Кастусь Травень, Ворша
Тэма, узьнятая сп.Пятром Ламанам у артыкуле “Кампот з хрэнам” (“НН” ад 18 кастрычніка), вельмі актуальная.
Сапраўды, актор нацыянальнага тэатру, які дасканала не валодае беларускай мовай, — прафэсійна непрыдатны. Таму мы і ня бачым нашых актораў у кінэматографе, на тэлебачаньні.
Нас, сталых грамадзян, ужо не цікавіць чужое. За сваё доўгае жыцьцё мы стаміліся ад чужога. Мы хочам гаварыць пра сваё, карыстацца сваім, перажываць за сваіх, любіць сваё, берагчы сваё, жыць сваім. Мы ўжо зразумелі, што чужое жыцьцё недасяжнае, колькі ні працягвай рукі і ні глядзі галоднымі вачыма. Што ёсьць у нас сваё шчасьце, для нас яно адзінае, Богам дадзенае.
Мова патрэбна – каб у бурлівым жыцьцёвым моры свой пазнаў свайго. Вось вам і ўся Нацыянальная Ідэя – любіць Сваё. Падтрымліваць Сваіх. Карыстацца Сваім. Берагчы Сваё. Жыць Сваім. Змагацца за Сваё.
Улада, расейскамоўная беларуская інтэлігенцыя, акторы Віцебскага нацыянальнага тэатру – усе яны цураюцца мовы і тым самым наўмысна перашкаджаюць нам любіць сябе. І ўзамен любові да сябе нараджаецца варожасьць да чужога.