Барыс Тумар
Кіраўнік ураду Эўразьвязу Рамана Продзі ў інтэрвію італьянскай газэце “Стампа” ў аўторак сказаў, камэнтуючы пэрспэктывы далейшага пашырэньня адзінае Эўропы: “Балканам, якія б часы яны ні перажывалі, наканавана
ўступіць у эўрапейскую сям’ю; гэта рэгіён, пра які нам трэба клапаціцца.
Што тычыцца Расеі, Украіны, Малдовы, краінаў поўдня Міжземнамор’я, у тым ліку
Ізраілю, дык мы можам гаварыць пра інтэграцыю зь імі, але не пра стварэньне
супольных органаў кіраваньня”.
Вось так: Беларусь ня згадваецца. Пакуль беларускае кіраўніцтва абменьваецца візытамі з Багдадам, лідэры эўрапейскай палітыкі, здаецца, пагадзіліся на тое, каб лёс Беларусі вырашыла Расея. На мове дыпляматыі гэта гучыць так: “Беларусь можа інтэгравацца з Эўропай і іншым шляхам”. У хвіліны шчырасьці: “Калі Пуцін навяжа Беларусі рэфэрэндум, гэта будзе ваша асабістая праблема”.
Патрэбная палітычная воля, каб зьмяшаць гэтыя карты. Але нашаму самаму чэснаму ў сьвеце кіраўніцтву не да таго. Яно ўсё маракуе, як бы нагандляваць з Іракам яшчэ дзясятак мільёнаў. Брава! Бліскучы клопат пра нацыянальныя інтарэсы.