвятлейшая за расейскую сумесь Urals, што йдзе на экспарт. Але на выхадзе за межы Ўкраіны абодва гатункі непазьбежна будуць зьмешвацца ў трубе. Украінцы яшчэ не прапанавалі дакладнай сыстэмы кампэнсацыі за “разьведзеную” нафту.

 

Да паліўнай незалежнасьці — 183 км

Плянуецца, што прыкасьпійскія краіны наступныя 10 гадоў будуць прадаваць па 100—150 млн. тонаў нафты ў год. Дзеля параўнаньня: максымальная колькасьць нафты, якую можа спажыць Беларусь за год, — 7—8 млн. тонаў.

Калі палякам гэтак нявыгадна будаваць магістраль Броды—Плоцк, тэарэтычна можна пусьціць нафту па гатовых ужо трубах — праз Мазыр. Адзінае “але” — цяпер на адрэзку Мазыр—Броды яна цячэ ў супрацьлеглым кірунку, зь Беларусі ва Ўкраіну. Каб далучыцца да “касьпійскага калектару”, трэба зьдзейсьніць “рэвэрс” — пусьціць нафту ў адваротны бок. У аддзеле транспартаваньня ды перапрацоўкі нафты канцэрну “Белнафтахім” патлумачылі, што на адрэзку нафтаправоду, які злучае Броды і Мазыр, гэта тэхнічна немагчыма. Адзінае выйсьце — класьці новую трубу. Такі варыянт быў бы нават больш пажаданым — паралельныя нафтаправоды даюць магчымасьць выбару ды павялічваюць прыбыткі ад транзыту.

У аналітычным зборніку “Беларуска-расейская інтэграцыя”, што выйшаў сёлета, Натальля Тагановіч, загадчыца сэктару праблемаў паліўна-энэргетычнага комплексу Інстытуту эканомікі Беларусі, кажа пра магчымасьць транспартаваньня нафты па маршруце Адэса—Броды—Мазыр—Бабовічы—Касьцюковічы—Полацак. Дзеля гэтага давядзецца дабудаваць 183-кілямэтровы ўчастак трубаправоду паміж Бабовічамі ды Касьцюковічамі. Фактычна гэта зьдзяйсьненьне праекту Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектару, пра які шмат казалася ў пачатку 90-х. Паводле ацэнак спн.Тагановіч, гэты варыянт патрабуе 80,3 млн. даляраў інвэстыцыяў — нашмат менш, чым будаўніцтва польскага ўчастку трубаправоду. З Полацку ўжо ёсьць труба да латыскага порту Вэнтсьпілс, апроч таго, нафтай будзе забясьпечаная ўся Прыбалтыка. У ажыцьцяўленьні такога праекту будуць зацікаўлены як балтыйскія краіны, так і Эўразьвяз, у які яны хочуць уступіць. Так што на іх можна разьлічваць у справе фінансаваньня будовы.

 

Калідор для Расеі

Калі палякі адмовяцца будаваць адрэзак Броды—Плоцк, украінскаму ўраду давядзецца вырашаць: заставацца з трубой у нікуды ці прасіць дапамагчы Беларусь — краіну, што да нядаўняга часу трымалася курсу на максымальна хуткую інтэграцыю з Расеяй, якая найбольш пацерпіць ад гэтага праекту.

Варта ў зьвязку з гэтым прывесьці цытату з характарыстыкі расейскай інтэграцыйнай палітыкі, дадзенай Інстытутам міжнародных эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Расейскай акадэміі навук: “Інтэграцыйную палітыку Расеі немагчыма патлумачыць чыста эканамічнымі прычынамі. Для Расеі інтэграцыя мае найперш геапалітычнае значэньне. Прарасейская арыентацыя Беларусі разрывае Балта-Чарнаморскі калідор, які ў адваротным выпадку можа адгарадзіць Расею ад асноўных магістраляў транспартаваньня нафты праз Латвію і Літву ў Балтыйскае мора і праз Украіну — у Чорнае. У выпадку ажыцьцяўленьня гэтага праекту заходнія постсавецкія рэспублікі ня толькі пазбавяцца ад расейскае энэргазалежнасьці, але і могуць стварыць Маскве рэальную канкурэнцыю ў пытаньнях рээкспарту расейскай нафты ў Эўропу.

Пасьля ж збудаваньня на тэрыторыі Беларусі газаправоду Ямал—Заходняя Эўропа, Балта-Чарнаморскі калідор распадзецца на два самастойныя напрамкі — паўночны і паўднёвы”. Словам, сёньняшняе пытаньне, ці ня варта пабудаваць яшчэ адну трубу да Бродаў, — пытаньне геапалітычнай будучыні Беларусі.

Алесь Кудрыцкі,
Сяргей Рак

 

Тэхнічныя характарыстыкі
нафтаправоднай сыстэмы “Адэса—Броды”:

Даўжыня 674 км

Дыямэтар трубы 1020 мм

Пачатковая прапускная здольнасьць 9—14,5 млн. тонаў/год

Прапускная здольнасьць
пасьля ўвядзеньня 2-й чаргі 45,0 млн. тонаў/год

Колькасьць галоўных помпавых станцыяў 1

Колькасьць галоўных помпавых станцыяў
пасьля ўвядзеньня 2-й чаргі 3

Дэдвэйт танкераў до 100 тыс. тонаў

Ёмістасьць рэзэрвуарнага парку 1-й чаргі 200 тыс. м3

Ёмістасьць рэзэрвуарнага парку
пасьля ўвядзеньня 2-й чаргі 600 тыс. м3

Прапускная здольнасьць, млн. тонаў/год

існуючая пэрспэктыўная

Баку—Супса 6 15

Баку—Новарасійск 15 15

Тэнгіз—Новарасійск 28 67

Разам 49 97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0