***

  Фота Barcnews
Фота Barcnews
Напярэдадні Дзядоў карэспандэнты “НН” наведалі на менскіх могілках пахаваньні беларускіх дзеячоў, якія памерлі за мінулае дзесяцігодзьдзе. Пабывалі яны і на старых сьляпянскіх могілках.

Магілы львоў

"У нас нічога няма, апроч магілаў", - казаў Караткевіч вуснамі Алеся Загорскага. Абуджэньне Беларусі ў канцы 80-х пачалося з "Мартыралёгу" і Дзядоў - мёртвыя далі штуршок жывым. Дзень шанаваньня памерлых, Дзяды, перарос сямейнае, хатняе сьвята - у часе якога пакідаюць на стале посуд і ежу, - набыў грамадзкую значнасьць. Ці ня тоіць гэта ў сабе небясьпеку пэўнага нівэляваньня? Гучныя словы часта выяўляюцца пустымі, а патрыятычны патас - не гарантыя ад палітычных спэкуляцыяў. Ці мы шануем Дзядоў насамрэч? Карэспандэнты "НН" наведалі пахаваньні беларускіх дзеячоў, што памерлі за мінулае дзесяцігодзьдзе, і старыя сьляпянскія могілкі.

Ці завітаў туды хто, акрамя сваякоў, пасьля гучнае паніхіды? Дагляд за гэтымі магіламі не нясе ў сабе ніякага палітычнага падтэксту. Гэта наш тэст на "даросласьць", праверка, ці гатовыя мы ўсур'ёз вызнаваць намі ж абвешчаныя прынцыпы.

Гістарычныя Дзяды 1988 г. пачыналіся не з Курапатаў, а з Усходніх могілак. Тут знайшла вечны спачын савецкая эліта: Машэраў, Прытыцкі, Сурганаў, Корж... Велічэзныя бронзавыя пастамэнты, абсаджаныя хвойкамі пляцоўкі.

Пахаваныя на Маскоўскіх могілках і тыя, каго цяжка залічыць да "партыйна-камуністычнай" абоймы. Недалёка ад уваходу - акуратная магіла Міхася Ткачова, гісторыка, аднаго з заснавальнікаў БНФ. Сёлета яму споўнілася б усяго 60 гадоў. Кветкі, сьціплая бел-чырвона-белая стужка аздабляюць помнік. Ці не апошняя прыжыцьцёвая справа Міхася Ткачова - распачаты ў выдавецтве "Беларуская энцыкляпэдыя" праект "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі". Выходзілі першыя тамы ўжо не пры ім - пры Барысу Сачанку, магіла якога якраз непадалёк.

Пісьменьнік Барыс Сачанка набыў шырокую вядомасьць на мяжы 80-90-х. Ягоныя артыкулы адкрывалі беларускаму чытачу дагэтуль забароненую эмігранцкую літаратуру. Дзякуючы Б.Сачанку на пачатку 90-х выйшаў найбольш поўны зборнік вершаў Ларысы Геніюш "Белыя сны". Пасьля раптоўнай сьмерці М.Ткачова менавіта Б.Сачанка пераняў ад яго эстафэту ў "БелЭн". Выдавецтва пры Ткачову і Сачанку ператварылася ў нацыянальнае і асучасьнілася. Аднак сёньня імя Сачанкі згадваецца скрайне рэдка. Дый ягоная магіла выглядае забытай і занядбанай: апалае лісьце засыпала яе - амаль ня ўгледзіш. Колькі гадоў мінула пасьля сьмерці, а тут дагэтуль няма помніка.

Больш ахайна выглядае магіла Генадзя Карпенкі, які памёр пазьней за Б.Сачанку. На надмагільлі чалавека, чыімі стараньнямі паўстаў помнік слуцкім паўстанцам, - надпіс па-расейску. Сваякам не загадаеш. Помнік Г.Карпенку не губляецца паміж іншых, бо стаіць на ўзьмежку сэктару, каля самае сьцежкі.

Непадалёк ад уваходу на цьвінтар прытулілася магіла адраджэнца Уніі сьвятара Яна Матусевіча. Аднак знайсьці яе досыць цяжка - губляецца ў шчыльным суседзтве іншых. На дапамогу нечакана прыходзіць міліцыянт, што дзяжурыць на могілках. "Магіла ксяндза Матусевіча вунь там", - паказаў ён. Мабыць, някепска даглядаюць і часта прыходзяць да яе людзі, калі нават міліцыя ведае.

Яшчэ з тыдзень таму тут стаялі два крыжы - па самім айцу Матусевічу і па ягонай маці Настасьсі Гілятаўне. Аднак літаральна днямі было зробленае бэтоннае надмагільле. Пахаваньне і раней было ахайным і дагледжаным, але такі клопат відавочна прыдаўся дарэчы: цяпер магілы не асунуцца, не зраўнуюцца зь зямлёй.

Аркадзь Шанскі

Вялікая Сьляпня

  Фота А.Кляшчука
Фота А.Кляшчука
З экранаў тэлебачаньня, з радыёпрыймачоў, з рэклямных плякатаў нясецца заклік: "Пабудуем бібліятэку разам!". На вуліцах школьнікі пад наглядам настаўнікаў урачыста зьбіраюць грошы ў мінакоў, якія аднойчы ўжо ахвяравалі на гэтую справу свой дзённы заробак. Што бібліятэка будуецца, ведаюць амаль усе, а вось дзе менавіта яна будуецца і як - мала хто бачыў.

Зачыстка

4-ы Сьляпнянскі завулак, на месцы якога мусіць быць узьведзеная новая Нацыяналка, цяпер выглядае жахліва. Ягонае разбурэньне пачалося яшчэ ў жніўні: пасярод аднаго з гародаў, зламаўшы плот, нейкая вялізная машына пакінула сьляды колаў. Потым жыхары дому, што бліжэй да праспэкту Скарыны, разабралі й кудысь вывезьлі сваё жытло, яшчэ колькі дамоў апусьцелі, але большасьць насельнікаў не хацелі пакідаць абжытае месца. Яны зьвярталіся ў гарвыканкам, выступалі на радыё "Свабода", толькі зьмяніць штосьці было ўжо немагчыма. Пры канцы верасьня зьявіўся экскаватар і дамы, якія не пасьпелі разабраць самі жыхары, пачалі руйнавацца работнікамі. Бліжэй да ночы хадзіць завулкам было вусьцішна: проста на вуліцу пустымі ваканіцамі глядзеў дом, у якім яшчэ нядаўна гарэла сьвятло, жылі людзі. Але й ён палохаў мінакоў нядоўга: цяпер там толькі здратаваная коламі ды гусеніцамі зямля.

Вечарамі на адваяваных у вёскі лапіках гараць вогнішчы, побач адпачываюць магутныя машыны, а бліжэй да дарогі ўзвышаецца забытая руйнавальнікамі прыбіральня. Нешта падобнае мы назіралі ўвесну на 1-м Беларускім завулку, дзе цяпер ідзе будоўля, а зусім побач, на вуліцы Беларускай (былой Верхне-Ляхаўскай), улетку быў зьнесены драўляны дом пачатку ХХ ст., які пэўны час лічыўся нават помнікам архітэктуры, а цяпер пачаў замінаць новаму гмаху.

Сярод дамоў 4-га Сьляпнянскага завулку помнікаў архітэктуры няма. Але нельга сказаць, што гэты квартал ня мае ніякай каштоўнасьці. Ён - тое нямногае, што засталося ад буйной некалі вёскі Вялікая Сьляпня, што ўвайшла ў межы гораду яшчэ ў 1959 г.

Вялікая Сьляпня - паселішча старажытнае. Аб гэтым сьведчыць ужо сама назва, што паходзіць не ад назвы інсэкты і не ад прыметніка "сьляпы", як доўгі час лічылася, а ад балцкай асновы з сэнсавым значэньнем "ручай, вадасьцёк". У гістарычных дакумэнтах назва сустракаецца з XVI ст. Шпацыруючы па 2-м і 4-м Сьляпнянскіх завулках, мы заўважалі, што дамы, нават ня дужа старыя, удала спалучаюцца, нават зьліваюцца з навакольным краявідам - такое магчыма толькі на добра абжытых месцах, дзе чалавек пасяліўся ня менш за сотню гадоў таму.

Абсэрваторыя і могілкі

Вялікай Сьляпні "шанцуе" на ўсенародныя будаўніцтвы. Яшчэ ў 1930-я ледзьве не на вясковых могілках рэкорднымі тэмпамі была ўзьведзеная абсэрваторыя. Могілкі гэтыя захаваліся й цяпер. Але іхны стан незайздросны. Надмагільлі павыварочваныя, скляпы зруйнаваныя (засталіся толькі падмуркі), усё спрэс зарасло густой крапівой, у якой п'юць і гнюсяць падазроныя брудныя асобы.

Між тым, некаторыя надпісы на камянях можна яшчэ прачытаць. Магілы датуюцца канцом XIX - 30-мі гадамі ХХ ст. Калі будавалася абсэрваторыя, тут яшчэ хавалі. Нават простая павага да памерлых патрабуе надаць могілкам прыстойны выгляд. Вось імёны, якія мы здолелі прачытаць на тамтэйшых помніках. Мо хтось з чытачоў раптам знойдзе ў гэтым сьпісе свайго прадзеда ці прабабу ды прыйдзе на Дзяды ў Сьляпню - давесьці магілку да ладу: Ганна Бацяноўская, дачка Аляксея (1891-1911); Іван Вярбіцкi, сын Міхаіла (1839-1899); Іван (1844-1896) і Аўдоцьця (1853-1914) Краўчанкі; Раман Кучмель (1850-1897); Марыя Маркоўская, дачка Васіля (1839-1899); Ігнат Маркоўскі, сын Францішка (1836-1906); Лявон Сацук, сын Мацея (1812-1898); Тамаш (1827-1910) і Кацярына (1814-1911) Сьлесаронкі; Марыя Хмялеўская (1866-1894); Сямён, сын Яфрэма (1851-1926), і Праскоўя (1855-1925) Шманаі; Вінцэнт Юронак, сын Хведара (1821-1901).

На сьляпнянскім цьвінтары яшчэ шмат надмагільляў, якія трэба адкопваць ці падымаць, каб прачытаць, хто пад імі пахаваны.

Размовы пра неабходнасьць захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны Менску вядуцца даўно, але яны тычацца гістарычнага цэнтру, тады як пра вёскі, якія праглынуў мэгаполіс, ніхто й ня згадвае. Яны зьнікаюць пад частаколам тыповых гмахаў, не пакідаючы па сабе сьлядоў, а часам нават і назваў. Магчыма, у гэтым заканамерным працэсе нічога страшнага няма? А можа, мы проста не адчуваем яшчэ, якія істотныя рэчы страцілі? Чалавек, які вырас і жыве сярод аднолькавых бэтонных прастакутнікаў, губляе сувязь з прыродай, адчуваньне еднасьці з тымі, хто жыў тут да іх. А калі мы застанёмся бяз гэтага, нам не дапамогуць ніякія бібліятэкі.

Віктар Жыбуль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0