Сяргей Радштэйн

Тэрор новай эпохі: студэнт вучыўся рабіць бомбы праз Інтэрнэт. Нематываваны тэрор скалануў Фінляндыю.
На месцы трагедыі
На месцы трагедыі
Нечаканае паведамленьне аб чарговым тэрарыстычным замаху прыйшло зь Фінляндыі. У пятніцу ў гандлёвым цэнтры “Мююрмані” ў перадмесьці фінскае сталіцы адбыўся выбух. 6 чалавек, у тым ліку сам тэрарыст, загінулі на месцы, сёмы сканаў у шпіталі. Больш за 80 асобаў, у тым ліку дзеці, былі параненыя, многія застануцца калекамі. Шкляны дах гіганцкага гандлёвага цэнтру (130 немалых крамаў) разьбіўся, людзі панічна ўцякалі з залітай крывёй пляцоўкі. Трагедыя адбылася а 19.35, калі ў цэнтры знаходзілася каля дзьвюх тысячаў пакупнікоў. Бомба выбухнула каля клоўнаў, што толькі скончылі прадстаўленьне. Сёлета ў бізнэсовым квартале Хельсынкі ўжо выбухала машына-бомба (мафіёзныя разборкі), але тады нікога не зачапіла.

Тэрарыста неўзабаве ідэнтыфікавалі. Гэта Пэтры Эркі Тапіё Герд, 19-гадовы студэнт-хімік, сын нябедных бацькоў, які жыў у перадмесьці Хельсінкі і ніколі ня меў праблемаў з паліцыяй. Ён дзейнічаў сам-адзін і прычыны ўчынку невядомыя дагэтуль. Хельсынскі бамбіст быў ціхмяным самотнікам, любіў граць у баскетбол. Месяц таму Герд паступіў у інстытут. Аднакурсьнікі кажуць, што ён ня браў удзелу ў інстытуцкім жыцьці, усё моўчкі сядзеў сабе ў аўдыторыі. Увесь вольны час бавіў за кампутарам, лазячы па сайтах і форумах для тых, хто цікавіцца хіміяй і самапальнымі выбухамі.

Асабліва ён праславіўся на фінскім “Форуме хатняй хіміі”, дзе яго добра ведалі пад псэўданімам RC. Гаспадар чату распавядае, што RC быў адмыслоўцам у справе рабленьня выбуховак — нават іншых наведнікаў чату кансультаваў. Таму карыстальнікі “Форуму” ў нядзелю пасьля выбуху лёгка здагадаліся, што RC і бамбіст — адзін чалавек, пагатоў, што ён спыніў наведваць чату з моманту тэракту. Гэта быў сьлед, па якім ішлі дэтэктывы. Падазрэньні паліцыі пацьвердзіла памяць Гердавага кампутара і разнастайныя матэрыялы, знойдзеныя ў ягоным доме.

Паліцыянты кажуць, што бомба была незвычайнай канструкцыі і яны яшчэ не аднавілі яе схемы. Адзінае, што вядома: яна была зробленая з разьлікам на як мага большую шкоду, утрымлівала 1,8 кг выбухоўкі і шрот.

Паліцыянты спрабуюць дашукацца прычынаў нялюдзкага ўчынку. Яны дасьледуюць зьмест чатаў, дзе ёсьць выказваньні RC. Ён пісаў пра свае “мары”, кшталту выбуху паліцэйскай машыны, заклікаў іншых дзяліцца гэткімі крозамі. Але канкрэтных матываў пакуль ня выяўлена.

Яшчэ пытаньне — быў ён тэрарыстам-самазабойцам ці бомба выбухнула выпадкова і Герд загінуў па неасьцярожнасьці? Цела было цяжка ідэнтыфікаваць. Зрэшты, у суботу, пасьля абеду, прадстаўнік фінскае паліцыі паведаміў ТБ рысапіс хлопца: рост 178 см, хударлявы, кароткія рудыя валасы. Звычайны фінскі дзяцюк, без асаблівых адзнакаў...

Нямецкі часопіс “Foсus” нядаўна распавёў, што ўсе спробы вылучыць асаблівасьці тыповага тэрарыста праваліліся. Тэрарыст — гэта звычайны чалавек. Пазнаць тэрарыста па твары немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0