Грошы на палкаводца
У сярэдніх школах Крычаўшчыны ідзе збор сродкаў на ўсталяваньне ў Менску помніка савецкаму маршалу Георгію Жукаву. Ініцыятарам гэтай акцыі выступіла крычаўская рада вэтэранаў. Адміністрацыя навучальных установаў фактычна прымушае сваіх падначаленых здаваць грошы.
У садок — з бульбай
Бацькам дзяцей, што наведваюць крычаўскі дзіцячы садок №19, адміністрацыя ўстановы прапанавала прыносіць бульбу. Бо востра не хапае харчаваньня. Першапачатковы ўнёсак — 30 кг. Па-рознаму знаходзяць дзіцячыя садкі Крычаўшчыны выйсьце зь няпростага становішча, у якое яны трапілі з прычыны дэфіцыту раённага бюджэту. Напрыклад, выхавацелькі й няні садка №4 два тыдні адпрацавалі ў калгасе на бульбе і такім чынам назьбіралі неабходную для дзетак колькасьць гэтага прадукту.
Андрэй Кузьмін, Крычаў
Музэй між заводам
і горадам
У Барані (Аршаншчына) падзялілі экспанаты гарадзкога музэю. Той належаў калісьці былому вайсковаму радыёзаводу, што цяпер завецца фірмай “Лёс”, і паступова вырас да адлюстраваньня гісторыі ўсяго гораду. Рыхтавалася новая экспазыцыя ў гарадзкім Палацы культуры. Але ў пачатку году, дзеля “аздараўленьня” заняпалага гіганта радыётэхнічнай вытворчасьці, экспанаты былі зноў перавезеныя на завод. Адначасова мясцовая вэртыкаль пазбавілася ад дырэктара музэю Віктара Міхасёва, што быў кіраўніком штабу апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты на Аршаншчыне. У жніўні музэй, ужо без дырэктара, вярнулі гораду. Вось толькі назьбіраныя музэйныя фонды былі падзеленыя згодна з чыноўніцкім густам, і частка экспанатаў засталася на заводзе.
Міхал Чарвінскі, Віцебск
Biblijateki biez hazet
U baranavickija biblijateki ū kastryčniku nie prychodzić nivodnaja hazeta ci časopis. U biudžecie horadu niama na heta hrošaj. Ułady abiacajuć niešta zrabić, kab z nastupnaha miesiaca čytačy, a heta ū asnoūnym pensijanery j małazabiaśpiečanyja ludzi, zdoleli čytać presu ū čytalniach.
Padatak na mabilnik
Baranavickija ūłady ūvieś čas uvodziać novyja padatki, kab choć niejak padtrymać haradzki biudžet. Hetym razam jany vyrašyli zdymać 5% z mabilnaj suviazi. Takim čynam planujecca da kanca hodu dadatkova atrymać kala miljona rubloū. Baranavickija ž karystalniki pejdžeraū i mabilnikaū buduć płacić niedzie na tysiaču rubloū bolš.
Rusłan Raviaka, Baranavičy
Загінула школьніца
На чыгуначнай станцыі Косава-Палескае (вёска Няхачава), здарылася трагедыя. Па розных каляінах ішлі насустрач цягнікі — пасажырскі і грузавы. Адзін зь іх сьмяротна траўмаваў дзяўчыну, што пераходзіла рэйкі. Ахвярай стала вучаніца 10 клясы Зеленаборскай школы Вольга Паплаўская. Яна была адзіным дзіцём у сям’і.
Алесь Лаўранюк, Івацэвічы