01.11.2002 / 13:00

Як гэта было: Штурм "Норд-Осту"

***

Падзеі вакол захопу чачэнскімі баевікамі амаль тысячы закладнікаў у Маскве застаюцца ў цэнтры ўвагі сьвету. Расейскія СМІ дагэтуль не раскрылі ўсіх дэталяў.

Дом сьмерці

Чачэнскія баевікі трымалі закладнікаў у глядзельнай залі - у партэры і на бальконе. Закладнікі адносна свабодна перасаджваліся ўнутры залі, хоць мужчыны былі спачатку аддзеленыя ад жанчынаў, пазьней у асобную групу часткова былі вылучаныя замежнікі.

Фота А.Кляшчука
Фота А.Кляшчука
Як сьведчаць беларусы-закладнікі Савіцкія ў інтэрвію "Комсомольской правде", чачэнцы не хацелі далучаць беларусаў да замежнікаў. Бараеў перадумаў, толькі калі пабачыў пашпарт з "Пагоняй". За закладнікамі прыглядала група баевікоў, мужчын і жанчын. У цэнтры залі, каля сьценаў, на сцэне былі разьмешчаныя зарады трацілу. Выбуховыя прыстасаваньні мелі й жанчыны-сьмяротніцы, якія занялі пазыцыі па ўсёй залі. Дзьверы ў сумежныя пакоі былі замінаваныя.

Паводле інфармацыі "НН", М.Бараеў меў сярод чачэнцаў імідж "недалёкага чалавека", няздольнага на самастойныя рашэньні. "Чачэнцы падрыхтаваныя горш за байцоў "Альфы", - казаў у інтэрвію "Известиям" напярэдадні штурму былы камандзір гэтага спэцпадразьдзяленьня Віктар Карпухін. - Калі рашыцца і дзейнічаць сьмела, посьпех будзе на нашым баку, мы іх пераб'ём".

Чачэнцы не былі падобныя да прафэсіяналаў: яны дрэнна арганізавалі абарону будынку, не кантралявалі падземных камунікацый, першага паверху і даху, былі слаба падрыхтаваныя ў сапёрнай справе. Пра гэта Сяргей Гаварухін распавёў 25 кастрычніка ў вечаровым этэры НТВ за некалькі гадзінаў да штурму.

На роўных з расейскім войскам ваявала старэйшае пакаленьне чачэнцаў, якое прайшло праз школу савецкага войска. Яно фактычна перамагло ў вайне 1994-1996 гг., але на сёньняшні час амаль усё пагінула. Бараеўцы - дзеці вайны. І дзейнічаюць яны, як дзеці вайны.

Псыхалягічная падрыхтоўка

Першая інфармацыя пра прызначаны на 3-ю гадзіну раніцы 26 кастрычніка штурм "Норд-Осту" зьявілася ўвечары 25-га. Gazeta.ru паведамляе, што спэцслужбы "зьлілі" гэтую дэзінфармацыю журналістам, сярод якіх круціліся сувязныя чачэнцаў, каб баевікі пасьля 3-й расслабіліся. Усе расейскія тэлеканалы перадалі зьвесткі, што баевікі зьбіраюцца а 6-й раніцы расстраляць двух закладнікаў.

Аднак сьведчаньні былых закладнікаў абвяргаюць інфармацыю пра заплянаваны расстрэл. Наадварот, увечары 25-га чачэнцы абвесьцілі пра "добрыя навіны". У інтэрвію газэце "Московский комсомолец" актор "Норд-Осту" Марат Абдарахімаў пераказаў словы баевікоў: "Заўтра а 10-й прыходзіць Казанцаў. Усё будзе нармальна. Яны пайшлі на пагадненьне. Паводзьце сябе спакойна. Мы не зьвяры. Мы вас не заб'ём, калі вы будзеце сядзець ціхамірна". Пасьля гэтага закладнікі супакоіліся, у іх узьняўся настрой, кажа Абдарахімаў.

Сапраўды, увечары 25-га НТВ перадае гутарку ўпаўнаважанага прэзыдэнта Расеі ў Паўднёвай фэдэральнай акрузе генэрала Віктара Казанцава з намесьнікам Бараева, у якой першы абяцаў заўтра ранкам быць у Маскве й паведаміў, што ён прызначаны ўпаўнаважаным прадстаўніком прэзыдэнта.

Здалі нэрвы

Тым часам каля "Норд-Осту" адбываюцца зьмены. Каля 0.40 да палацу культуры пачала падцягвацца бранятэхніка. Праз паўгадзіны журналістаў адсоўваюць далей ад будынку. Да апэратыўнага штабу апэрацыі пад моцнай аховай пад'яжджаюць аўтамабілі з урадавымі нумарамі.

"На пачатку другой гадзіны ночы ў залі адбылася "спроба бунту", - пішуць"Известия". Закладнік Павал Захараў паспрабаваў ударыць чачэнку бутэлькай і кінуўся па сьпінках крэслаў да выхаду. Вось расказ відавочцы, 28-гадовага жыхара Латвіі Аляксандра Зэльцэрмана (Gazeta.ru): "Ён таргануўся, пабег на тэрарыстку, хацеў яе стукнуць. Адзін з тэрарыстаў, які стаяў на сцэне, стрэліў, але патрапіў не ў яго, а ў дваіх, што сядзелі побач, адной куляй. Жанчыну ён параніў наскрозь і трапіў у вока чалавеку, які сядзеў у наступным шэрагу. Пасьля гэтага яны сказалі, што таго мужчыну заб'юць згодна з законам шарыяту, бо ён падставіў жанчыну". Мужчыну вывелі, і ягоны далейшы лёс быў закладнікам невядомы.

Чачэнцы не адразу (была занятая тэлефонная лінія), але зьвязваюцца з апэратыўным штабам і паведамляюць пра параненых, прапануючы іх забраць, піша Gazeta.ru. А 2-й ночы мэдыкі вынесьлі параненых з будынку.

Між тым, расейскія СМІ спачатку апраўдвалі штурм тым, што чачэнцы наладзілі расстрэл закладнікаў. "У бандытаў здалі нэрвы... і яны пачалі расстрэльваць закладнікаў. Калі яны сталі страляць у залю з падствольных гранатамётаў, апэратыўны штаб даў каманду на штурм", - пішуць "Известия" 29 кастрычніка. "Бліжэй да раніцы тэрарысты, даводзячы, што жартаваць не зьбіраюцца, расстралялі двух закладнікаў. Перад астатнімі. Жорстка. Цынічна. Страшна", - паведаміла ў той самы дзень "КП". У тым нумары было дадзенае слова былому закладніку, прадусару "Норд-Осту" Георгію Васільеву: "Я чуў, што штурм пачалі, таму што нібыта сталі расстрэльваць закладнікаў. Гэта афіцыйны пункт гледжаньня ўладаў. Хачу сказаць, што ніякіх расстрэлаў не было - адныя пагрозы".

"Уцечка"

А 4.30 каля будынку і ў ім самім знаходзяцца блізу 200 байцоў спэцпадразьдзяленьняў, незаўважных для чачэнцаў. У гэты час праз выключаную баевікамі сыстэму вэнтыляцыі ў залю пачынае паступаць газ. Былая закладніца Людміла Фядзянцава згадвае на старонках "КП": "Калі пайшоў газ, Бараеў закрычаў: "Уключыць кандыцыянэр!". Аляксандар Зэльцэрман - здаецца, адзіны, хто ад газу ня страціў прытомнасьці - згадвае, што паху газ ня меў, адно жаўтлявы колер: "Газ пайшоў зь нішы ў раён сцэны і ўніз. Хтосьці крыкнуў: "Газ!". Баевікі нешта западозрылі, заторгаліся і адразу пачалі крычаць Васільеву (прадусару мюзыклу, таксама закладніку), каб ён уключыў кандыцыянэр. Васільеў сказаў, што нібыта ўсё уключана, і тады баевікі паадчынялі дзьверы, каб праветрыць залю. Адначасова ўсе мужчыны-тэрарысты выбеглі ў калідор. У залі засталіся толькі жанчыны. У вэстыбюлі пачуліся стрэлы - яны адкрылі хаатычную страляніну па вуліцы. Так, менавіта, страляніну па вуліцы. Там канкрэтная была страляніна, і выбух быў. Хто яшчэ не заснуў - залёг у праходах паміж крэсламі".

Гэтыя сьведчаньні разыходзяцца з афіцыйнай вэрсіяй, што ў баевікоў не было і сэкунды, каб узарваць свае выбуховыя прыстасаваньні. Былы закладнік Георгі Васільеў мае сваё тлумачэньне: "Як з чачэнкамі пагаворыш па-чалавечы, яны адыходзяць, плачуць разам з нашымі жанчынамі. І можа ў тым, што зарады не выбухнулі, ёсьць часьцінка і нашай работы".

Баявая фаза

Штурм пачаўся празь некалькі хвілін, калі ў выніку ўзьдзеяньня газу людзі паснулі. Байцы "Альфы" і "Вымпэлу", верагодна, уварваліся ў палац зь некалькіх кірункаў: праз узарваную сьцяну за сцэнай, з падвальных памяшканьняў і з фае. Жанчыны-камікадзэ былі расстраляныя ў патыліцу і скроню. Расейскія СМІ адзначалі прафэсіяналізм байцоў "Альфы" і "Вымпэлу", якія не паранілі ніводнага закладніка і не далі гэта зрабіць чачэнцам. Не далі яны скарыстаць і выбуховыя прыстасаваньні. Адначасова іншыя групы пакончылі з тэрарыстамі, якія займалі пазыцыі звонку залі. Большая частка зь іх, напэўна, таксама на гэты момант ужо страціла прытомнасьць.

"Известия" паведамляюць, што баявая фаза вызваленьня закладнікаў цягнулася хвілін 15. У 5.15 з будынку вынесьлі першых закладнікаў. У гэты час адзін з баевікоў, якога газ ня ўзяў, яшчэ працягваў страляць, засеўшы ў бакавым калідоры, пішуць "Известия".

"Московский комсомолец" піша, што газ у будынак быў пушчаны за паўгадзіны да пачатку штурму. За перамяшчэньнем людзей у палацы спэцслужбы сачылі з дапамогай цеплавізараў, усе тэлефонныя размовы праслухоўваліся. Gazeta.ru паведамляе толькі пра двух параненых чачэнскіх баевікоў, якія былі ўзятыя ў палон. Забілі ўсіх "таму, што яны дасталі", - так тлумачыць гэта ў інтэрвію "КП" снайпэр-спэцназавец. Журналіст газэты дадае, нібыта такі быў загад камандаваньня.

Дагэтуль няма адзінага меркаваньня і што да колькасьці чачэнскіх тэрарыстаў. 29 кастрычніка маскоўская пракуратура афіцыйна абвесьціла, што ў моргі паступіла 41 цела забітых баевікоў, пішуць "Известия". Паводле зьвестак "МК", у Маскву прыбыло 80 тэрарыстаў, якія рыхтаваліся да акцыі цягам двух месяцаў, пранесьлі ў будынак і схавалі каля 2 тонаў тратылу. Цяпер спэцслужбы шукаюць тых, хто застаўся на волі. Здараюцца і недарэчнасьці. Так, адзін з арыштаваных пасьля штурму "Норд-Осту" "сувязных тэрарыстаў" выявіўся азэрбай-джанскім журналістам. Супрацоўнікі ФСБ схапілі яго каля здымачнай групы НТВ. Пра гэтую "памылку" згадала праграма НТВ "Надоечы".

Можна меркаваць, што бараеўцы не ўзарвалі сваёй выбухоўкі, бо спадзяваліся адбіць першы штурм, як гэта некалі зрабіў Басаеў у Будзёнаўску. Яны пераацанілі свае сілы. Спа-дзяваліся ўрэшце выйсьці з ДК жывымі і адпусьціць жывымі закладнікаў - па-басаеўску.

Бараева падвяла несамастойнасьць мысьленьня. Ён сьлепа капіяваў дзеяньні Басаева. Да Басаева падсылалі жанчынаў-агентак, і Бараеў расстраляў п'яную дзяўчыну, што ўлезла ў ДК у першы вечар. Між тым, мабільную сувязь ён так і ня ўзяў пад кантроль, і закладнікі, сярод якіх выпадкова апынуліся нават супрацоўнікі ФСБ (пра гэта падрабязна піша ў апошніх нумарох "КП"), да апошніх хвілінаў перамаўляліся з вонкавым сьветам. Спэцслужбам пра баевікоў было вядома ўсё: на якіх месцах яны сядзяць, чым узброеныя і што гавораць. Тэрарыстаў перамагла мабільная сувязь.

Ахвяры

Закладнікаў, большасьць зь якіх былі ў непрытомнасьці, грузілі ў машыны й аўтобусы. Gazeta.ru паведамляе, што менавіта на гэтым этапе й адбыліся асноўныя страты. "МК" піша, што шмат хто захлынуўся рвотай, калі атручаных, насуперак правілам, транспартавалі на сьпіне, а не на баку... На думку экспэртаў, каб машынаў "Хуткай дапамогі" было болей, уратавалі б болей жыцьцяў.

На панядзелак, 28 кастрычніка, у сьпісах ахвяраў лічыліся 117 чалавек, сярод іх 63 мужчыны і 54 жанчыны. Толькі адзін чалавек загінуў ад кулі, астатнія - ад газу. Пра гэта заявіў старшыня камітэту аховы здароўя Масквы Андрэй Сяльцоўскі, паведамляе ИТАР-ТАСС. Па зьвестках жа маскоўскай пракуратуры, ад куляў загінулі чатыры чалавекі. Аднак ёсьць зьвесткі і пра значна большую колькасьць ахвяраў. "Советская Россия" піша, што іх можа быць каля 200 чалавек.

А.Т.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру