Міхал Чарвінскі

У Вашынгтоне, сталіцы ЗША, 100 музэяў. І ўвесь час зьяўляюцца новыя, якія карыстаюцца шалёнай папулярнасьцю.

Адчынены сёлета ў раёне Соха музэй фатаздымкаў, зробленых

падчас трагедыі 11 верасьня, прымусіў нязвыклых да чэргаў амэрыканцаў па колькі

гадзінаў выстойваць у чарзе, каб паглядзець экспазыцыю “Дэмакратыя фатаздымкаў”.

На даўжыню кварталу расьцягваецца штодня й чарга да адчыненага ў ліпені Міжнароднага музэю шпіянажу, нягледзячы на рэкордны кошт білетаў — 11 даляраў! Гістарычная частка экспазыцыі прасочвае традыцыю выведкі ад прарока Майсея, які ў свой час накіроўваў віжоў у зямлю Ханаанскую. У тэхнічнай частцы можна пабачыць розныя хітрыя шпіёнскія прыстасаваньні “a-ля Джэймз Бонд” — ад пісталета ў выглядзе памады да фотаапарата ў гузіку. Найбольшае месца ў экспазыцыі займае ХХ ст., калі разгарнулася сапраўдная “шпіёнская вайна”. Прысьвечаны сучаснасьці аддзел паказвае пераход ад “халоднай вайны” да вайны супраць тэрарызму. Амэрыканскія прафэсіяналы ў гэтай галіне маюць свой музэй у Лэнглі, але ён, як і ў нас, мае ведамасны статус і зачынены для шырокай публікі.

Прыклад шпіёнскага музэю сьведчыць на карысьць стварэньня “жывых” экспазыцыяў, якія б будзілі цікавасьць да ведаў і сілкавалі творчасьць ды фантазію. Такім быў музэй Будзінаса ў Дудутках. Была спроба Алеся Каўбаскі стварыць музэй-запаведнік у Заслаўі. Гэткі і музэй-майстэрня народнага разьбяра Сямёна Шаўрова ў Воршы, дзе сёньня вучыць дзетак былы вучань майстра.

А ў Вашынгтоне да канца году зьявіцца яшчэ адзін незвычайны музэй, экспазыцыя якога будзе распавядаць пра часы “халоднай вайны”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0